Калі яны, выбраўшы самы пакаты пад'ём, дасягнулі седлавіны ўзгорка, цяжкая шапка ўжо страціла аб'ём і сілуэтам прыклеілася да ультрамарынавага фону. Тут Серж мімаходам зірнуў на гадзіннік і ўбачыў, што ўжо пачатак дзевятай гадзіны.
— Ну і што? — сказала Іра. — Апошні аўтобус, здаецца, у дваццаць адну дваццаць.
— Давай вернемся, — скурай на лапатках адчуўшы небяспеку, папрасіў Серж. — У цемнаце тут вельмі проста ногі зломіш. Акрамя таго, вадзіцель аўтобуса наўрад ці дакладна трымаецца раскладу. Можа і раней паехаць.
— А можа і пазней.
— Гэта наўрад, ехаць няма каму — нядзеля... «Нядзеля» — раптам сказаў выразны голас над вухам у Сержа. Ён палез у нагрудную кішэню гімнасцёркі, дастаў блакнот і прачытаў запісаны сваёю рукою графік руху аўтобуса: «Адпраўленне з сяла X... — 18.00, 19.30, 21.20. Нядз. і святы — апошні 19.30». У яго неяк адразу аслаблі навярэджаныя ногі. Сеў у траву.
Вядома, яны маглі спусціцца і зусім спакойна заначаваць у X... Ледзь не кожны селянін з задавальненнем пусціў бы іх у хату, а гаспадыня дала б павячэраць: густое пахучае малако пад рудою пенкаю, лусты мяккага і сытнага хлеба... І ў выніку спакойнай ночы на тоўстых утульных сенніках, мы з Сержам яшчэ незлічоную колькасць гадоў сустракаліся б і гутарылі аб узвышаным і адцягненым. Але Іры суджана было прадэманставаць, што яна ўжо дык здольная на хуткія і цвёрдыя рашэнні.
— Не дрэйфі, стары. Няма ліха без дабра. Здаецца, з часоў будатрада не спала на траве, пад адкрытым небам. Давай тут заначуем!
— Проста тут?
— Ага! Я стамілася страшэнна. А месца якое! Бачыш гваздзікі?
— Вось іменна, я не ведаю, якое гэта месца...
Ірына з размаху села ў траву і пастукала далонню па зямлі:
— Даставай падсцілку. Ну? Да раніцы зямля будзе халодная і мокрая...
Тут Серж перапыніў свой расказ, каб патэтычна ўсклікнуць, хапаючы мяне за руку.
— І я ж усім нутром адчуваў, што нельга тут заставацца, а ўсё ж такі застаўся! Ну, ці не баба я? Апошняя баба!
Ірына заснула першая, моцна абняўшы мужа і прыціснуўшыся да яго ўсім целам. Яе цёплае дыханне, рытмічна дакранаючыся да Сержавай шчакі, паступова заваражыла яго...
Ён прачнуўся ад рэзкага холаду. Ірына варочалася ў сне, адкацілася і ляжала цяпер, скруціўшыся абаранкам, калені да падбародка, напалову па-за падсцілкаю. Серж паспрабаваў асцярожна, каб не разбудзіць, перацягнуць яе назад. І раптам пачуў ціхае металічнае пабразгванне. «Быццам нехта падтрэсваў вязкаю ключоў».
Трывога, якую не развеяў і сон, прымусіла яго замерці на месцы. Маладзіковая ноч разгарнулася над вышынямі ўзлахмачаных узгоркаў, дражнячы халодным ветрыкам. Толькі па адсутнасці зораў можна было пазнаць шапку гарадзішча. Серж падняўся на калені, потым устаў.
Унізе, на раўніне без агнёў, пазнаваліся толькі светлыя плямы сажалак, дарога і многа далей, за масівамі чорных лясоў, сам гарызонт, абведзены электрычным зарывам Горада. Горад быў недасягальны, як задыякава святло. Ад нябачнай бахчы, дзе перад захадам сонца весялілася Іра, нагой качаючы слановыя чарапы гарбузоў, нехта ўзбіраўся па схіле, цмокаючы і брынкаючы металам. Жах праняў Сержа да кончыкаў пальцаў, ён ледзь быў не закрычаў на ўвесь голас, але стрымаўся, прыкусіўшы костачкі рукі.
Цяпер ён выразна бачыў, як падымаецца на ўзгорак высокі белы конь, напружыўшы мышцы лапатак і дужай шыі. Конская галава ківалася пры кожным кроку, падкрэсліваючы, якіх намаганняў каштуе яму пад'ём.
Як і ўсе гараджане, Серж ведаў, як гукаюць сабаку ці кошку, але звяртацца да каня, натуральна, не ўмеў. Таму ён не знайшоў нічога лепшага, як памахаць рукою, свіснуць і прахрыпець тэатральным шэптам:
— Гэй, ты! Хадзі сюды!..
На здзіўленне, конь спыніўся і натапырыў вушы. Потым павольна павярнуў галаву да Сержа, быццам нечага чакаў.
— Зараз, галубок, зараз, мілы, — замармытаў ён, вызваляючы сваю сумку з-пад Ірынай нагі, стаў ліхаманкава рыцца ў ёй. Сёння ўдзень яны з Ірынай наеліся булкі з сочывам і таму праігнаравалі мяшочак цукровага печыва. Ах, як гэта печыва цяпер дарэчы.
Серж абышоў Іру, якая спала, і з мяшочкам у выцягнутай руцэ, з нейкім супакойлівым лепятаннем, пайшоў насустрач госцю.