— А ты што хацела? Нельга ж было, каб яна бегла сюды. Таму я так здзівіўся з цябе. Зелле ж выпрабаванае. Я з ім два разы з аковаў уцякаў. Нават з замка Крак.
— Як ты трапіў туды?
— Вядома як — за варажбу. За глупства.
— Мне дзіўна, што ты раб, — сказала Ганна.
— Іншы раз мне таксама… Бог кожнаму вызначыў месца. Мабыць, так і трэба… так і трэба.
— Ты небяспечны раб. Ты не дурань, а прытворшчык.
— Не, дурань. Толькі без нас, дурняў, разумнікі павыміраюць ад свайго розуму ды нудоты… А вось і яны…
Раман спусціўся па лесвіцы першы.
— Вы чаго тут? — спытаўся ён. — Чаму не правёў князёўну ў пакоі?.. — Ён дакрануўся да Ганнінага пляча.
Кін і хлопец спусціліся следам. Кін пакланіўся Магдзе. Раман паглядзеў на яго і спытаўся ў князёўны:
— Гэта праўда, што ён з табою?
— Праўда, ён заўсёды са мною, — сказала Ганна цвёрда. — Я пасылала яго, каб ён аберагаў цябе. І ён будзе цябе берагчы.
— Я рады, — сказаў Раман. — Усё будзе добра! Усё абыдзецца! Мы зробім, як нам трэба. Ордэн ужо падступіў да сцен.
— Як? — Блазан стаў панурым. — Ужо прыступ?
— Яны за сто крокаў, ідуць да варотаў. Літвы ўсё няма…
— А чаго ты прыйшоў сюды? — спытаўся блазан. — У нас з табою няма тут агню і мячоў. Наша месца на сценах… З усімі.
— Глупства кажаш, — вымавіў Ранан, зноў падыходзячы да Ганны і беручы яе за пальцы. Далонь у Ранана была вільготная і гарачая. — Гарады будуць гінуць, і людзі будуць паміраць, але вялікія веды застануцца на вякі. Забудзь пра дробязі, ды не па чыне табе гэта думаць, — завяршыў Раман суха, нібыта ўспомніўшы, што блазан яму не сябар, а толькі слуга.
Блазан, зірнуўшы на Ганну, адказаў:
— Я сваё месца ведаю, дзядзечка.
З далечыні да падзямелля данёсся шум — знайшоў сабе дарогу праз платы, сцены, крык людзей, які зліўся ў грозны роў, і адказам яму былі разрозненыя вокрыкі і стогн унутры горада. Тут жа адгукнуліся званы на плошчы — гужліва, часта, быццам сціснутае страхам сэрца, яны гулі, просячы божай літасці.
Усе сціхлі, прыслухоўваючыся. Раман хутка падышоў да куфра ў кутку пакоя, праверыў замок.
— Дапамажы! — сказаў ён блазну і налёг на куфар, перасоўваючы яго ў глыб падвала.
— Мы ўцякаем? — спытаўся хлопец.
— Не, — адказаў Раман.
— Ты будзеш змагацца? — спытаўся блазан.
— Буду, — адказаў Раман. — Ідзі паглядзі, як там на сценах. Можа, твой меч там спатрэбіцца?
— Не пайду, — запярэчыў блазан.
— Не ўцяку я, не бойся.
— Я баюся іншага, — вымавіў блазан.
— Чаго ж? Кажы.
— Здрады баюся.
— Дурань і памрэш па-дурному, — сказаў Раман, беручыся за дзяржанне мяча.
— Усё-такі заб'еш мяне? — Блазан быў здзіўлены.
— Калі раб здраджвае, — сказаў Раман, — яго забіваюць.
— Не ўздумайце! — крыкнула Ганна. — Як вам не сорамна.
— Сорамна? — Блазан караскаўся па лесвіцы.
— Ты куды? — спытаўся Раман.
— Зірну, што там робіцца, — сказаў блазан. — Пагляджу, ці трымаюць вароты…
Ён знік, і Раман павярнуўся да Кіна, але перадумаў, паглядзеў на хлопца.
— Ідзі за ім, — сказаў ён. — Прасачы…
— Што? — не зразумеў хлопец.
— Каб ён не падышоў да каго-небудзь з князевых людзей. Да князя каб не падышоў… а зрэшты, заставайся. Ён не паспее.
Раман паводзіў сябе дзелавіта, суха і холадна. Ён паглядзеў на пясочны гадзіннік. Потым акінуў позіркам тых, хто заставаўся ў сутарэнні.
— Князёўна Магда, — сказаў ён, — душа мая, падніміся наверх. Ідзі ў тыльныя пакоі. І не выходзь адтуль. Ні ў якім разе. А ты, — ён загаварыў да Кіна, — глядзі, каб не выйшла.
— Раман, — сказала Ганна, — мой чалавек застанецца з табою. Я веру яму больш, чым каму іншаму.
— Няхай будзе па-твойму, — Раман усміхнуўся. Цудоўная была гэтая добрая, шчаслівая ўсмешка. — Дзякуй. З табою пойдзе Глузд.
— Ідзі, — сказаў Кін. — Баярын кажа праўду. Ідзі, князёўна, далей ад небяспекі. Больш тут табе няма чаго рабіць.
Ганна паднялася па лесвіцы першая. Ззаду ішоў хлопец. Ён стаміўся, твар яго асунуўся, ён быў напалоханы. Звон і крыкі разносіліся над горадам, і калі Ганніна галава паднялася над падлогаю, шум аглушыў, уварваўшыся праз высокія вокны верхняй святліцы… І яшчэ Ганна паспела ўбачыць, як кінуўся да выхаду блазан — аказваецца, ён нікуды не пайшоў. Ён падслухоўваў. Можа, так і лепш. Можа, ёй на самай справе пара дакрануцца да прысоскі пад вухам.
Яна накіравалася да тыльных пакояў. Хлопец апярэдзіў яе, адчыніў перад ёю дзверы; увайшоўшы, Ганна кінула позірк назад: блазан стаяў за вершнікам, невыразна акрэсліваўся там, быццам куча лахманоў. Ах, не трэба было аглядацца, бо хлопец сачыў за ёй і заўважыў нейкі рух каля дзвярэй.