— Стаміўся, мой хлопча? Цяжкая школа чарадзея?
— Я паслухмяны, настаўнік, — сказаў юнак.
— Тады ідзі. Памятай, што павінен завязаць яму вочы.
Хлопец адчыніў патайныя дзверы і знік. Раман паглядзеў на вялікі пясочны гадзіннік, які стаяў на палічцы каля печы. Пясок ужо ўвесь высыпаўся. Ён паціснуў плячыма, перавярнуў гадзіннік і глядзеў, як пясок сыплецца тонкім струменьчыкам.
— Другая гадзіна апоўначы, — сказаў Кін, — хутка пачне світаць. Ночы кароткія.
— Так? — Раман нібы ўспомніў, што не адзін у падвале. — Ты мне загадка — літовец. Ці не літовец? Ліў? Эст?
— Хіба гэта важна, чарадзей? — спытаўся Кін. — Я вучань Бертольда фон Гоца. Ты чуў гэтае імя?
— Я чуў гэтае імя, — сказаў Раман. — Але ты не ведаеш, што Бертольд ужо два гады як памёр.
— Гэта толькі чуткі.
Дзверы загайдаліся, адчыніліся, і з падземнага хода выйшаў хлопец, ведучы за руку высокага чалавека ў манаскім убранні з капюшонам, насунутым на лоб, і з цёмнай павязкай на вачах.
— Можаце зняць павязку, — сказаў Раман. — У нас мала часу.
Манах зняў павязку і перадаў хлопцу.
— Я падпарадкоўваюся ўмовам, — сказаў ён. — Я таксама рызыкую жыццём.
Ганна пазнала ландмайстра Фрыдрыха фон Какентаўзена. Рыцар падышоў да стала і сеў, паклаўшы на стол жалезную руку.
— Як рука? — спытаўся Раман.
— Я ўдзячны табе, — сказаў Фрыдрых. — Я магу трымаць ёю шчыт. — Ён павярнуў рычажок на тыльным баку жалезнай далоні. Пальцы сціснуліся, нібыта абхапілі дрэўка дзіды. — Дзякую. Епіскап выбраў мяне, таму што мы з табою даўнія сябры, — сказаў Фрыдрых. — І ты давяраеш мне. Раскажы, чаго ты хацеў нас бачыць?
— Вы злавілі жамойта, які ўкраў у мяне гаршчок з вогненнай сумессю.
— Так, — коратка сказаў Фрыдрых. — Ён хацеў забіць епіскапа?
— Зелле магло разарваць на кавалкі сто чалавек, — сказаў Раман.
Жуль зноў скіраваў шар на Кіна, і Ганна ўбачыла, як Кін павольна варушыць рукою, вызваляючы яе.
— А гэта хто? — рыцар раптам павярнуўся да Кіна.
— Я хацеў у цябе спытацца, — сказаў Раман. — Ён запэўнівае, што ён вучань Бертольда фон Гоца.
— Гэта хлусня, — сказаў рыцар. — Я быў у Бертольда перад яго смерцю. Нас, хто мае дачыненне да вялікай тайны магіі і ператварэнняў элементаў, так мала на свеце. Я ведаю ўсіх яго вучняў… Ён хлусіць. Дарэчы, паглядзі, зараз ён вызваліць руку.
— Чорт! — вылаяўся Жуль. — Як ён заўважыў? Раман з хлопцам тут жа кінуліся да Кіна.
— Твая праўда, брат, — сказаў Раман Фрыдрыху. — Дзякуй табе.
Кін быў нерухомы.
— Гэта першы чалавек, які развязаў вузел майго блазна.
— І таму яго трэба забіць, — сказаў рыцар. Раман схапіў з-за стала тоўстую вяроўку і моцна звязаў Кіну рукі.
— Пачакай, — сказаў Раман. — Ён размаўляе па-латыні не горш за нас з табою і ведае імя Бертольда. Хутка вернецца мой блазан і дапытае яго. Ён дапытае яго як трэба. агнём.
— Як хочаш, — сказаў Фрыдрых. — Я чуў, што ты наблізіўся да адкрыцця тайны золата.
— Ага, — сказаў Раман. — Я наблізіўся. Але гэта доўгая праца. Гэта будзе не сёння. Я турбуюся за лёс гэтай працы.
— Ці толькі працы?
— І свой, і маіх памочнікаў.
— Чым мы табе можам быць карысныя?
— Ты ведаеш чым — ты мой даўні знаёмы. Ты страціў руку, калі ў тваім замку адбыўся выбух рэторты, хоць і кажаш, што гэта здарылася ў бітве з сарацынамі.
— Дапусцім, — сказаў рыцар.
— Мне галоўнае — захаваць усё гэта. Каб працаваць далей.
— Пахвальна. Але калі нашыя пойдуць заўтра на штурм, як я магу абяцаць табе бяспеку?
— І не толькі мне, брат, — сказаў Раман. — Ты ведаеш, што ў нас жыве польская князёўна?
Шар зноў прыблізіўся да Кіна. Губы ў Кіна заварушыліся, і шар перадаў яго шэпт:
— Дрэнь справы. Думай, Жуль… Жуль кіўнуў, нібыта Кін мог убачыць яго. І павярнуўся да Ганны — можа, шукаў спачування?
— Калі ты пойдзеш, я не спраўлюся з машынаю? — спыталася Ганна.
— Не, мая дзяўчынка, — сказаў Жуль ціха. — Табе не выцягнуць нас.
Раман і рыцар паднялі галовы.
— Нехта ідзе, — хутка сказаў Раман хлопцу. — Затрымай яго. Я вярнуся. — Рыцар цяжка ўстаў з-за стала і апусціў капюшон.
— Завязаць вочы? — спытаўся Фрыдрых.
Раман махнуў рукою.
— Я выйду з табою. Хутчэй.
Патайныя дзверы зачыніліся за рыцарам і Раманам.
Блазан спусціўся па лесвіцы.
— Дзе гаспадар? — спытаўся ён.
— Не ведаю, — сказаў хлопец.
— Уцёк да ордэнскіх братоў? Не, ён адзін не ўцячэ. Яму ўсё гэта патрэбна… гэтае яго золата… Гэтая яго ўлада і слава.