Выбрать главу

— Даволі, — сказала Ганна. — Вялікі дзякуй. Хопіць.

9

На дварэ сцямнела. Невялічкі квадрат акенца, якое выходзіла з халоднага пакоя ў сад, быў густа-сіні, і ў ім умудрылася памясціцца поўня. Цесны, загрувашчаны прыборамі пакой напаўняла гудзенне, якое здавалася Ганне голасам часу — фізічна адчувальнай ніццю, па якой беглі хвіліны.

Жуль наладжваў устаноўку, зрэдку выходзячы на сувязь са сваім часам, выкарыстоўваючы для гэтага круглы блакітны экран, на якім дрыжалі ўзоры жоўтых і белых кропак, а Кін наладжваў здымачную апаратуру.

Чорны шар, што вісеў над Жулевай галавою, пачаў павольна круціцца. Ён быў падобны на вялізны надзімны шар.

— Зараз, Ганна, вы атрымаеце магчымасць зазірнуць у трынаццатае стагоддзе, — сказаў Кін.

Яе ахапіла казытлівае дзіцячае пачуццё чакання тэатра. Вось-вось расхінецца занавес, і пачнецца дзея…

Замільгацеў жоўтымі і белымі агеньчыкамі круглы экран сувязі. Жуль нахіліўся да яго і пачаў хутка вадзіць перад ім пальцамі, нібыта размаўляў з глуханямымі. Агні на экранчыку застылі.

Гудзенне часу запаўняла ўсю хату, яно было такое гучнае, што Ганне здавалася: зараз яго пачуе вёска. І тут у шары паплылі нейкія каляровыя плямы, было такое ўражанне, быццам глядзіш на рэчку праз круглы ілюмінатар парахода.

Кін скрыпнуў табурэцікам. Рукі яго былі ў чорных пальчатках амаль да локцяў.Ён дакрануўся да канта скрынкі, над якою вісеў шар, і пальцы яго пагрузіліся ў цвёрды метал.

— Паехалі, — сказаў Кін.

Каляровыя плямы пабеглі хутчэй, яны сплывалі на край ілюмінатара і знікалі. Тут жа штосьці рэзка пстрыкнула. Быццам нехта правёў рукою па запацелым шкле ілюмінатара, і выява ў шары набыла выразныя формы і межы. Гэта было зялёнае поле, акружанае бярозкамі.

Шарам кіраваў Кін. Рукі ў чорных пальчатках былі схаваны ў стале, ён сядзеў напружана, як за рулём.

Адлюстраванне ў шары рэзка пайшло ўбок, бярозы нахіліліся, як у моднай кінастужцы.

Ганна на імгненне зажмурылася. Гай на экране знік, паказаўся круты схіл пагорка з драўляным тынам наверсе, шырокая разбітая дарога і, нарэшце, штосьці знаёмае — рэчка Вятла. За ёю густы яловы лес.

І тут жа Ганна ўбачыла сваю хату. Яна стаяла ў шэрагу іншых, на гэтым баку ручая. Хоць яе хутчэй можна было назваць халупаю — прыземістай, слепаватай, пад саламянай страхой. Затое ручай быў значна шырэйшы, над ім схіляліся вербы, дарога перасякала яго па драўляным мосце, каля якога стаялі некалькі коннікаў.

— Я стабілізуюся, — сказаў Жуль.

— Гэта трынаццатае стагоддзе? — спыталася Ганна.

— Дванаццатага чэрвеня.

— Вы ўпэўненыя?

— У нас няма альтэрнатывы.

— А там, ля ручая, людзі.

— Божыя дваране, — сказаў Кін.

— Ці бачаць яны наш шар?

— Не, яны нас не бачаць.

— А ў хатах хто жыве?

— Цяпер ніхто. Людзі пайшлі ў крэпасць. Горад асаджаны.

Кін павярнуў шар, і Ганна ўбачыла, што за ручаём, там, дзе павінна пачынацца вёска, а цяпер быў узлесак, стаялі шалашы і шатры. Паміж імі гарэлі вогнішчы, хадзілі людзі.

— Хто гэта? Ворагі? — спыталася Ганна.

— Так, гэта мечаносцы, ордэн святой Марыі, божыя дваране.

— Гэта яны захопяць горад?

— У ноч напаслязаўтра. Жуль, ты гатовы?

— Можна пачынаць.

Шар узняўся і паляцеў у бок ручая. Ганна заўважыла высокае драўлянае збудаванне, якое стаяла ў пакатай лагчыне на паўдарозе між схілам пагорка і ручаём, дзе яна блукала ўсяго дзве гадзіны таму. Збудаванне гэта нагадвала ёй геадэзічны знак — драўляную шкалу, якія часам сустракаюцца ў полі.

— Бачылі? — спыталася Ганна.

— Асадная вежа, — сказаў Кін.

Шар апусціўся на стан рыцараў.

Там абедалі. Таму іх не было відаць. Рыцары мелі шыкоўны выгляд, яны былі падобныя на тых, што змагаюцца на турнірах і здымаюцца ў фільмах. Сядзелі ў сваіх

шатрах і не ведалі, што да іх завіталі наведвальнікі з будучыні. Народ жа, які ўплятаў сякую-такую спажыву на свежым паветры, ніякіх кінематаграфічных эмоцый не выклікаў. Гэта былі дрэнна адзетыя людзі ў суконных і скураных кашулях і портах, некаторыя з іх былі босыя. Яны былі падобныя на бедных сялян з недалёкага мінулага.

— Паглядзіце, а вось і рыцар, — сказаў Кін, скіраваўшы шар на адзін з шатроў. На брудным вынашаным палатне шатра былі нашытыя чырвоныя мячы з матэрыі. З шатра выйшаў чалавек, адзеты ў грубы світэр да каленяў. Вязаная шапка шчыльна аблягала галаву, пакідаючы адкрытым авал твару, і спадала на плечы. На нагах — вязаныя панчохі. Світэр быў падпяразаны чорнаю папругаю, на якой вісеў доўгі прамы меч у скураных ножнах.