Выбрать главу

Бураўкінскія ўсебаковыя здольнасці ўсё ж былі высока ацэненыя самім Першым і накіраваныя на важную партыйна-дзяржаўную, культурна-выхаваўчую дзялянку - галоўным на радыё і тэлебачанні. Такім чынам, ён патрапіў у кіруючае асяроддзе агледжаных і вылучаных, далучаўся да вышэйшай эліты, кругагляд і светапогляд якой ён ужо спазнаў. Але, ступіўшы на чыноўніцкую сцязю, заставаўся паэтам, і не бязродным, а нацыянальнага складу, не мог цалкам уліцца ў натоўп прыстасавальнікаў і выканаўцаў спасланага зверху. Ягоны чалавечы ды творчы зарад “неспакойнага племені” патрабаваў ініцыятывы, пошуку калі не зусім новага, то хоць свежага, надзённага.

Аднойчы завялася гутарка з Бураўкіным пра трыманы мной у руцэ калектыўны зборнік “Неизвестная Беларусь. 2005”, дзе погляд на нашу краіну вачыма расійскіх, польскіх, беларускіх палітолагаў, пісьменнікаў, гісторыкаў і дзе сабраныя рознагадовыя выказванні на гэты конт нашай яркай зоркі В. Быкава. У прыватнасці, пра так званую талерантнасць нашага народа. Нельга было не згадзіцца з тым, што падкрэсліваў Васіль Уладзіміравіч: люд здаўна нагараваўся з-за бясконцых войнаў, насілля і пабораў, жорсткай кары за паўстанні супроць несправядлівасці, у ХХ ст. панёс шмат страт і ахвяр у Першую сусветную вайну, цяжка перажыў кайзераўскую і, як раней казалі, белапольскую акупацыю, бальшавіцкі гвалтоўны пералом вясковага ладу, жудасныя і незлічоныя даваенныя тэрор і рэпрэсіі ды насілле з розных бакоў у час Другой сусветнай вайны, то вось людзі пасля ранейшых бед удасканалілі ўменне цярпець самае невыноснае і... трымаць язык за зубамі. Ды часам самі ганьбуючы сваю душу. Каб выжыць. І як папракнеш за гэта шматпакутных маці і бацьку, дзядоў і прадзедаў?! Асцярогі і страх не маглі лёгка знікнуць, перадаваліся, як таму коласаўскаму дзядзьку Антосю ў Вільні, дзецям, унукам. То вось, паводле заўвагі Быкава, заіснавала нялепшая людская якасць - змушаная апалітычнасць. Як мазоль зацвярдзелы, яна не магла належна паспрыяць і ў перабудову нацыянальнаму абуджэнню: людзі не маглі не бачыць шум-бурум пра змены-перамены там, у Маскве, а ў нас - ганенні на прыхільнікаў перабудовы і найперш у нацыянальнай справе, якіх падаюць за прадажнікаў Захаду, за ворагаў партыі, сацыялізму, СССР. У нас націскалі на памяркоўнасць народа. Значыць, жадалі, каб ён і далей быў менавіта такі - вынослівы ды пакорлівы, цярплівы да сталінска-брэжнеўскага рэжыму, бачыў сябе толькі савецкім членам вялікага працоўнага калектыву і задавальняўся на святы маленькай радасцю - чаркай і скваркай.

