— Добры дзень, Канстанцін Іванавіч, — як з небыцця пачуўся тонкі голас Кароўскай. — Вам тэлеграма зноў прыйшла, напэўна, з Данецка. — Кароўская адчула, што чырванее. Чаму, яна і сама не ведала. Можа, таму, што яе ніхто ў вёсцы, акрамя Філіпоўскага, не называў па імі і па бацьку.
— Божа мой, Ганна Максімаўна, выбачайце, што я ў такім выглядзе да вас выйшаў... А вы ў такую гразь...
— Дык жа тэлеграма, Канстанцін Іванавіч. Тэрміновая...
— Пачакала б да заўтра, — мякка сказаў Філіпоўскі. — Дарэчы, з днём нараджэння вас, Ганна Максімаўна. Даруйце, што падарунка не прызапасіў, — прабачальна сказаў Філіпоўскі.
— Дзякуй, Канстанцін Іванавіч, — радасна вымавіла Кароўская і запунсавела яшчэ мацней. — А адкуль вы ведаеце, што ў мяне сёння дзень нараджэння? — зацікаўлена спыталася.
Філіпоўскі ўжо набраў поўныя лёгкія паветра, каб расказаць, як раптам увесь падцягнуўся:
— Але, але, Ганна Максімаўна, тэлеграма. Дзякуй, — распісваючыся на адарваным ад тэлеграмы карашку, ён раптам прамармытаў: — Атрыманая ў 15.34. Значыць, па інструкцыі сюды яе павінны былі даставіць не ў 18.27, а ў 16.04. — Ён узняў на Кароўскую здзіўленыя вочы...
— Я не магла раней, работы было многа, Канстанцін Іванавіч, — апраўдваючыся, пралепятала Кароўская.
— Так, так, — няўважліва вымавіў ён, чытаючы тэлеграму.
— Да пабачэння, — пакрыўджана сказала Кароўская, утаропіўшыся ў яго дзіўны, незразумелы твар, які расплываўся, бы чарнільная пляма ад аўтаручкі. Сказала і, рэзка павярнуўшыся, пайшла праз брамку турбазы.
«Адзін павіншаваў з днём нараджэння, дый той не па-чалавечы. Бюракрат чортавы! Параграф растлусцелы», — ужо ідучы назад, думала Ганна. Крыўда душыла яе ўсё мацней і мацней. А на турбазе ўсё яшчэ драла горла нейкая рок-спявачка, голас якой заглушаў час ад часу ўдарнік.
5. Філіпоўскі
І колькі яны будуць дэпешы слаць? Кароўская нешта не тое заўважыла. Так на мяне падазрона глядзела, што страшна стала — не распазнала б у мне назіральніка. А нашы не разумеюць. Ім добра дома. Сачыць ды камандаваць, кіраваць. Выдумаюць чарговае бязглуздае заданне, паспрабуй не выканай. А тое, што тут, на Зямлі, цяжка, — і верыць не хочуць. І цела гэтае чалавечае трэба абавязкова трымаць у спраўным стане. Не дай божа расслабіцца хоць на хвіліну — умомант расплывешся. Дый соўгацца перад усімі... Круціцца, выдыгаць, на пальчыках хадзіць... Я са скуры вылузваюся. Каб усё было па-чалавечы. Але чалавекі — яны і ёсць чалавекі. Як таго яны сваімі дакументамі, указамі, загадамі, распараджэннямі патрабуюць.
Апошнюю тэлеграму з Цэнтра ніяк не зразумею. Чаго гэта шэфы ад мяне хочуць? Справаздачы па зробленай рабоце дасылаю ў пару. Стараюся з усіх сіл. А ўсё паварочваецца не на маю карысць. Напэўна, трэба прасіць дазволу згарнуць тут пачатую справу. Ну і што, калі не зацвердзяць камандзіроўку? Па самыя зямныя вушы сыты ўсім. Кіслароднае галаданне мне на карысць не ідзе. Пастарэў во як. Жонка не пазнае. Толькі мквацракі — лясныя агурочкі — дапамагаюць трымацца. За гэты гародзік у лесе вымову ўжо атрымаў. Паведаміў, нібы ўсё знішчыў. Але ж ці мог я так зрабіць? Растуць жа як! Цуд! Паспрабуй у нас іх вырасціць — намарнуешся. А тут кінуў зернейка ў ямку, зямлёй прысыпаў — самі лезуць. Ды яшчэ якія. Можа, сонца ім падышло лепш ці зямля... Дый ворагаў у іх няма. Зярняты стэрыльныя прывёз... Не, з агародзікам усё роўна трэба будзе развітацца. Можа адбыцца непрадбачанае. А раптам людзі навучацца мквацракі вырошчваць? Што будзе, калі двайнікі на Зямлі пойдуць? Куды іх падзець? Адзін, два — і тое праблема. Зразумела, хутка вырашальная. А калі двайнікоў будзе сотня ці болей? Які жах! Гэта хаос!
Я сутаргава набраў чалавечыя лёгкія паветра і ўздыхнуў. Усё роўна мозг затуманены недахопам кіслароду. Трэба ісці пісаць адказ. Буду прасіцца дадому. Няхай шлюць сюды, на назіральны, кандыдата маладзейшага, больш кемлівага.Божа, як я засумаваў па сваёй роднай лагуне. Няхай і другараднай, але такой жаданай.
6. Салдаценкаў
Завал. Заблудзіўся ў дзвюх соснах. Ну і Колька! Нягледзячы на тое, што рэпрадуктар на турбазе мне абрыдаў, як горкая рэдзька, мне хацелася пачуць хоць бы яго камарыны піск, каб зарыентавацца на мясцовасці. Ды дзе там! Відаць, я зайшоў ад турбазы занадта далёка. Вярнуцца ж на сцежку, якая вяла да агародзіка, я не асмельваўся. Але куды ж ісці? Я зірнуў на гадзіннік. Палова сёмай. Як бы вярнуцца на турбазу да цемнаты? Я разгубіўся. Вакол быў лес. Дапякалі камары. Ужо не менш за гадзіну накрапваў непрыемна халодны, амаль, асенні дождж. Нечакана ён прыпусціў. Яго толькі не ставала! Умомант змокшы, я схаваўся пад вялізнай яловай лапай. Зноў зірнуў на гадзіннік. Прайшло яшчэ дзесяць хвілін. У мяне ж не выспела і намёку на выратаванне. Я ўзненавідзеў сябе за бездапаможнасць. Цела дрыжала. Ці то ад стомы, ці то ад холаду. Я разумеў, што трэба ісці далей, бо пад елкай было нязвыкла цёмна і непрыемна пахла перапрэлай хвояй.