Выбрать главу

Да рэвалюцыі з многіх куткоў імперыі імкнуліся ў яе сталіцу, каб у навукова- культурным цэнтры атрымаць высокую адукацыю ці пасаду, ступень і званне, апынуцца сярод эліты. Пры СССР новыя пакаленні таксама імкнуліся патрапіць у сталіцу, ужо ў Маскву. Апошняя вярнула сабе былы самы высокі статус, сталася немалым людскім катлом, але не верыла ўсіхным слязам, некаторых, хто не вытрымаў канкурэнцыю, жорстка адкідала на абочыну. І з-за гэтай рэаліі нямала хто не даязджаў да Масквы, затрымліваўся ў Мінску. І да прастольнай недалёка, і менталітэт тут спрыяльны ды моўнай праблемы не трэба асцерагацца. Пра тых, каго прыслалі на камандныя пасады і хто сам скачэўнічаў, ужо гаварылася. Карысці ад іх - кот наплакаў. Яркіх асоб узроўню Машэрава не было, але і бязлікія заўзята пераўтваралі нашу рэспубліку ў дзейсны і паслухмяны эканамічны рэгіён СССР.

Іншая справа - далучэнне прыезджых да навукі і культуры. Нямала з іх і самі раскрыліся як таленты, і ў агульную справу ўнеслі значны ўклад. Скажам, тры Глебавы (акцёр, скульптар, кампазітар), а яшчэ - этнограф Дабравольскі, гісторык Пічэта (першы рэктар БДУ), кінарэжысёр Корш-Саблін (адзін з заснавальнікаў бел. мастацкай кінематаграфіі), кампазітары Аладаў (як запісана ў энцыклапедыях, “адзін з арганізатараў і першых выкладчыкаў Белмузтэхнікума і кансерваторыі, адзін з заснавальнікаў сімфанічнага, камерна-інструментальнага і камерна-вакальнага, кантатнага, харавога жанраў беларускай прафесійнай музыкі”) і Туранкоў (адзін з пачынальнікаў жанраў масавай песні, хору, раманса ў нашай музыцы), спевакі Данілюк, Гайда, Вуячыч, акцёр Тарасаў, балетмайстар Елізар’еў і інш.

Калі не паток, то прыток творчай моладзі з іншых рэспублік не спыняўся. Хто прыбываў навучацца ў музычным вучылішчы або кансерваторыі, а хто ўжо і рэалізаваць свае задумы і творчыя сілы (Мулявін, Ханок (двойчы), Еўдакімаў, Ярмоленка і інш.). Як помніцца, Бураўкін нямала прыкладаў намаганняў, каб маладыя кампазітары пісалі музыку і на разнастайную, багатую беларускую паэзію, што зусім не замінала патрапіць і на маскоўскую сцэну. Яркі прыклад быў: Лучанок (той творчасць высокага грамадзянскага гучання дапаўняў, узвышаў тым, што ў энцыклапедычнай даведцы пра яго было аднесена да “і інш.”: цёплымі, светла-журботнымі песнямі на словы беларускіх аўтараў. “Жураўлі на Палессе ляцяць”, “Мой родны кут”, “Спадчына”, “Вераніка”, “Алеся”, “Авэ Марыя” і г. д. Гэтая кампазітарская творчасць сваёй самабытнасцю і свежасцю палюбілася не толькі ў нас, мела вялікі і ўсесаюзны ды замежны поспех. Адпаведна, і ў выканаўцаў пабольшаў рэпертуар з беларускамоўных песень. Тут быў паказальны прыклад: ансамбль “Песняры”. Ён многіх у нас, за межамі рэспублікі зачараваў каларытнасцю апрацовак фальклорнага песеннага тварэння, вершаў Я. Купалы, М. Багдановіча, а таксама выкананнем песень Лучанка, Семянякі і інш. Але калі ўдачнікі палічылі свой этап беларускасці пройдзеным, збочылі з абранага шляху, нечакана зажадалі здзівіць свет услаўленнем бунтоўнага, але малаўцямнага светапогляду аўтара паэмы пра Леніна і верша пра савецкі пашпарт, то не набылі новых прыхільнікаў. Паступова ансамбль патрапіў у крызіс і, на жаль, распаўся. Уваскрэснікі маглі толькі дзяліць былую славу.