Пры той гутарцы пра быкаўскія разважанні мы засяродзіліся і на іншым сугучным. Да слова, пра тое, што да 1950-га каля 80% нашых насельнікаў жыло ў вёсках, пасля ў пошуках лепшай долі і патрэбе рэспублікі моладзь рушыла ў гарады і да 1980­га абмяліла вёскі да 44%, а вось лік гараджан давяла да 56%. Не адзін мільён Ясяў і Янін у сукупнасці папоўніў рабочы клас, розную абслугу і гандаль, пазаканчваў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, стаўся інтэлігенцыяй разнастайных профіляў, а то і высока аступеніўся і, паўтаруся, шматліка апартыіўся і апасадзіўся, выслужваючы новую перспектыву. Адпаведна, не адзін мільён спрычыніўся да ўрбанізацыі нашага грамадства. Мноства Ясяў і Янін лічыла сябе “тожабеларусамі” і крыўдзілася за мянушку “таўкач”, але ўсё ж пакінула свой беларускі дух у вёсцы, не змагло перанесці яго ў гарады, як, скажам, сельскія літоўцы аблітовілі Вільню. Каб такога не здарылася, каб не адступіцца ад фармавання савецкага грамадзяніна, наша паслухмянае кіраўніцтва паказвала наказаны яму з цэнтра прыклад у гэтым: выхаванне ў гарадскіх дзіцячых садках, навучанне ў ВНУ, гарадскіх школах паскорана пераводзіла на рускую мову (вывучэнне гісторыі Беларусі аднавілася толькі ў другой палове 1950-х, але на аснове школьнага падручніка і акадэмічнага даследавання, напісаных павярхоўна, у духу сталінскай “Гісторыі ВКП (б). Кароткі курс”, а значыць без аніякага нацыянальнага погляду). Русіфікацыя пашыралася і ў вёсках. Да ўсяго нашы высокаадукаваныя “фізікі” захапіліся толькі ідэяй НТР, хуткім успыхам генетыкі, хіміі ды іншых навук (мой аднакласнік, а пасля студэнт-матэматык, маляваў для мяне фантастычныя цуды тэхнікі блізкага часу: ЭВМ, персанальныя камп’ютары, праграмаванне; цяпер ён у ЗША, удачлівец сярод на 1993 год 500 тысяч беларусаў, і там, да яго гонару, удасканаліў ад некаторых з тых эмігрантаў беларускую мову, спазнаў нашу гісторыю і стаў не савецкі, а высокаадукаваны і нацыянальна свядомы амерыканскі беларус). Тады многія вясковыя выхадцы засаромеліся сваёй “дзеравеншчыны” з беднасцю і бяспраўем, з куфайкамі, гумовымі ботамі ды віламі, за яе дарэвалюцыйныя, як завучылі, толькі хамуты і дугі, лучыны. Пад уплывам тагачаснасці звысоку глядзелі на нас, “адсталых лірыкаў”, не разумелі тых, хто хоча адшукаць слаўныя сляды продкаў у далёкай гісторыі (для “фізікаў”, як і для партыйных вылучэнцаў, і Скарына быў нібы і не Скарына, нейкі “старажытнарускі” выпадак з полацкім каларытам, хоць задвухкосенае слова было прыдумана толькі ў сталінскі час). Ад названага сораму яны цураліся беларускай літаратуры з яе моцнай сялянскай, а з Быкавым і антываеннай тэмай, з выдатнымі пластамі ўзнятай і па-мастацку апрацаванай беларускай мовай. Некаторыя з іх, каб узначаліць кафедру або канструктарскае бюро, уступалі ў партыю, але заўзятарамі яе не былі. Беспартыйныя, як зазначаў той жа Быкаў, самаізаляваліся, апынуліся ў маўклівай апазіцыі. Асобныя маглі захапіцца Высоцкім ці рэлігіяй (калега майго сябра-фізіка падаўся ў святары, пазней таемна ў Вільні хрысціў нашых дачок) або язычніцкімі праявамі (сурокі, псота, гадалкі), рознымі дзівосамі (перамяшчэнне прадметаў, лятаючыя талеркі, пазазямныя цывілізацыі), цікавасцю да ўпотай ходкіх па руках рукапісаў (пратаколы сіёнскіх мудрацоў і інш.). Досыць колькасная інтэлектуальная люднасць не асабліва паўплывала на стан і ўзровень не на насельніцтва, а на нацыю як такую. На спалучаную нацыянальным духам супольнасць, што ў СССР захоўвала самабытнасць народаў Прыбалтыкі, Каўказа, Сярэдняй Азіі і каму наша кіраўніцтва падмелася паказаць іншы, наш паўабязлічаны ўзор. Паказалі. Але там не спяшаліся яго пераймаць, таму пры палітычных зменах, у перабудову іхняя незалежнасць, дзяржаўнасць і склаліся больш натуральна. На грунце сваіх нацыянальных традыцый, нацыянальна-культурнай спадчыны.