Убачыў усмешку і ў Бураўкіна:
- Вось так, дружа, успрымуць твой твор крытыкі-секачы, - сказаў ён мякка. - Яны бачаць вясковага настаўніка па-даўняму. Яшчэ з даваеннага часу. Калі той быў на сяле амаль адзіны высокаадукаваны чалавек і яго вельмі паважалі. А рэаліі змяніліся. З праблемамі, пра якія ты пішаш. - І для мяне радасна: - Тваёй аповесцю адкрыем новы год. І будзем чакаць абстрэлу.
Бураўкінская прадбачлівасць спраўдзілася: крытыкі старэйшага пакалення адзначылі “перавагу малюнкаў змрочнай рэчаіснасці, асабістага над грамадскім”, “недахоп коласаўскіх традыцый і няяркасць вобразу новага Лабановіча” і г. д. Асабліва балюча было чуць на пленуме Саюза пісьменнікаў выступленне прыўлашчанага ўладай дырэктара прырэчыцкай школы, паэта: ён амаль увесь свой час выступлення прысвяціў пагрому маёй аповесці, пахваліўшыся, што вось яго (так і гаварыў: “мае”) настаўнікі не ныюць, а ідуць у народ і заўсёды з ім. Пасля пленума злавіў мяне, зашчыраваў: “Разумееш, у прэзідыуме сядзеў міністр асветы. Бачу: яму маё слова падабаецца. А на яго стале прадстаўленне мяне на заслужанага... А ты. Здольны, новае напішаш. Толькі пастарайся дагадзіць”. Я не пераацэньваў свайго тварэння (хапала жыццёвага матэрыялу, але не я ўзвысіўся над ім, а ён нада мной). Ды з-за пачутага не падаў перадавіку рукі, а пазней, калі яго азаслужылі, адмовіўся ад запросін выступіць у ягонай школе. Мо і з-за нападак аповесць прачыталі Я. Брыль, І. Шамякін і сказалі прыязнае слова, а І. Мележ, тады ўслаўнены празаік, намеснік старшыні праўлення СП, старшыня прыёмнай камісіі, паклікаў і прайшоўся па ўсёй аповесці: “вось так пішыце, гэта проза”, “а вось так не: газетна”, “вось тут можна, каб не зацягваць, пераказаць, а вось тут трэба малюнак...”. Яшчэ без кнігі прапанаваў збіраць патрэбныя дакументы для паступлення ў СП. Не наракаю і на чытачоў: званкоў, лістоў было шмат. І ў духу прырэчыцкага перадавіка, і згодных ды ўхвальных. Пазней, калі аповесць пабачыла свет у маскоўскім “Советском писателе”, прыходзілі водгукі на адрас СП і з іншых рэспублік. Адзін рэжысёр падмеўся яе экранізаваць, толькі запатрабаваў нейкага канфлікту добрага з лепшым. Не змог дагадзіць...
Стаўшы членам СП, а неўзабаве і членам яго Праўлення, членам КПСС і членам партбюро, намеснікам сакратара, часта прысутнічаў на розных пісьменніцкіх паседжаннях, сходах, і не мог не заўважыць: аксакалы пачынаюць асцерагацца актыўнага, прынцыповага члена прэзідыума Бураўкіна, які ў 40 гадоў набраў моц як рэдактар (падтрымаў незвычайную па адкрытасці калектыўную кнігу “Я з вогненнай вёскі...”, дзе не толькі пра героіку, а і пра вялікія, сыходныя з усіх бакоў страты, боль, пакуты і незлічоную гібель нашага народа ў час апошняй вайны), займеў том выбранай паэзіі, высока ацэнены ў друку П. Панчанкам, папаўняў свой набытак новымі вершамі, а крыху пазней вызначыўся паэмай “Ленін думае пра Беларусь”.
Не без таго, некаторыя “праўдарубы” пагаворвалі: гэта яго прадуманы ход на Дзяржаўную прэмію. Я ў ліку тых, хто лічыў і лічыць: на гэты раз быў спрыяльны ход для завастрэння ўвагі да лёсу Радзімы (у Леніна сапраўды ёсць радкі, дзе ён піша пра незалежнасць Фінляндыі і Беларусі, адпаведна ведаючы, што наш край у садружнасці ВКЛ меў волю, развіваўся на стараславянскай і старабеларускай грамадскай ды культурнай аснове, займеў не падпарадкаванне, як свярджалі некаторыя гісторыкі-фальсіфікатары, а вядучую ролю). Разгортваючы матывы трагічнага лёсу роднага народа ў мінулым, Бураўкін не проста выяўляў удзячнасць Леніну, Кастрычніцкай рэвалюцыі, без якіх і гутаркі не было б пра нашу дзяржаўнасць, а яшчэ выказваў трывогу за яе, заклікаў больш думаць. Значыць, і дбаць. А Дзяржаўную прэмію атрымае за кнігу вершаў высокага грамадзянскага гучання “Варта вернасці” (1980).
Многія з нас чакалі: на чарговым з’ездзе СП актыўны і дзелавы Бураўкін стане яго старшынёй, разварушыць дрымотнаватую атмасферу ў ім (яе будзілі нацыянальныя заўзятары Н. Гілевіч, У. Дамашэвіч і іншыя, але ў большасці іхні голас не выходзіў за Дом літаратара). Ды гэтая пасада не была яму саступлена старой гвардыяй. Яе падтрымліваў ЦК КПБ, а яна кампрамісіла з ім. Тады на нашым з’ездзе тайным галасаваннем абіралі толькі Праўленне, а на першым ягоным паседжанні выходзіў сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі і з лістка зачытваў склад пісьменніцкага кіраўніцтва, які зацвярджаўся ўжо адкрыта, падняццем рукі (звычайна аднагалосна). З 1948-га па 1990-ы ў нас было толькі два старшыні. Броўка і Танк. Яны атрымалі ўсё, што хацелі, і былі спакойныя, забяспечвалі суціш у СП.