Прастора рабілася па-ранішняму неабсяжная, выразней вызначаліся дарогі і абрысы палёў. Маладзіковы сярпок ужо не асвятляў неба, а неяк дэкаратыўна прыткнуўся над зіхатліваю рысаю ўсходу. Холад працінаў да нутра. Дрыжучы і ляскаючы зубамі, Серж прымусіў сябе ўстаць і выправіўся шукаць сушняк.
На пад'ёме седлавіны Серж падабраў папяровы мяшочак і адразу з прыкрасцю кінуў, бо папера аказалася мокрая ад расы.
Вярнуўшыся з ахапкам сухіх сцяблоў і вырашыўшы скарыстаць для распальвання пакеты з-пад ежы, ён раптам успомніў. Мяшочак быў Ірын, у ім прынеслі з дому цукровае печыва. Мяшочак ляжаў далёка ад начлегу. Мяшочак быў пусты — значыць, печыва...
Шпурнуўшы галлё, ён кінуўся назад да скамечанай паперкі, якая атрымала цяпер пагрозлівае значэнне. Трава і канюшына вакол яе былі ўтаптаныя ў зямлю конскімі капытамі...
Ён змоўк і стаў глядзець на мяне з такой просьбай, з такім чаканнем, што я зблытаўся і адразу ж прыдумаў нейкае даволі складанае тлумачэнне. Маўляў, і ў мяне бываюць раскошныя сюжэтныя сны, я нават некаторыя запісаў, а можа быць, гэта і не сон увогуле, а якая-небудзь «спадчынная інфармацыя», абуджаная адпаведнымі абставінамі, — ёсць такія гіпотэзы...
Белага каня, адпушчанага пасвіцца на начлег, Серж, вядома, карміў, а ўсе наступныя падзеі — «сам разумееш»...
Ён не чакаў іншага адказу: падзякаваў, паціснуў мне руку, мы пайшлі есці марожанае, прычым Серж па маёй просьбе ўспамінаў усё новыя падрабязнасці прадметаў, але рабіў гэта ўжо амаль спакойна. Здаецца, я пераканаў яго больш, чым сябе. Ува мне штосьці ныла, быццам я наўмысна схлусіў...
Што яшчэ я магу сказаць?
Да сну на гарадзішчы мы з Сержам вярталіся неаднаразова. Урэшце ён адкрыўся і Ірыне.
Выслухаўшы, яна сказала менавіта тое, што мы ад яе і чакалі: «Ах, Сяргей ты, Сяргей, чаго ж ты мяне не пабудзіў, калі карміў гэтага красуна? Можа быць, мы б з табою ўдваіх туды трапілі!» Наконт маладзенькай «царыцы», якая іграла такую ролю ў прывідах мужа, Іра заўважыла з наўмыснай няўважнасцю: «З дзяцінства на кані — значыць, ногі ў яе як колы!» Але пасля ўсіх гэтых какетлівых дробязей быў пушчаны ў ход адточаны Ірынін інтэлект. Яна сказала, што, маўляў, даўно задумваецца пра дынамічную і складаную структуру часу. Што анізатропнасць часу ў яе пад сумненнем і ў класічную ўэлсаўскую машыну часу яна не верыць і ва ўсе парадоксы, якія ўзнікаюць з яе, накшталт забойства свайго прапрадзеда, не верыць таксама.
Магчыма, існуе нейкі перанос інфармацыі, калі субстрат, які знаходзіцца ў мінулым, кадзіруецца звесткамі з будучыні.
Карацей кажучы, наш сучаснік можа трапіць у мінулае толькі часова, пасяліўшы сваю свядомасць у целе аднаго з продкаў, а затым «перазапісаўшы» яго назад з новым грузам памяці...
Пазней я скеміў, што ўсе Ірыніны разважанні — толькі даніна яе любові да парадку і завершанасці. Няхай яе з Сержам гняздо шырокае, няхай яно змяшчае і мінуўшчыну і будучыню, але гняздо павінна быць абаронена з усіх бакоў. Ніякіх трывожных нявырашаных пытанняў. Яснасць.
Мне ж Ірыніна гіпотэза здаецца вельмі няпоўнай, яна адлюстроўвае толькі адну грань ісціны... Мы ж самі, рэчыва, з якога мы складаемся, — гэта, урэшце, і ёсць упарадкаваная прастора — час.
...І таму нельга падарожнічаць у часе, як уэлсаўскі герой, а можна толькі існаваць альбо ў адных каардынатах, альбо ў іншых, душой і целам...
Напэўна, каб разабрацца ў гісторыі на гарадзішчы, мала нашай фармальнай логікі. Гэтая задачка — з падручніка XXIII стагоддзя.
А самога Сержа ўся гэтая прамудрасць мала хвалявала. Ён успамінаў радасць у вачах, якая бліснула насустрач збавіцелю. Ён пакутаваў ад сваёй нікчэмнасці і прагнуў...
Прагнуў выправіць промах.
Стварыць іншую сітуацыю, іншы ўзор тканіны часу.
І ён знік бясследна ў пагодлівы вераснёвы дзень, выехаўшы з дому. На ім была гімнасцёрка і палявая сумка цераз плячо. І, напэўна, цукар у сумцы. Іра падняла на ногі ўвесь горад, крымінальны вышук збіўся з ног — дарэмна.
А наш інстытут, не без маіх руплівых захадаў у вярхах, нарэшце правёў раскопкі ў злашчасным гарадзішчы амаль па ўсёй яго плошчы.
Мы знайшлі рэшткі драўляных ідалаў са слядамі аранжавай вохры. Мы знайшлі пахаванне каля самага горада: шкілет маладой невялікага росту жанчыны, чорнаглянцаваны збан і чарпак у галавах, доўгі вузкі меч, некалькі кручаных бранзалетаў і бронзавыя пацеркі з сердалікавай падвескай. У жанчыны — рассечанае цемя.
За некалькі крокаў на ўсход была выяўлена магіла рослага мужчыны з панцырнымі лускамі на рэбрах. Побач ляжала баявая сякера...
Я думаю, што гняды конь усё-такі прабіўся скрозь дзіды, што «царыца» недарма з такой надзеяй усміхалася. Што Серж урэшце знайшоў у сабе мужнасць выкупіць сваю страшную віну хоць бы тым, што сам загінуў на месцы гібелі кавалёвай каханай (хто ведае, ці не сваёй сапраўднай каханай...).