Праўда, гаварылі мы з Бураўкіным, у савецкі час былі ўсё ж і выключэнні: да слова, у Мінску сярод абываталяў з вышэйшай адукацыяй услед за некаторымі мастакамі ўспыхнуў інтарэс да беларускамоўнага У. Караткевіча. Мо і з-за чутак, што “ён не такі, як усе” і што яго “забараняюць”. Афіцыйная ідэалогія забараняла глыбокі, праўдзівы паварот да новага асэнсавання нашай даўняй гісторыі, занепакоілася, але, убачыўшы, што гэты пісьменнік асабліва не выходзіць за межы легенд і паданняў, не заканчвае раман “Каласы пад сярпом тваім” на трагічнай ноце (расправа з К. Каліноўскім), а значыць, і не абуджае небяспечныя акцэнты, дазволіла пісьменніку волю на рамантычныя мроі, дэтэктыўныя фантазіі. А ён карыстаўся гэтым і часам нямала чаго гістарычнага ўстаўляў туды. Галоўны “Маладосці” Васіль Зуёнак і я, намеснік, як маглі, падтрымлівалі яго ўстаўкі, напрыклад, у “Чорным замку Альшанскім”, але не маглі тое-сёе адстояць перад цэнзурай. Напрыклад, аповед аднаго героя пра тое, што славуты Сувораў чыніў на нашай зямлі і злачыннае. Караткевіч акуратна прарваўся з дакументалістыкай пра нашу старажытную гісторыю і сам многія свае думкі зрабіў такімі па-сённяшняму ў звычайна прыстойным, а тады наватарскім і смелым нарысе “Зямля пад белымі крыламі”, што чытаецца не з меншым задавальненнем, чым яго мастацкія творы. Варта сказаць і пра тое, што ў пісьменніцкую беларускамоўную сям’ю ў розны час прыйшлі не толькі філолагі, журналісты, але і медыкі, матэматыкі, інжынеры-тэхнікі розных профіляў, лесаводы, нават юрысты, вайскоўцы і міліцыянеры. Некалькі з гэтага папаўнення сталі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Ці вось такі высакародны ўчынак: біёлаг Фёдар Піскуноў абверг тэзіс пра беднасць і непрыдатнасць беларускай мовы да дакладных навук ды мудрых выказванняў кіраўнікоў, сабраў і з дапамогай новых тэхналогій склаў яе слоўнік, неверагодным чынам адшукаў сродкі ды вывеў яго ў свет (2012 год, выдавецтва Зм. Коласа), дзе... 223 тысячы слоў, што былі ўжыты ў 70 мільёнах выпадкаў не толькі ў лінгвістыцы, але і ў анатоміі, біяхіміі, інфарматыцы, фізіцы, матэматыцы, медыцыне, юрыдыстыцы і шмат яшчэ іншых галінах!.. У нарматыўным слоўніку, выдадзеным у 1987-м “БелСЭ”, было толькі 118 тысяч слоў. Нарматыўнае - ненарматыўнае; вось, кажуць, паэт Уладзімір Дубоўка ўвёў слова “адлюстраваць”, а яно ўзяло і папоўніла залаты запас нашай мовы! Піскунову, расказваў, радасна было, што многія ў свеце берагуць рэдкую кветку або птушачку, нават пэўнага паўадзінокага драпежніка, а тут - жывое з жывых - Яе Вялікасць з чалавечых значнасцяў! Мова! Першае пасля піску, мармытанняў слоўка неўмаляцкае! Ад пракаветнага Боскага дару! (Дарэчы, Бураўкін быў адным з сяброў Кансультацыйнай рады слоўніка Піскунова і высока ацэньваў яго.)
Як засведчана ў дакументах, беларуская мова заззяла не толькі ў прадмовах Скарыны, а здолела сваім акцэнтам ці слоўкам-другім падаць голас у пануючай царкоўнаславянскай (яе культывавалі самыя адукаваныя пасля прыняцця хрысціянства служыцелі царквы, спецыяльна падрыхтаваныя пісары) яшчэ значна раней (гл. Гандлёвую Дамову паміж Смаленскам, Полацкам, Віцебскам з Рыгай за 1229 г., дзе прапісаліся некаторыя моўныя рысы тагачаснай жывой мовы нашых княстваў). Яшчэ Фёдар Антонавіч прызнаўся: многія пацяшаліся з яго, для іх не з рэалістычнага са свету гэтага, а “блаженного” з-за ягонай траты часу, “дикого труда и денег впустую”. Але яму, такому непрактычнаму, асабліва завярэдзіў душу болем уведаны ў 2000-я даклад ААН, дзе была перасцярога: у ліку моў, што могуць неўзабаве знікнуць з-за абыякавасці ўлад ды насельнікаў, з-за выгнання з хатняга жылля, дзіцячых садкоў, са школ, ВНУ, з партыйна-дзяржаўных кабінетаў і наша, беларуская. Стала сіратой пры жывых бацьках.