Потым з'явіліся яшчэ двое. Гэтыя Ганне спадабаліся.
Яны ўвайшлі адначасова і спыніліся за спінамі велічнай пані і князя, але паколькі абое былі высокія, то Ганна магла іх разгледзець. Мужчына быў параўнальна малады, гадоў трыццаці. Ён быў вельмі прывабны на выгляд, зразумела, калі вы не маеце нічога супраць вогненна-рыжых прыгажуноў з белым, трошкі пакрэпленым вяснушкамі тварам і зялёнымі вачыма. З-пад чырвонага плашча віднелася кальчуга. Ганне надта захацелася, каб прыгажуна звалі Раманам, пра гэта яна тут жа сказала Кіну, але той толькі хмыкнуў і сказаў штосьці аб выніках эмацыянальнага падыходу да гісторыі. Поруч з зеленавокім прыгажуном стаяла дзяўчына, кагосьці нагадваючы Ганне. Дзяўчына была высокая… зграбная — усё ў яе мела тонкі, гатычны выгляд. Пукаты чысты лоб перасякала павязка, упрыгожаная залатым абручом, такая самая бірузовая хустка шчыльна аблягала галаву і звісала на шыю. Тонкімі пальцамі яна прытрымлівала свабодны шырокі плашч, быццам ёй было зябка. Рыжы прыгажун гаварыў ёй штосьці, але дзяўчына не адказвала, яна глядзела на поле перад крэпасцю.
— Недзе я яе бачыла, — вымавіла Ганна. — Але дзе? Не памятаю.
— Не ведаю, — сказаў Кін.
— У люстэрку. Яна дужа падобная на вас, — сказаў Жуль.
— Дзякую за камплімент.
Яшчэ адзін чалавек уціснуўся ў гэты гурт. Ён быў адзеты амаль гэтаксама, як і смуглыя воіны, можа, толькі багацей. На грудзях у яго была прышпілена вялікая сярэбраная брошка.
— Ну як, Жуль, сёння іх пачуем? — спытаўся Кін.
— Што я магу зрабіць? Гэта ж заўсёды так бывае! Ганна падумала, сам факт тэхнічных непаладак неяк яднае яе з далёкай будучыняй. Але гаварыць пра гэта нашчадкам не варта.
Раптам хлапчук каля бар'ера штосьці крыкнуў, велічная пані ахнула, рыжы прыгажун нахмурыўся. Знадворку нешта адбылося.
11
Кін развярнуў шар.
З лесу, з далёкага боку ад ракі, мірна выйшаў статак кароў, якіх гналі да горада тры пастухі ў шэрых портках і доўгіх, да каленяў, кашулях. Чамусьці пастухі не ведалі, што рыцары ўжо побач. Іх адначасова заўважылі з крапасной сцяны і з боку ручая. Яны замітусіліся, падганяючы кароў, а каровы ніяк не маглі ўцяміць, куды і чаму ім трэба спяшацца, статак збіўся ў кучу, і пастухі бязлітасна хвасталі няшчасную скаціну пугамі.
У рыцарскім стане таксама панавала сумятня, божым дваранам вельмі хацелася перахапіць статак. Але коні мечаносцаў былі рассядланы, і таму да ручая пабеглі пехацінцы, размахваючы мячамі і сякеркамі. Гуку не было, але Ганна ўявіла сабе, які гоман стаіць над схілам пагорка. Кін павярнуў шар да сцяны горада. Народ на вежах раздаўся ў бакі, саступіўшы месца лучнікам. Рыжага прыгажуна не было відаць, даўгатвары князь быў такі змрочны, што Ганна падумала: ён баіцца, як бы ў час асады яго народ не астаўся без малака.
Лучнікі стралялі па ратніках, якія беглі ад ручая і ад асаднай вежы, але большасць стрэл не далятала, хоць адна з іх трапіла ў карову. Тая раптам вырвалася з чарады і панеслася, падбрыкваючы, па лузе. Апераная страла пагойдвалася ў яе ў карку, нібыта бандэрылля ў быка ў час карыды.
Тым часам рыцары дабеглі да пастухоў. Усё адбылося так хутка, што Ганна ледзь была не папрасіла Кіна пракруціць сцэну яшчэ раз. Адзін з пастухоў упаў на зямлю і не варушыўся. Другі — павіс на мажным ратніку, алеяшчэ адзін немец круціўся вакол яго, падымаючы сякеру, і не мог ударыць — баяўся пакалечыць таварыша. Трэці пастух бег да варотаў, і за ім гналіся адразу ажно чалавек дзесяць. Ён дабег да рова, скочыў уніз. Немцы — за ім. Ганна бачыла, як у адчаі — толькі тут да яе дакаціўся той адчай, які гнаў пастуха, — маленькая фігурка караскалася, распластаўшыся на спадзістым схіле рова, каб выбрацца да сцяны, а ратнікі ўжо дацягваліся да яго.
Раптам адзін з праследвальнікаў рухнуў на дно рова. Аднак гэта не спыніла астатніх. Стрэлы ўпіваліся ў траву, адляталі ад кальчуг, яшчэ адзін рыцар апусціўся на калені, прыціскаючы далоняю рану ў руцэ. І тут пярэдні кнехт дагнаў пастуха і секануў яму па назе. Боль — Ганна адчула яго так, быццам секанулі яе, — вымусіў пастуха скочыць наперад і на карачках кінуцца да сцяны. Яркая чырвоная кроў лілася з рассечанай раны, пакідаючы след, па якім, нібы ваўкі, паўзлі праследвальнікі.
— Адчыніце вароты! — закрычала Ганна.
Жуль здрыгануўся.
Яшчэ адзін рыцар упаў, спрабуючы вырваць з грудзей стралу, і, як бы паслухаўшыся Ганну, вароты пачалі павольна расчыняцца. Але пастуху было ўсё роўна, бо ён зноў паваліўся каля варотаў, і, дагнаўшы яго, кнехт усадзіў яму ў спіну баявую сякеру і тут жа сам рухнуў побач, таму што хіба з пяць стрэлаў працялі яго, прыкалоўшы да зямлі, як жука.