Напэўна, ён проста спалохаўся. Мабыць, не здагадаўся, што там Акіплеша. Нечакана моўчкі, як воўк, даганяючы ахвяру, хлопец кінуўся ў куст, наставіўшы нож перад сабою, быў ён нястрымны і больш нічога не бачыў.
Ганна толькі паспела ахнуць…
Блазан мякка адскочыў убок, хлопец стукнуўся аб сцяну і ўпаў, заняўшы блазнава месца ля сцяны. Гарбун выцер тонкае лязо штылета, сказаў, як бы просячы прабачэння: — Ён мне не раўня… я ў сарацынаў навучыўся.
— Я не магу больш, — сказала Ганна. — Не магу…
— Страшны час, — сказаў блазан. — Напэўна, не было яшчэ такога жорсткага веку, і я таксама жорсткі… Але я не подлы. Разумееш, я не подлы. Я абараняюся, але не здраджваю…
Блазан падышоў да адчыненага люка і спыніўся так, што з сярэдзіны яго было цяжка ўбачыць.
— Ці будзе лепшы час? — спытаўся ён у самога сябе, гледзячы ўніз. — Ці будзе добры час, ці смертаносныя коннікі ўжо скачуць па нашай зямлі?
— Будзе, — сказала Ганна. — Павінен быць.
Блазан маўчаў. Ганна адчула, як напружыліся яго плечы і кароткая шыя. Яна зрабіла крок наперад, заглянула ўніз, у сутарэнне. Раман прынік да патайных дзвярэй прыслухоўваючыся. Кін ззаду.
— Адыдзіся, — адмахнуўся ад яго Раман.
Кін паслухмяна адступіў на некалькі крокаў.
У дзверы стукнулі два разы. Потым яшчэ тры разы.
— Я так і ведаў! — прашаптаў блазан. — Я ведаў… Трэба было бегчы да князя!
Раман адсунуў засаўку, і цяжкія дзверы адчыніліся. У праходзе стаяў рыцар Фрыдрых. Кальчуга прыкрыта шэрым плашчом, меч выняты з ножнаў.
Раман адышоўся ўбок. Рыцар Фрыдрых спытаўся:
— Усё ў парадку?
— Усё, — адказаў Раман. — Як там каля варотаў?
— Хутка рухнуць, — сказаў Фрыдрых. — Хутка.
Ён накіраваўся назад у цёмны праход і крыкнуў штосьці па-нямецку. Раптам блазан завішчаў, як параненая жывёліна, і скочыў уніз, мінаючы лесвіцу, з двухметровай вышыні, і ўмомант апынуўся каля дзвярэй, імкнучыся дацягнуцца да засаўкі.
Раман першы скеміў, у чым справа, і схапіўся за тронкі нажа. Ганне здалося, што ён ненатуральна павольна выцягваў нож і блазан гэтаксама плаўна, як пры запаволеных здымках, паварочваецца, так і не паспеўшы зачыніць дзверы, а ў руцэ ў яго блішчаў штылет…
— Кін! — адчайна крыкнула Ганна. — Не той!
Кін павярнуўся да яе. Вочы ў качэўніка зрабіліся вузкімі шчылінкамі. Голас яго быў ціхі, але страшны, і непадпарадкавацца было нельга:
— Ідзі зараз жа.
Ганна зрабіла крок па лесвіцы. Галоўнае цяпер было растлумачыць Кіну…
— Націсні на прысоску! Загубіш усё!
І Ганна, амаль не разумеючы, што робіць, але не могучы пярэчыць, паднесла палец да шыі…
І ў гэты момант ёй стала млосна, усё правалілася, знікла, бясконцая бездань часу захапіла яе і панесла цераз цемру, між недарэчных і незразумелых прывідаў: лавіна конскіх мызаў і капытоў неслася на яе праз агонь, які вырываўся з вежаў драўлянага горада, засвістаў вецер, данесліся абрыўкі музыкі…
Ганна стаяла ў маленькім халодным пакойчыку ў цётчынай хаце. Яна трымалася за галаву, жмурылася ад святла, і Жуль, схіліўшыся над пультам, крычаў ёй, не паварочваючыся:
— Зрабі крок убок! Выйдзі з поля!
Ганна паслухмяна ступіла — галава кружылася, яна ўбачыла перад вачыма шар — як акно ў падвал.
Надта маленькі ў шары блазан біўся з Раманам, і рука яго, як абцугамі, схопленая Раманавай рукой, торгалася, сціскаючы штылет. Свабоднай рукой Раман выцягваў свой нож і крычаў штосьці, але Ганна не чула слоў.
— Не той, — сказала яна хрыпла. — Не той!
Блазан вывернуўся, і Ганна ўбачыла, як штылет уваткнуўся ў бок баярыну Раману і той пачаў асядаць, не адпускаючы блазна. У сутарэнне лезлі адзін за адным нямецкія ратнікі. Рыцар Фрыдрых замахнуўся сваім мячом… І мільгануў ценем Кін…
— Не той! — паспела яшчэ раз крыкнуць Ганна.
У той жа момант з шара зніклі двое: Кін і блазан. Фрыдрыхаў меч рассек паветра. І, адкінуўшы яго, рыцар апусціўся на калені над Раманавым целам, падаў знак, каб яны беглі наверх. І ратнікі адзін за адным пачалі падымацца па лесвіцы — жвава і спрытна…
Шар патух.
— Усё, — сказаў Жуль.
— Дзе яны? — спыталася Ганна.
— Яны прайшлі скрозь нас. Яны ўжо там, дома… Ты не ўяўляеш, як я стаміўся.
— Я таксама стамілася, — сказала Ганна.
— Дзякуй, — сказаў Жуль. — Без цябе было б не выбрацца нам.
— Не варта падзякі, — адказала Ганна. — Ты ўпэўнены, што ён забраў Акіплешу?
— Ты ж бачыла, — адказаў Жуль. Ён падняў пульт і паклаў у чамадан.