(Археалагічныя адкрыцці 1986 г. стар. 221)
Справаздача была зразумелая. Капалі — гэта значыць будуць капаць — на пагорку. Ганна склала лісткі на стол. Ёй захацелася зноў падняцца на пагорак. У сенцах быў адзін Жуль.
— Хочаце паглядзець на машыну часу? — спытаўся ён.
— Вы на ёй прыехалі?
— Не, устаноўка патрэбна толькі на ўводзе. Яна б тут не змясцілася.
Жуль правёў Ганну ў халодны пакой. Побач з ложкам стаяла металічная скрынка. Над ёю вісеў чорны шар. Яшчэ там былі два пульты. Адзін з іх стаяў на крэсле, другі — на ложку. У кутку — тонкая высокая рама.
— І гэта ўсё? — спыталася Ганна.
— Амаль што. — Жуль быў задаволены эфектам. — Вам хочацца, каб устаноўка была на што-небудзь падобная? Людзі не вынаходлівыя. Ва ўсіх дэманах і ведзьмах угадваецца той самы чалавек. А вось кенгуру эўрапейская фантазія прыдумаць не змагла.
— А спаць вы тут будзеце? — спыталася Ганна.
— А як жа, — адказаў нявінна Жуль. — Каб вы толькі не забраліся сюды ноччу ды не адправіліся ў мінулае або будучыню. А то шукай вас потым у татарскім гарэме.
— Прыйдзецца шукаць, — сказала Ганна. — Горш будзе, калі я заб'ю свайго прадзеда.
— Банальны парадокс, — сказаў Жуль, — віткі часу такія вялікія, што эфект нівеліруецца.
— А дзе Кін?
— На пагорку.
— І не баіцца дзеда?
— Больш яны не сустрэнуцца.
— Я таксама пайду пагляджу. Заадно спытаюся пра сёе-тое.
Ганна ішла па сцежцы, імкнучыся зразумець, дзе стаяла крапасная сцяна. Вяршыня пагорка амаль пляскатая, да лесу і ручая ідуць пакатыя схілы, толькі над ракою бераг абрываецца крута. Значыць, сцяна пройдзе па абрыве па-над ракою, а потым прыкладна на той жа вышыні вакол пагорка.
Яшчэ ўчора горад быў абстракцыяй, патанулай у бездані часу. А цяпер? Калі я, разважала Ганна, даўно памерла для Кіна і Жуля, ды ўсё ж такі яшчэ жывая, нават крыху ўспацела ад ліпкай пераднавальнічнай спякоты, то, значыць, і геніяльны Раман таксама цяпер жыве. Ён памрэ праз два дні, але пра гэта пакуль што не здагадваецца.
Ганна ўбачыла неглыбокую лагчыну, што агінала пагорак. Настолькі неглыбокую, што калі б Ганна не шукала слядоў горада, то і не здагадалася б, што гэта рэшткі рова. Ганна знайшла ў рове падраны валёнак і бляшанку з-пад кансерваў, ледзь вывернулася ад асы і вырашыла ісці ў цень, на могліцы, таму што праз паўгадзіны з гэтага пекла павінна была распачацца навальніца.
У рэдкай зацені крайніх дрэваў было трошкі халадней, чым у полі. Варта было Ганне спыніцца, як з кустоў вылецелі полчышчы камарыных камікадзэ. У кустах зашапацела.
— Гэта вы, Кін?
Кін выйшаў з гушчару. На грудзях у яго вісела фотакамера, недарагая, сучасная.
— Ах, якія вы асцярожныя! — сказала Ганна, гледзячы на камеру.
— Стараемся. Прачыталі дакументы?
— Не ўсе. А хто такі Гермій Тройчы Найвялікшы?
— Апякун алхіміі. Гэтая справаздача пра дослед — ліпа. Яе напісаў наш Раман.
— А што там цікавае?
— Пра такі метад выдзялення ртуці тады яшчэ не ведалі. Ён апісвае даволі складаную хімічную рэакцыю.
Наляцеў вецер. Навальніца папярэджвала пра сваё набліжэнне.
— З чаго пачнём? — спыталася Ганна.
— Паглядзім на горад. Проста паглядзім.
— Вы ведаеце Рамана ў твар?
— Не, вядома. Але ён ствараў машыны і рабіў порах. Кін зазірнуў у змрок царквы. А Ганна ўвайшла за ім. У купале была дзірка, і праз яе Ганна ўбачыла пасму ліловай хмары. У царкве пахла скляпеннем, на сценах захаваліся фрэскі. Святыя старцы абыякава глядзелі на людзей. Ніжэй каленяў фрэскі былі выцертыя. Здавалася, што старцы стаяць у воблаках.
Першыя кроплі забарабанілі па даху. Яны падалі праз адтуліну ў купале і выбівалі на падлозе фантанчыкі пылу. Ганна выглянула на двор. Лісце і каменне здаваліся ненатуральна светлымі.
— Справа, дзе расце дуб-спарыш, былі княскія харомы. Ад іх нічога не захавалася, — сказаў Кін.
Дождж паліў спорна, нават сярдзіта. Ён быццам злаваўся, што людзі не трапляліся яму ў чыстым полі.
— Гэта былі незвычайныя княствы, — сказаў Кін. — Фарпосты Русі, якія ўпраўлялі дэмаграфічнымі лішкамі княскіх сем'яў. Народ быў тут у большасці не русінскі. Вось і даводзілася лавіраваць, шукаць саюзнікаў, пазбягаць ворагаў. І галоўнага ворага — нямецкага ордэна мечаносцаў. Іх цэнтр быў у Рызе, а замкі — па ўсёй Прыбалтыцы.