15
Усё здарылася без сведкаў з будучыні, ноччу, калі Кін, Ганна, Жуль, а галоўнае, пан епіскап Альберт і ландмайстар Фрыдрых спакойна спалі. І гэта было вельмі крыўдна, таму што час, калі ўжо ты трапіў у цячэнне вітка, незваротны. І ніхто ніколі не ўбачыць зноў, якім жа чынам гэта адбылося.
…Першая прачнулася Ганна, хуценька памылася і пастукалася да мужчын.
— Лежабокі, — сказала яна, — праспіце штурм.
— Устаём, — адказаў Кін. — Ужо ўсталі.
— Я пакуль збегаю да дзеда Генадзя, — удзячна ахвяравала сабой Ганна. — Адцягну яго ўвагу. Але каб да майго прыходу князь Вячка быў на баявым кані.
А калі Ганна вярнулася з малаком, тварагом, свежым хлебам, гордая за сваё падзвіжніцтва, у доме панавала расчараванне.
— Паглядзі, — сказаў Жуль. Шар быў уключаны і накіраваны на схіл. Там ляніва дагарала асадная вежа — сюррэалістычнае збудаванне з вялізных чорных галавешак. Ад катапульты засталася толькі лыжка, недарэчна ўткнутая ў траву дзяржаннем. Наўкола стаялі ордэнскія ратнікі. З моста цераз ручай на пажарышча глядзела ордэнская знаць, якая акружала епіскапа.
Ад варотаў крэпасці да вежы рассцілаліся чорныя шырокія палосы. У ручаі — а гэта Ганна ўбачыла не адразу — ляжалі вялізныя, у два чалавечыя росты, колы, абгарэлыя — хоць тут жа яна зразумела сваю памылку: каля вежы не магло быць такіх вялікіх колаў.
— Яны ноччу ўсё гэта спалілі! — сказала Ганна. — І правільна зрабілі. Чаго ж хвалявацца?
— Шкада, што не пабачылі.
Кін хутка правёў шар уніз, да ручая. Ён праляцеў над каркасам вежы і спыніўся над галовамі рыцараў.
— Дзякуй за падарунак, — паволі сказаў епіскап Альберт. — Вы не маглі прыдумаць нічога лепшага ў ноч майго прыезду.
— Я яшчэ летась раіў вам даць прытулак чарадзею, — сказаў ландмайстар, — калі ён з Смаленска збег.
— Мы пасылалі да яго ганца, — сказаў адзін з набліжаных да епіскапа. — Ён не адказаў. Ён схаваўся тут.
— Ён аддаў перавагу служыць д'яблу, — задумліва сказаў епіскап. — І неба нашай рукою пакарае яго.
— Сапраўды! — сказаў высокі хударлявы рыцар.
— Правільна, — згадзіўся Фрыдрых фон Какентаўзен. — Але мы не ў храме, а на вайне. Нам патрэбны саюзнікі, а не словы.
— Д'ябал нам не саюзнік, — сказаў епіскап. — Не забывайцеся пра гэта, брат Фрыдрых. Нават калі ён магутны.
— Я памятаю, святы айцец.
— Горад павінен быць жорстка пакараны, — сказаў епіскап гучна, так, каб яго чулі кнехты, якія стоўпіліся збоку. — У любы момант можа прыйсці атрад з Полацка, а гэтага нам не трэба. У Смаленску таксама глядзяць з трывогай на наша ўзмацненне…
— Сюды ідуць літоўцы, — дадаў хударлявы рыцар.
— Калі крэпасць не здасца да захаду сонца, мы не пакінем у ёй ніводнай жывой душы, — сказаў епіскап.
— І месіра Рамана?
— У першую чаргу. Толькі тыя веды могуць існаваць, якія апекаваны божай ласкай.
— Але калі ён умее здабываць золата?
— Мы знойдзем золата і без чарнакніжнікаў, — сказаў епіскап. — Брат Фрыдрых і брат Готфрыд, ідзіце следам за мною.
16
Усярэдзіне шацёр быў абстаўлены сціпла. На ўтаптанай падлозе паверх рагожаў ляжаў дыван, стаялі складныя, без спінак, ножкі крыж-накрыж, крэслы, на драўляным узвышэнні ляжалі згорнутыя на дзень скуры, высокі падсвечнік з аплылым воскам пабліскваў меддзю каля высокага куфра, акаванага жалезнымі палосамі. На куфры ляжалі два пергаментныя скруткі.
Епіскап падаў знак рыцарам сядаць. Фрыдрых фон Какентаўзен адшпіліў пояс з мячом і паклаў яго на падлогу ля ног. Брат Готфрыд заставіў меч між ног і абапёрся рукамі ў пальчатках на яго дзяржальна. Аднекуль выслізнуў слуга ў чорнай сутане. Ён вынес арабскі збан і тры сярэбраныя чаркі. Брат Готфрыд прыняў чарку, епіскап і Фрыдрых адмовіліся.
— Ты кажаш, брат Фрыдрых, — вымавіў епіскап, — што месір Раман на самай справе дасведчаны ў сакрэтах магіі?
— Я ўпэўнены ў гэтым.
— Калі мы не заб'ём яго заўтра, — сказаў брат Готфрыд, — то ён з дапамогаю д'ябла можа прыдумаць нам пагібель.
— Я памятаю галоўнае, — сказаў Фрыдрых. — Я заўсёды памятаю пра дабро ордэна. А месір Раман блізкі да адкрыцця тайны золата.
— Золата д'ябла, — запярэчыў Готфрыд фон Гольм.
— Месір Раман любіць уладу і славу, — заўважыў Фрыдрых. — Што можа даць яму князь Вест?
— Чаго ён апынуўся тут? — спытаўся епіскап.
— Ён далёкі родзіч князя, — сказаў Фрыдрых. — Ён быў народжаны ад наложніцы князя Барыса Полацкага.
— І хацеў бы стаць князем?