22
— Жуль, — сказала Ганна, — я ведаю, што рабіць.
— Праўда? — Жуль зноў павялічыў Кінаў твар. Кін глядзеў на блазна.
— Я падобная на Магду. Ты сам сказаў, што я падобная на Магду.
— Якую яшчэ Магду? — у Жулевых вачах была туга.
— Польскую князёўну, Магдалену.
— Ну і што?
— Жуль, я пайду туды. Замест яе.
— Ты што, з глузду з'ехала? Не кажы глупства. Цябе пазнаюць. Мне яшчэ не хапала тваёй смерці. І куды мы князёўну дзенем?
— Ды слухай спакойна. Жуль, мілы, у нас з табою няма іншага выйсця. Хутка будзе світаць. Кін звязаны і бяссільны.
— Сціхні. І без тваіх ідэй моташна.
— Усё вельмі проста. Ты можаш мяне высадзіць у любым месцы.
— Вядома. — Ён паціснуў плячыма.
— Тады высадзі мяне ў князёўнінай спальні. Гэта адзінае выйсце. Зразумей нарэшце. Калі я не прабяруся да Кіна ў бліжэйшыя хвіліны, ён загіне. Я ўжо не кажу, што праваліцца вашая справа. Кін можа загінуць. І мне гэта не ўсё роўна!
— Ты хочаш сказаць, што мне ўсё роўна? Ты што думаеш, Кін першы? Думаеш, ніхто з нас не гінуў?..
З акенца павеяла вільготным халадком — надвор'е ў дваццатым стагоддзі таксама пачало псавацца. Брахалі сабакі. Ганна раптам адчула сябе ўдвая старэйшаю за Жуля.
— Не ў гэтым справа! Вядзі шар! Будзь мужчынам, Жуль! Вы азнаёмілі мяне з вашай справай…
— Так, але… — Жуль сумеўся. — Занадта мы ўжо лезем у мінулае.
— Перажывём. Успомні: Кін ляжыць звязаны.
Жуль некалькі секунд сядзеў нерухома. Потым рэзка павярнуўся, кінуў позірк на Ганну.
— Можа атрымацца так, што я не змагу сачыць за табою.
— Не марнуй часу. Вядзі шар у церам. Мне ж трэба пераадзецца.
— Пачакай, можа быць…
— Паехалі, Жуль, міленькі!
Ганну ахапіла ліхаманкавае нецярпенне, як бы перад скачком з парашутам, і было страшна, але страх запазніцца скочыць своечасова быў яшчэ большы.
Шар пакінуў Раманаву хату, праляцеў над дахам. Краем вока Ганна заўважыла агеньчыкі на сценах і далёкае зарыва. Наперадзе быў церам.
Шар завіс у калідоры, павольна папоўз уздоўж цёмных сцен. Ганна падышла да рамы, хацела ўвайсці, потым апамяталася, пачала паспешна сцягваць кофту…
— Усё чыста, — сказаў Жуль. — Можна.
— Пачакай! — крыкнула Ганна. — Я ж не магу там пакінуць вопратку…
Князёўна спала на нізкім куфры з цвёрдым узгалоўем, накрыўшыся коўдрай са шкур. Адзінокі каганец мігцеў на стале. Па шыбе з слюды сцякалі каплі дажджу. Шар закружыўся па пакоі, абышоў усе куткі і спыніўся перад заднімі, зачыненымі дзвярыма…
— Май на ўвазе, што там спіць яе цётка, — сказаў Жуль.
Потым іншым голасам, прагнаўшы сумненні:
— Добра. Цяпер слухай уважліва. Момант пераносу не павінен мець памылак.
Жуль падняўся, дастаў з пульта плоскую аплатку, крыху меншую за капеечную манетку, прыціснуў яе Ганне пад левым вухам. Аплатка была халаднаватая, цмокнуўшы, яна прысмакталася да скуры.
— Каб вярнуцца, ты павінна замкнуць поле. Для гэтага дакранаешся пальцам да гэтага… прысоска. Я цябе выцягну. Будзеш там прызямляцца — крыху падагні ногі, каб не стукнуцца.
Польская князёўна павярнулася ў сне, заварушыла губамі. Рука ўпала ўніз — сагнутыя пальцы дакрануліся да падлогі.
Ганна хуценька ступіла ў раму. Платформа холадам працяла яе босыя ногі. І адразу ж закружылася галава, і пачалося падзенне — падзенне ў глыбіню часу, бясконцае і страшнае, таму што не было за што ўчапіцца, не было каму крыкнуць, каб спынілі, затрымалі, выратавалі, і не было голасу, не было верху і нізу, была смерць або пярэдадзень яе, і ў галаве кружылася адна думка — чаму ж ёй не сказалі? Не папярэдзілі? Чаму ёй здрадзілі, пакінулі яе, забыліся? Яна ж нікому кепскага не зрабіла! Яна яшчэ такая маладая, яна не паспела пажыць… Жаль да сябе адгукнуўся болем у сэрцы, слёзнай слабасцю, а падзенне прадаўжалася і раптам… спынілася, заняло дух, нібы ў засеўшым ліфце, і Ганна расплюшчыла вочы…
Цвёрдая падлога стукнула знізу ў ступакі. Ганна праглынула сліну.
Каганец гарэў на стале. Побач стаяла крэсла з простаю высокаю спінкаю. Пах дрэнна вырабленых шкураў, дыму з печы, гарэлага масла, поту і мускусу стукнуў у ноздры… Ганна зразумела, што яна ў іншым стагоддзі.
Колькі прайшло часу? Гадзіна ці больш?.. Не, гэта памылковае адчуванне — Кін жа пранік у мінулае амаль імгненна: ступіў у раму і апынуўся ў Раманавым двары. А раптам машына сапсавалася і яе падарожжа на самай справе зацягнулася? Не, на невысокім куфры спіць польская князёўна, рука яе ледзь-ледзь дастае да падлогі.