Кін выняў з шара жменю шарыкаў памерам з валоскі арэх.
— Хадзем у вялікі пакой, — сказаў ён. — Мы тут замінаем Жулю. Да таго ж паветра на траіх не хапае.
У вялікім пакоі было халадней і прасторней. Ганна зашмаргнула выцвілыя фіранкі. Кін запаліў сваю лямпу. Жменя шарыкаў раскацілася па абрусе.
— Вось і нашыя падазроныя, — сказаў Кін. Ён падняў першы шарык, крыху сціснуў яго пальцамі, шарык луснуў і разгарнуўся ў гладкую пругкую пласцінку — партрэт пажылой пані з набеленым тварам і чорнымі бровамі.
— Хто ж яна? — спытаўся Кін, кладучы партрэт на стол.
— Княгіня, — хуценька вымавіла Ганна.
— Не спяшайцеся, — усміхнуўся Кін. — Няма нічога больш небяспечнага ў гісторыі, чым відавочныя хады. Кін адклаў убок партрэт і ўзяў другі шарык. Шарык ператварыўся ў выяву даўгатварага чалавека са сцятымі капрызнымі губамі і вельмі разумнымі стомленымі вачыма пад высокім, з залысінамі, ілбом.
— Я б сказала, што гэта князь, — у адказ на запытальны позірк Кіна вымавіла Ганна.
— Чаму ж гэта?
— Ён прыйшоў першы, стаіць поруч з княгіняй і шыкоўна адзеты. Ды выгляд у яго горды.
— Усё суб'ектыўнае, другараднае.
Наступным аказаўся партрэт тонкай дзяўчыны ў сінім плашчы.
— Можна прапанаваць? — спыталася Ганна.
— Зразумела. Вазьміце. Я здагадаўся. Кін перадаў Ганне партрэт рыжага прыгажуна, і яна паклала яго побач з гатычнай дзяўчынай.
— Атрымліваецца? — спыталася Ганна.
— Што атрымліваецца?
— Наш Раман быў у заходніх землях. Адтуль ён прывёз жонку.
— Значыць, вы ўпэўнены, што нам патрэбен гэты адважны воін, якога ледзь былі не забілі ў сутычцы?
— А чаму вучонаму нельга быць воінам?
— Разумна. Але нічога не даказвае.
Кін адгарнуў далоняю партрэты і паклаў на вызваленае месца выяву аднавокага хлапчука. І тут Ганна зразумела, што гэта быў не хлапчук, а дарослы чалавек.
— Гэта карлік?
— Карлік.
— А што ён тут робіць? Таксама родзіч?
— А калі блазан?
— Ён занадта проста адзеты для гэтага. І сярдзіты. Блазан не павінен быў весяліцца. Само пачварства было падставай для смеху.
— Добра, не буду спрачацца, — сказала Ганна. — Але мы ўсё роўна нічога не ведаем.
— На жаль, пакуль што вы маеце рацыю, Ганна. Ганна зноў падсунула да сябе партрэт свайго ўлюбёнца: вогненныя кудзеркі, сакаліны позірк, цэлы сажань у плячах, футравая шапка сціснута ў нервовым магутным кулаку…
— Вядома, варыянт спакуслівы, — сказаў Кін.
— Вам не падабаецца, што ён прыгожы? Леанарда да Вінчы таксама займаўся спортам, а Аляксандр Македонскі ўвогуле з каня не злазіў.
Партрэты ляжалі ў рад, зусім жывыя, і цяжка было паверыць, што ўсе гэтыя людзі памерлі шмат соцень гадоў назад. «Хоць, — падумала Ганна, — я ж таксама памерла шмат соцень гадоў назад…»
— Можа быць, — пагадзіўся Кін і выбраў са століка два партрэты: князя ў сінім плашчы і рыжага прыгажуна.
— Калегі, — заглянуў у вялікі пакой Жуль. — Прадаўжэнне будзе. У нас яшчэ паўгадзіны. А там нехта прыехаў.
13
Шар быў уключаны і скіраваны на рыцарскі стан у трынаццатае стагоддзе. Вечарэла. Неба над лесам стала бясколернае, на яго фоне лес быў амаль што чорны, і промні перад захадам сонца, што павісла над сцяной крэпасці, высвечвалі на гэтым цьмяным занавесе постаці працэсіі, якая выпаўзала на бераг.
Паперадзе ехалі конна некалькі рыцараў у белых і чырвоных плашчах, два манахі ў чорных, падаткнутых за пояс расах, за імі восем стомленых насільшчыкаў валаклі крытыя насілкі. Потым з лесу паказаліся пехацінцы і, нарэшце, дзіўная будыніна: шасцёрка быкоў цягнула драўляную платформу, на якой было замацавана нешта накшталт сталовай лыжкі для велікана.
— Што гэта? — спыталася Ганна.
— Катапульта, — адказаў Кін.
— А што ў насілках?
У прыцемку было відаць, як Жуль паціснуў плячыма.
Насільшчыкі з палёгкаю апусцілі сваю ношу на прыгорак, і наўкола сабраўся натоўп.
Моцныя пальцы схапілі знутры за краі полага, рэзка тузанулі яго, і на зямлю выскачыў грузны пажылы мужчына ў расе бэзавага колеру і ў маленькай чорнай шапачцы. На грудзях у яго блішчаў вялікі сярэбраны крыж. Чырванашчокі круглы твар быў абведзены коратка падстрыжанаю чорнаю барадой. Рыцары акружылі мужчыну і павялі да шатра.