З хмызняку выйшла Клеапатра і ўпэўнена накіравалася да царквы, відаць, спадзявалася схавацца. Убачыўшы людзей, яна панурылася.
— Давайце адыдзем, — сказала Ганна. — У нас цэлая царква на дваіх.
— Правільна, — пагадзіўся Кін. — Яна здагадаецца? Кабыла здагадалася. Кін і Ганна селі на камень у дальнім кутку, а Клепа ветліва спынілася каля ўвахода, здрыгваючыся ўсёй сваёй скурай, каб абтрэсці ваду. Пасярод царквы, куды цяпер ліўся з дзіравага купала нешырокі вадаспад, цёмная пляма вады ператварылася ў лужыну, якая, як чарнільная пляма, выпускала шчупальцы. Адзін ручаёк дабраўся да Ганніных ног.
— А вам не страшна? — спыталася яна. — Размаўляць з выкапнёвай жанчынай?
— Зноў? Зрэшты, не, не страшна. Я прывык. — А хто з геніяў жыве ў вас?
— Вы іх не ведаеце. Гэта невядомыя геніі.
— Мёртвыя душы?
— Мілая мая, падумайце добра. Геній — паняцце статыстычнае. У гісторыі чалавецтва яны з'яўляюцца рэгулярна, хоць і рэдка. Але яшчэ дзвесце гадоў назад сярэдняя працягласць жыцця была не больш за трыццаць гадоў нават у самых развітых краінах. Большасць дзяцей памірала ў маленстве. Паміралі і будучыя геніі. Эпідэміі спусташалі цэлыя кантынент. ы — паміралі і геніі. Грамадскі лад аддаваў на пагібель людзей, што мелі няшчасце нарадзіцца з рабскім ашыйнікам, асуджаў на такое існаванне, што геній не мог паказаць сябе… У войнах, у эпідаміях, у масавых забойствах, у турмах геніі гінулі часцей, чым звычайныя людзі. Яны адрозніваліся ад звычайных людзей, а гэта было небяспечна. Геніі станавіліся ерэтыкамі, бунтарамі… Геній — вельмі кволае стварэнне прыроды. Яго трэба берагчы і шанаваць. Аднак ніхто гэтым не займаўся. Нават прызнаны геній не быў застрахаваны ад заўчаснай смерці. Звыкла гаварыць пра геніяльнасць Пушкіна. На паводзіны Дантэса гэтае меркаванне ніякім чынам не ўплывала.
— Я ведаю, — сказала Ганна. — Нават сябры Пушкіна Карамзіны асуджалі яго. Шмат хто лічыў, што Дантэс меў рацыю.
Клепа падышла бліжэй, таму што падзьмуў вецер і стрэлы дажджу паляцелі ў расчыненыя дзверы. Клепа нервова варушыла ноздрамі. Раптам загрымела, потым яшчэ і яшчэ. Ганна ўбачыла, як праём купала ярка высвеціўся маланкай. Кін таксама паглядзеў уверх.
— Але чаму вы тады не выкрадаеце геніяў у маленстве?
— А як можна здагадацца, што дзіця геніяльнае? Яно ж павінна паказаць сябе. І паказаць так, каб мы маглі адважыцца на экспедыцыю ў мінулае, а такая экспедыцыя патрабуе столькі энергіі, колькі сёння выпрацоўваюць усе электрастанцыі Зямлі за год. А гэта не так ужо мала. Нават для нас.
Кабыла, стрыгучы вушамі, пераступала з нагі на нагу. Маланка ўрэзалася ў траву перад самым уваходам. Царква будавалася трывала.
— Не, — прамармытаў Кін, — мы яшчэ шмат чаго не можам.
— Значыць, атрымліваецца зачараванае кола. Геній павінен быць невядомы.
І ў той жа час паспець ужо нешта зрабіць.
— Бывалі сумніцельныя здарэнні. Калі мы былі амаль упэўненыя, што ў мінулым жыў вялікі розум, і можна было б яго дастаць, але… ёсць няўпэўненасць. А часам мы ведаем дакладна, але віток не адпавядае. І нічога не зробіш.
— Тады вы звяртаецеся ў будучыню?
— Не, у нас няма сувязі з наступным вітком.
— Там што-небудзь здарыцца?
— Не ведаю. Там бар'ер. Штучны бар'ер.
— Напэўна, нехта штосьці натварыў.
— Можа быць. Не ведаю.
8
Ганна раптам расхвалявалася. Здавалася б, што табе да таго, што здарыцца праз тысячу гадоў? Бо ёй ніколі не даведацца, што там адбылося…
Вецер сціх, дождж ліў ціха-мірна, як бы выконваючы свой абавязак.
— А ў наш час, — спыталася Ганна, — ёсць кандыдатуры?
— Вядома, — сказаў Кін. Відаць, не падумаўшы, што робіць, ён правёў у паветры рукою, і ручаёк, што падабраўся да Ганніных ног, спыніўся, нібыта натрапіў на шкляную запруду. — Дваццатае стагоддзе, мілая Ганна, — таксама забойца, як і іншыя стагоддзі. Калі хочаце, я вам зачытаю некалькі кароткіх даведак. Па некаторых з іх мы не рашыліся прымаць меры…
«А па якіх?» — хацела спытацца Ганна. Але змаўчала. Верагодна, ён не адкажа. І правільна зробіць.
— Гэта толькі сухія звесткі. Зразумела, у перакладзе на вашу мову…
— Па-мойму, вы размаўляеце на мове дваццатага стагоддзя. А… розніца вялікая?
— Не, не настолькі, каб зусім не зразумець. Аднак шмат новых слоў. Ды мова больш лаканічная. Мы жывём хутчэй. Але калі трапляем у мінулае, мы мову сваю забываем. Так зручней. Хочаце пачуць пра геніяў, якіх няма?
— Хачу.
Кін коратка ўздыхнуў і загаварыў, гледзячы сабе пад ногі. Голас яго змяніўся, стаў сушэйшы. Кін чытаў тэкст, не бачны яго слухачцы. Дождж імжэў у такт яго голасу.