Старэйшае пакаленне помніць: тады ў СССР, асабліва ў Маскве і Ленінградзе, зачысткі іншадумнасці ўжо не маглі вярнуць сталінскі рэжым: як і ў краінах так званай народнай дэмакратыі, немалая колькасць савецкага люду не толькі працягвала быць незадаволеная сваім жыццём, але ўжо не абмяжоўвалася кухоннымі абуранымі гавэндамі, учыніла такую з’яву, як дысідэнцтва і масавая эміграцыя ў багацейшую краіну капіталістычнага Захаду і галоўную суперніцу СССР па халоднай вайне, у ЗША. Рэпрэсіўныя метады супраць гэтага (шальмоўная кампанія, забарона права на публічнае выступленне і на друкаванне твораў, прымусовае змяшчэнне ў псіхбальніцы, судовыя працэсы, высылкі) у пэўнай меры суцішалі бурнае кіпенне, але падрывалі ў свеце савецкі прэстыж. Што ж за рай, калі з яго даюць драла?!
У атмасферы нязменнасці камандна-адміністрацыйнага курсу (нават у спорце: у тым 1978 годзе шахматысту Карпаву на сусветным першынстве літаральна загадвалася перамагчы суайчынніка, а пасля эмігранта Карчнога), “КГБ” (“Камітэту Генадзя Бураўкіна”, як пазней зажартуюць дасціпнікі) нялёгка было ісці на пэўныя новаўвядзенні ў рабоце. Асабліва ў нас пры звышпільнасці прававерных ідэолагаў і яго падпоры - агрэсіўнай часткі кансерватыўнага, яшчэ прасталінскага асяроддзя, дзе і нізавыя кіраўнікі тыпу героя Агурцова з камедыі “Карнавальная ноч” (як пісалася ў рэцэнзіях, “дурак, обуреваемый жаждой бдительности и деятельности”) не дапускалі аніякай талерантнасці. І “не паступаліся прынцыпамі”.
І трэба прызнаць яшчэ такі факт: у пераможнае шэсце эры тэлебачання, а ў некаторых ужо і замбіраванай залежнасці ад яго (гарадскія мужчыны ўсё больш пакідалі дваровыя лаўкі і столік, дзе весела, часам з крамольнымі рэплікамі пра існуючы лад і начальнікаў бавілі час гульнёй у шахматы або даміно (скажам, гулец на мудрагелісты ход суперніка прамаўляе адмыслова, з падтэкстам: “Дазвольце не дазволіць!”), жанкі - свае “побытава-парламенцкія” пасядзелкі, амаль усе ішлі глядзець заваёўніка розуму і душы). У многіх была пераважная цікавасць да маскоўскай тэлевізіі. Тая, ва ўсім маючы значна большыя магчымасці, мела болей і лепш зробленых захапляльных праграм, на фоне якіх мінская выглядала правінцыйнай. Па прызнанні Бураўкіна, ён на субяседаванні з Машэравым выклаў сваю прапазіцыю наконт таго, што па сіле нашаму тэлебачанню. Той выслухаў яго, штосьці падправіў і блаславіў: “Действуй. Но осмотрительно”.
Машэраў і Бураўкін - яшчэ мала даследаваная старонка нашага былога жыцця-быцця... Казалі, Брэжнеў называў Машэрава за яго частыя паездкі па рэспубліцы, гутаркі з простымі людзьмі, касьбу ў гумовіках на лузе з сялянамі, за ўзнёслы камуністычны пафас артыстам, а генсекаўскае акружэнне недалюблівала за высокі ўсесаюзны аўтарытэт здольнага і дзелавітага, строгага, але зусім не напышлівага, не карумпаванага рэспубліканскага кіраўніка ды за распаўсюджаныя па ўсім Саюзе пошапты, што той варты пасады Генсека і зможа прынесці заўчасна зношанаму савецкаму арганізму маладзільны яблык. Мо каб не прыцягваць да яго асобы большай увагі, чатыры гады (!) не прывозілі ў Мінск уручаць гораду прысвоеную зорку Героя. Дзеля Машэрава нікога з нямоглых целам і розумам крамлёўскіх старцаў з Палітбюро не адсунулі, каб даць яму, свежадумцу, месца ў вышэйшым партыйным сінкліце. І пры гэтым здзекаваліся: у час апошняга пры яго жыцці партз’езда, як мы назіралі па тэлевізары, на заключным этапе менавіта яму даручалі зачытаць спіс рэкамендуемых у члены і кандыдаты Палітбюро. Просты люд наіўна верыў: так параіў ён. Але і з паслушным яму нашым партыйна-дзяржаўным апаратам Машэраў не быў усёмагутны. Ягонай згоды, скажам, было мала, каб надаць і важнаму інстытуту статус універсітэта, адкрыць новыя газету, часопіс, выдавецтва. Толькі са згоды цэнтра. Меў толькі ўскосны ўплыў на КДБ (здолеў вылучыць у намеснікі старшыні мясцовага ўраджэнца) і крыху большы на МУС (тутэйшы стаў міністрам у адзін год з назначэннем на высокую пасаду Бураўкіна). Многія і цывільныя міністэрствы мелі ўсесаюзна-рэспубліканскі статус, то, адпаведна, маглі атрымаць падсобку з цэнтра ды заадно мусілі ва ўсім падпарадкоўвацца яму (адзін з дырэктараў Гомсельмаша расказваў: у некаторыя цэхі, што працавалі на савецкую групоўку войск у Варшаўскім пакце, ён не меў права нават зайсці). Нешматлікія тольга рэспубліканскія міністэрствы былі таксама важныя, але падсобныя (транспарт, бытавое абслугоўванне, камунальная і паліўная гаспадарка і інш.) толькі мясцовага значэння. Машэраў трымаў усіх у напружанні не толькі на выкананне даручаных рэспубліцы планаў, але і на датэрміновасць іх, не мог адступіцца ад тагачаснага партыйнага курса на далейшую саветызацыю. Хто здолеў у дзень трагічнай гібелі Машэрава залавіць голас “з-за бугра”, то пачуў прыкладна такое: загадкавае жыццё савецкіх кіраўнікоў, загадкавая і заўчасная смерць некаторых з іх.