У гэты момант усё і здарылася.
Шар вісеў над самай галавою ў Кіна. Таму адразу было незразумела, хто стукнуў Кіна ззаду. На імгненне выява ў шары прапала, потым узнік здзіўлены Кінаў твар, які імкнуўся павярнуцца і тут жа страціў раўнавагу і рухнуў у люк, павольна спаўзаючы ў падвал па прыступках лесвіцы.
— Стой! Ён жа разаб'ецца!
Зверху мільгануў аркан — за секунду блазан паспеў дастаць і кінуць яго так, што вяроўка абхапіла Кіна за плечы і спыніла падзенне. Потым безжыццёвае цела Кіна апусцілася на падлогу. Падняўшы шар, Жуль убачыў над люкам блазна з арканам у адной руцэ, з дубінай — у другой. Раман і хлопец адхіснуліся ад люка, замерлі. Раман першы скеміў, што да чаго.
— Хто? — спытаўся ён.
— Ён мне з самага пачатку не спадабаўся — няма ў нас такога ў стражніках. У мяне, ведаеш, якая памяць на твары. Падслухоўваў. Думаю, лазутчык епіскапаў.
Вочы ў Кіна былі заплюшчаныя.
— Ты яго не забіў? — спытаўся Раман.
— У нас, літоўцаў, галава жалезная, — сказаў блазан.
— Што ж рабіць? — сказала Ганна. — Яны яго заб'юць. Ну зрабі што-небудзь, Жуль, міленькі! Выцягні яго назад.
— Без яго дапамогі не магу.
— То прыдумай.
— Ды пачакай ты! — агрызнуўся Жуль. — Ты думаеш, ён на шпацыр пайшоў? Выблытаецца. Абавязкова выблытаецца. Нічога…
— Трэба яго дапытаць, — сказаў Раман.
— Толькі вазьмі ў яго… гэта. Блазан нагнуўся, выхапіў у Кіна меч, арканам звязаў рукі. У гэты момант у люку паказаўся твар другога стражніка.
— А, Явайла, — сказаў блазан. — Ты гэтага земляка не прызнаеш?
— Не, — адказаў той хутка. — За варотамі князь.
— Гэтага яшчэ не хапала, — сказаў Раман. — Акіплеша, прымі, хутчэй, хутчэй, ну! Глузд, дапамажы яму!
Яны адцягнулі Кіна ўбок, у цень, Раман кінуў зверху кучу лахманоў… Сцэна была злавесная — цені мітусіліся на сценах, спляталіся, быццам у бойцы.
Князь хутка спусціўся ўніз, прыступкі прагіналіся, за ім следам яцвяг у чорнай куртцы і чырвоным каўпаку. Князь быў у кальчузе, кароткі плашч прамок, прыліп да кальчугі, рыжыя валасы ўскудлачаныя. Князь быў сярдзіты:
— Ордэн на прыступ сабраўся, лесвіцы валакуць… Як трымацца, вароты слабыя, людзей мала. Ты чаго тут хаваешся?
— Якая ад мяне карысць на сцяне? Я тут больш патрэбны.
— Ты думай. Нам бы дазаўтра пратрымацца. Раман, чаму на вежах вогненнай вады няма?
— Скончылася, княжа.
— Каб была! Не абаронім горад — першы памрэш.
— Князь, я твайго роду, не кажы так. Я ўсё раблю…
— Не ведаю, нікому не веру. Як дрэнна — нікога няма. Дзе Ўладзімір Полацкі? Дзе Ўладзімір Смаленскі, дзе Мсціслаў Удалы? Уладзімір Пскоўскі? Дзе раці? Дзе ўся Русь?
— Я прыйду на сцяну, брат, — памяркоўна сказаў Раман.
— Тут у цябе столькі зелля нарыхтавана!
— Гэта, каб золата рабіць.
— Мне цяпер золата не патрэбна — ты мне самародак дасі, я яго на галаву епіскапу кіну. Ты мне агонь дай, агонь!
— Я прыйду на сцяну, брат.
Кін заварушыўся пад лахманамі, відаць, застагнаў, таму што князь кінуўся да кучы лахманоў, пад столь узляцелі чорныя цені, — Кін быў без прытомнасці.
— Хто такі? Чаму літоўца звязаў?
— Чужы чалавек, — сказаў Раман. — У хату да мяне прабраўся. Не ведаю, можа, ордэнскі лазутчык.
— Забі яго, — князь выцягнуў меч. Ганна закрыла далонямі вочы.
— Не, — пачула яна Раманаў голас. — Я яго дапытаць павінен. Ідзі, князь, я прыйду. Зробім агонь — прыйдзем.
— Ты, — сказаў князь яцвягу, — застанешся тут.
— Лішняе, князь, — сказаў Раман.
— Цяпер я нікому не веру. Зразумеў. Табе не веру таксама. — Князь адпусціў дзяржальна мяча. — Нам бы да заўтра пратрымацца.
Князь, аглядаючыся, хутка падняўся па лесвіцы. Спыніўся, глянуўшы ў падвал зверху. І яму відаць былі цёмныя цені, няроўна асветленыя жоўтым святлом твары, бляск рэтортаў і трубак. Князь перахрысціўся, столь над галовамі чарадзея і яго памочнікамі, што глядзелі ўверх, здрыганулася, загайдалася ад хуткіх і цяжкіх крокаў князя Вячкі.
— Уся літоўская раць не выратуе яго, — ціха сказаў Раман.
Ён падышоў да Кіна, паглядзеў уважліва на яго твар. Яцвяг — за яго спіной таксама глядзеў на Кіна, холадна і абыякава — для яго смерць і жыццё былі толькі момантамі ў бясконцым чаргаванні быцця і небыцця.
— Дай чаго-небудзь выпіць яцвягу, — сказаў Раман.
— Ён загаварыў па-латыні, — заўважыў Жуль.
— Ці не ўсё роўна! — усклікнула Ганна. Яцвяг адступіў на крок, ён быў напагатове.