— Не будзе ён піць, — сказаў блазан.
Кін расплюшчыў вочы. Памахаў галавой, зморшчыўся ад болю.
— Нічога, — сказаў Жуль. — Мы не такім давалі рады.
— Пісталет бы яму. Чаму ён не ўзяў зброі!
— Ён не мае права нікому ўчыніць шкоды.
— Нават калі гэта пагражае яму смерцю?
— Мы гатовы на гэта, — сказаў Жуль.
— Ты хто? — спытаўся Раман, нахіляючыся да Кіна. Кін маўчаў, глядзеў на Рамана.
— Ён па-нямецку не разумее, — паведаміў блазан.
— Без цябе, дурань, бачу, напэўна, прытвараецца.
— То забі яго, і справе канец, — сказаў блазан.
— А раптам прыслаў яго епіскап?
— Другога прышле, — сказаў блазан. — З моваю.
— Нягоднік, — сказала Ганна праз зубы.
— Спытайся ў яго па-літоўску, — сказаў Раман.
— Ты што тут робіш? — спытаўся блазан.
— Я прыйшоў з Трокаў, — сказаў Кін. — Я сваіх убачыў.
— Хлусіш, — сказаў блазан.
— Што ён кажа?
— Хлусіць, — сказаў блазан. — Забіць яго трэба, і справе канец.
Кін паспрабаваў прыпадняцца. Яцвяг, як кошка, мякка выхапіў шаблю.
— Пачакайце, — сказаў Кін. — Месір Раман, у мяне да вас важная справа.
— Ён ведае латынь? — вырвалася ў Рамана.
— Баярын, — сказаў хлопец, — час на зыходзе.
— Час? — паўтарыў яцвяг. — Князь чакае. Ідзіце на вежу.
— Зараз, — сказаў Раман. — Ты кажаш, што ведаеш мяне?
— Я прынёс навіны з Брэмена, — сказаў Кін. — Я не магу сказаць цяпер. Я буду гаварыць толькі адзін на адзін. Развяжыце мяне.
— Не, — сказаў Раман. — Нават калі ты не хлусіш, ты ўсё роўна застанешся тут. Я не веру табе.
— Час не чакае, — сказаў хлопец.
— Што ён увесь час паўтарае? — спытаўся блазан.
— Ён павінен сустрэцца з адным чалавекам.
Яцвяг паклаў на левую далонь лязом шаблю, быццам цешыўся з яе цьмянага бляску.
— Князь загадаў, — паўтарыў ён, — пара ісці.
— З табою пойдзе Акіплеша, — сказаў Раман. — Ён усё ведае.
— Князь загадаў, — паўтарыў яцвяг, і ў словах яго была пагроза.
Ганна ўбачыла, што Раман падаў якісьці знак хлопцу і той, ледзь прыкметна кіўнуўшы, пайшоў уздоўж сцяны ў змроку. Кін ляжаў з расплюшчанымі вачыма. Уважліва сачыў за людзьмі ў падвале. Крыху паварушыў плячыма.
— Ён здыме вяроўкі, — прашаптаў Жуль, нібыта баяўся, што яго пачуюць, — галоўнае — зняць вяроўкі.
Яцвяг таксама ўважліва сачыў за тым, што адбываецца навокал, нібы адчуваў нядобрае.
— Цэзар, — сказаў блазан, — не бяры грэх на душу.
— Ты ніколі не станеш вялікім чалавекам, — адказаў Раман, робячы крок да стала, каб адцягнуць увагу яцвяга, — наш час не трывае добрых. Стаўка занадта вялікая. Стаўка — жыццё і вялікая магія. Ты! — крыкнуў ён нечакана яцвягу. І замахнуўся кулаком. Яцвяг мімаволі ўзняў шаблю.
І ў гэты момант бліснуў хлопцаў нож — коратка, невыразна адлюстраваўшыся ў рэтортах. І яцвяг адразу выпусціў шаблю, бессэнсоўна і безнадзейна імкнучыся ўбачыць прычыну болю, дастаць закінутымі за спіну рукамі ўваткнуты ў спіну нож… і рухнуў на бок, ссунуўшы цяжкі стол. Рэторта з цёмнай вадкасцю захісталася, і Раман кінуўся да стала і падхапіў яе.
— Як я спалохаўся… — сказаў ён. Блазан глядзеў на яцвяга.
— Нядобра выйшла, — сказаў блазан. — Ой, як нядобра выйшла…
— Скажам князю, што ён пайшоў. Выцягні яго наверх — і за хлеў. Ніхто ноччу не знойдзе.
— Кроў, — сказаў блазан. — І гэта ёсць пазнанне?
— Дзеля якога я аддам сваё жыццё, а тваё — тым больш, — сказаў Раман. — Цягні, ён лёгкі. Блазан стаяў нерухома.
— Паслухай, — сказаў Раман. — Я вінаваты, я цябе ўсё жыццё іншаму вучыў… я цябе вучыў, што жыццё можна зрабіць добрым. Але нельга не змагацца. За навуку змагацца трэба, за шчасце… ідзі, мой раб. У нас ужо няма выйсця. І грэх на мне.
Блазан нагнуўся і ўзяў яцвяга за плечы. Галава адкінулася назад, рот пратуліўся ў грымасе.
Блазан павалок яго да лесвіцы. Хлопец падхапіў за ногі забітага.
— Я больш не магу, — сказала Ганна. — Гэта жах.
— Гэта не канец, — сказаў Жуль. Ён наблізіў шар да Кінавага твару, і той, нібыта здагадаўшыся, што яго бачаць, усміхнуўся вуснамі.
— Вось бачыш, — сказаў Жуль. — Ён справіцца.
У Жулевым голасе не было ўпэўненасці.
— А ці можна выклікаць вам дапамогу? — спыталася Ганна.
— Не, — коратка адказаў Жуль. Блазан з хлопчыкам выцягнулі труп наверх. Раман паклікаў хлопца:
— Глузд! Вярніся.
Хлопец збег па лесвіцы ўніз.
— Мне не дацягнуць, — зверху паказаўся блазнаў твар.
— Дацягні да выхаду — паклічаш Явайлу. Схавайце — тут жа ісці на сцяну. Скажаш, што я — следам. Хлопец стаяў пасярод пакоя. Ён быў бледны.