Не будзе перабольшваннем: на тэлебачанні адбыўся і пакуль што не дасягнуты бураўкінскі музычна-песенны перыяд, калі з экрана гучала лепшае з “народніцкага”, г. зн. ужо класічнага, і лепшае з новага. З экспрэсіўнымі матывамі, джазавымі, рокавымі мелодыямі. Першае не абрывала традыцыі высокага мастацтва, другое набывала сваё аблічча і не гублялася ва ўсесаюзнай новай плыні. Безумоўна, яшчэ вялікую ролю адыграў пачаты ў 1980-я тэлевізійны фестываль “Песню бярыце з сабой”. Тады яшчэ не было дачніцкага буму, то на збор пад адкрытым небам збіраліся тысячы аматараў спеваў.
Турботна было “КГБ” з тэлекінасправай. У яго веданні знаходзіўся “Тэлефільм” як галоўная рэдакцыя (з 1964-га). Быў і “Тэлефільм” як вытворча-творчае аб’яднанне тэлефільмаў кінастудыі “Беларусьфільм” (яна да пераезду ў 1960-м у Мінск тулілася пры розных кінастудыях СССР; “Тэлефільм” пры ёй задзейнічаў з 1968-га). Клопаты сыходзілі яшчэ і ад таго, што ў нас не было ВНУ для падрыхтоўкі кінасцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў, мастакоў і артыстаў. Кадры пастаўляў Усесаюзны інстытут кінематаграфіі, дзе, зразумела, навучаліся будучыя прафесіяналы з усяго СССР. Многія рускамоўныя з нацыянальных рэспублік, як яшчэ зазначаў Ленін, мякка кажучы, не хіліліся прымаць карэнную мову і культуру, то, адпаведна, і да нашага, таксама славянскага, не рабілі выключэнне. Больш паціскалі плячыма: хлопцы, што за ўпартасць? Вам жа так лёгка перайсці ў рускамоўны свет! Тыя, хто не патрапіў на прэстыжную кінастудыю Масквы і Ленінграда, а размеркаваўся сюды, прыбылі не многа і не мала, а з амбітным “своим видением”, з марай здабыць лаўры калі не Феліні, то выбітных маскоўска-ленінградскіх кінадзеячаў. У розны час прыезджыя ўзялі ў свае рукі зацверджаны ў 1962-м на першым з’ездзе Саюз кінемаграфістаў, дзе за рэдкім выключэннем (Тураў, 1976 - 1981) мелі старшынёўства і вызначалі кіношную палітыку.
Беларусьфільмаўскі “Тэлефільм” працаваў па заказе (значыць, са згоды) Цэнтральнага тэлебачання. Адпаведна, каб таму спадабацца, пісаліся сцэнарыі па вядомых там творах (“Корцік”, “Прыгоды Бураціна”, “Пра чырвоную Шапачку”, тургенеўскія “Бацькі і дзеці”, пра непарушнасць савецкіх межаў шматсерыйны “Дзяржаўная граніца”) з удзелам маскоўскіх вядомых акцёраў. І ў чаканых фільмах на беларускім матэрыяле (“Руіны страляюць...”і інш.) артыстам нашых тэатраў дасталіся толькі эпізадычныя ролі. У карціне “Нас выбраў час”, як хваліўся адзін са сцэнарыстаў (дарэчы, зямляк), былі запрошаныя артысты ажно з... 20 тэатраў СССР! 3 такім падыходам экранізаваліся і нашыя нацыянальныя шэдэўры: “Паўлінка” Я. Купалы, “Палеская хроніка” І. Мележа, “Тартак” І. Пташнікава, “Чужая бацькаўшчына” В. Адамчыка. Слоў няма, гэтыя, як раней і іншыя кінапрацы (па творах В. Быкава, І. Шамякіна, А. Кудраўца, В. Казько) цікавыя, але сродкамі кіно не былі адухоўленыя іхнія мастацкія вартасці, рознахарактарныя вобразы розных герояў (сялян, кулакоў, партызан і паліцаяў, настаўнікаў). Скажам, глядзіш: просты чалавек, нібыта наш селянін (найчасцей няголены і неахайны), загаворыць - не, нейкі волжскі ці нават сібірскі акцэнт. Акцёры, асабліва ўраджэнцы розных сельскіх куткоў СССР, не маглі не перадаваць свой сялянскі светапогляд, свае моўныя інтанацыі, лічачы, што гэта падыдзе і нашаму селяніну. А гэта як і ў яркіх спевакоў: толькі падаў голас - адразу ўчуеш: сапраўднае, салаўінае ці не. Да ўсяго прыгнятала, што празмерна сцэн знята ў цемнаце, з паказам запусцення дамоў і гаспадарак, дзікаватых і недагледжаных сялян (ёсць розніца: беднасць і нядбайнасць), са звычаямі ды забабонамі сярэднявечча, з завыўнымі музыкай і песнямі.
У 2021 годзе на мінскім канале “Культура” адзін з кіназнаўцаў А., які вядзе шэраг перадач пра дзеячаў кіно і з пахвалою кожны раз расказвае пра сябе (нават пра тое, як з кіпай выдзеленых грошай завітваў у Маскву, падпойваў у рэстаранах не толькі вядомых, але, галоўнае, паспяховых, з высокімі сувязямі артыстаў, каб яны “соизволили за хорошие деньги” прыехаць у Мінск на здымкі). Яшчэ стары грэшнік паблажліва апраўдвае тагачасныя рэжысёрскія выбрыкі і многія шэрыя экранізацыі беларускіх твораў: маўляў, “местная власть принуждала” іх экранізаваць нашу... “анучную літаратуру”. Вось таму яны і “не усердствовали”. На табе! Выходзіць, вось найперш за што прысудзілі Мележу і Быкаву Ленінскую прэмію, памылкова палічыўшы іхнія глыбока сялянскія ці, лепш сказаць, народныя творы лепшымі ў СССР на пэўным этапе. Няўжо гэтак жа падманваўся і Нобелеўскі камітэт, калі адзначаў сваёй прэміяй “анучнае” ў рамане “Сяляне” польскага пісьменніка Рэйманта, у вяскова-казацкай эпапеі Шолахава “Ціхі Дон”? Там таксама не ўсе героі хадзілі ў бальных касцюмах, наэдакалоненыя і вялі вялікасвецкія размовы. Але хто цярпеў, а хто змагаўся за боскае права, як геніяльна вызначыў для беларусаў яго мысляр Янка Купала - найперш жыць і людзьмі звацца!