25
— Тут вы дабываеце золата? — спыталася Ганна. У печы зус патухла, толькі пад попелам тлелі чырвоныя вугалькі.
— Мой пан робіць гэта, каб дагадзіць богу, — сказаў блазан.
— Веру, веру, — сказала Ганна. — А ці праўда, што ён вынайшаў кнігадрукаванне?
— Не ведаю такога слова, пані, — прамовіў блазан. Ён падышоў да вуголля і выставіў свае вялікія рукі.
— Ты дапамагаеш пану?
— Калі ён дазваляе мне. А навошта табе і твайму чалавеку мой пан? — спытаўся карлік.
— Я не зразумела цябе.
— Вы размаўляеце на мове, якая падобная на мову саксаў. Твой чалавек пабег па майго пана.
— Ты баішся за яго?
— Я баюся страху майго пана. І яго кахання да цябе. Ён забываецца пра другіх. Гэта прывядзе да смерці.
— Чыёй смерці?
— Сёння смерць чакае ўсіх. Калі хапаешся за адно, забываеш пра галоўнае.
— Што ж галоўнае? — Ганна хацела дадаць раб ці дурань, але зразумела, што не хоча больш гэтай гульні.
— Галоўнае? — Блазан павярнуўся да яе, адзінае яго вока было страшэнна сумнае. — Ты чужая. Ты не можаш зразумець.
— Я паспрабую.
— Зараз божыя дваране пойдуць на прыступ. І нікому літасці не будзе. Але калі я здагадаўся правільна, то баярын Раман хадзіў, каб дамовіцца з божымі дваранамі так, галоўнае прападзе.
— Але ж застаецца навука, яе вялікае адкрыццё.
— Ты, князёўна, з багатых. Ты ніколі не галадала. Цябе ніколі не білі, не палілі, з цябе не здзекаваліся… табе нічога не пагражае. Цябе ніхто не кране — ні тут, ні ў турме. А вось усе гэтыя людзі, тыя, што спяць ці не спяць, хвалююцца, п'юць, ядуць, плачуць на вуліцах, — іх паб'юць. І ўсё гэта не мае значэння для майго пана. І для цябе — іх мука да вас не даляціць.
Карлік, асветлены чырвоным святлом вугалёў, быў страшны. Вось такія былі першыя прапаведнікі сярэдневяковай справядлівасці, такія ішлі на кастры. Людзі, якія зразумелі, што кожны варты жыцця, і былі бяссільныя.
— Ты памыляешся, блазан.
— Не, не памыляюся. Нават цяпер у тваіх добрых вачах і ў тваіх добрых словах няма праўды. Ты не ведаеш, ці ёсць у мяне імя, слава і гонар. Блазан, дурань…
— Як цябе завуць?
— Акіплеша — гэта таксама мянушка. Я не памятаю свайго імя. Але я не раб! Я зраблю тое, чаго не хоча рабіць Раман.
— Што ты можаш зрабіць?
— Я выйду падземным ходам, я знайду ў лесе ліцвінаў, я скажу ім, каб спяшаліся.
— Ты не паспееш, Акіплеша, — сказала Ганна.
— Тады я разбуру ўсё гэта… усё!
— Але гэта жыццё твайго пана, справа яго жыцця.
— Ён заваражыў цябе, князёўна! Каму трэба яго справа, мая справа, твая справа, калі сыдуць крывёю хлопцы і немаўляты, жонкі і мужы — усе дзеці Хрыстовы? Аднак я не магу разбураць…
Блазан ускараскаўся на крэсла, сеў, звесіўшы ногі, апусціў галаву на рукі, нібы заснуў. Ганна маўчала, глядзела на шырокую гарбатую блазнаву спіну. Не паднімаючы галавы, глуха ён спытаўся:
— Хто ты, князёўна? Ты не тая, за каго выдаеш сябе.
— Хіба гэта так важна, Акіплеша?
— Хутка развіднее. Я ведаю людзей. Дурні назіральныя. Мой пан нам здрадзіць, і я не магу спыніць гэтага.
— Скажы, Акіплеша, твой пан напраўду такі вялікі чарадзей? Большы за царкоўных каралёў і зямных князёў.
— Слава ў яго будзе вялікая, — сказаў блазан. — І каралі прыйдуць да яго на паклон. Інакш я не звязаў бы з ім свайго жыцця.
— А што ты мог зрабіць?
— Я мог уцячы. Я мог пайсці да другога гаспадара.
— Ты так на самай справе думаў?
— І не раз. Але каму патрэбен кульгавы вырадак? Каму я дакажу, што ў мяне такое самае сэрца, такая самая галава, як і ў знакамітага?
— Раман гэта ведае?
— Раман гэта ведае. Бог надзяліў яго розумам.
— А цябе?
— Раман ведае мне цану.
— І ўсё?
— А што яшчэ? Што яшчэ патрэбна рабу і вырадку?
— Ты ненавідзіш яго? Ты… ты не раўнуеш мяне да яго?
Блазан адкінуўся ад стала, зарагатаў, скрывіўшы грымасай і без таго знявечаны твар.
— Цябе? Да яго? У мяне адно вока, гэтага хапае, каб зразумець, што князёўна Магда спакойна спіць у цераме. Ты нават не магла абуць яе боцікаў, ты не вельмі асцярожная. І голас цябе выдае. І мова. Але не бойся. Раман не здагадаецца. Ён бачыць толькі сваё каханне, ён сам ім любуецца. Ты птушка ў небе, слодыч невыказная — таму ты і патрэбна яму. Мала яму ўлады на зямлі, ён хоча і птахаў нябесных прыручыць… Ён прыме цябе за Магду, таму што хочацца яму прыняць цябе за Магду, цётачка! Ён разумны, а ў прываротнае зелле верыць!
— Дык ты замест прываротнага зелля зрабіў соннае?