Цяжка ўявіць, калі б былі пазбаўленыя сваіх яркіх выканаўцаў роляў грузінскія фільмы “Бацька салдата”, “Дата Туташкія”, “Дарога да храма”. Або карціна В. Жалакявічуса “Ніхто не хацеў паміраць”, то ці дасягнулі б яны такой глыбіні і вышыні без беражлівага адлюстравання народнай самабытнасці, без паказу не заідэалагізаваных, а жыццёвых драматычных лёсаў людзей, калі кожны чалавек па-свойму асоба, пакутуе ад несправядлівасці і насілля, хоча выжыць і захаваць дзедаўскае, сваё і падбаць пра вольных, шчаслівых дзяцей і ўнукаў? Я, як і іншыя, глядзеў пералічаныя фільмы ў перакладзе на рускую мову, але быў перакананы: гэта - грузіны, літоўцы. Са сваімі турботамі, што маюць агульначалавечае значэнне. То тут да месца будзе напомніць з “Универсального энциклопедического словаря” (М., 2003), названыя там, здаецца, такія звычайныя складнікі незвычайнай сусветнай папулярнасці рэжысёра Феліні: яна, зазначана, на аснове роздуму пра гістарычны лёс Італіі, яе нацыянальны менталітэт, за стварэнне ўласнага кінематаграфічнага стылю...
Значна больш “КГБ” змог паўплываць на “Тэлефільм” непасрэдна пры тэлебачанні. Але не ў прыклад усесаюзнаму “Тэлефільму” (11 серый на год; 1985) на рэспубліканскі не шчадрыліся: на год толькі... 9 гадзін! Менш гадзіны на месяц! На мастацкія і дакументальныя (зразумела, кароткія) фільмы, на тэлеспектаклі ды, калі не памыляюся, і на тэлеканцэрты. Улічваючы, што проза і драматургія нашых старэйшых пісьменнікаў між здымкамі твораў аўтараў з іншых краёў час ад часу таксама экранізавалася, Бураўкін распарадзіўся, каб рэспубліканскі “Тэлефільм” свае кароткаметражкі здымаў па творах літаратараў сярэдняга і малодшага пакаленняў, што абуджала цікавасць гледачоў да новых майстроў мастацкага слова.
Нельга не далучыцца да іншых і не ўздыхнуць у сувязі з умоўным ладам у гісторыі: “калі б...”. На жаль, Бураўкін зведаў апякунства Машэрава ў зацвярдзелы час брэжнеўскага ладу зусім мала. Дык вось, калі б яны абодва былі побач у пачатую “рэвалюцыю зверху”, у перабудову, то, бясспрэчна, змены і перамены ў нас пайшлі б іначай, як і іншым чынам склаўся б наш нацыянальна-дзяржаўны лёс: наяўныя, але прыхаваныя ў тых умовах машэраўскія якасці цяпер маглі б развіцца шырэй і паўней. Адпаведна, і наяўныя чалавечыя, дзяржаўныя задаткі Бураўкіна маглі б быць падтрыманыя і скарыстаныя на больш высокім службовым узроўні, а яго асоба магла б сцвердзіцца яшчэ большай значнасцю. Кіраўніком новага тыпу.
Такое бачанне тагачаснай сітуацыі пацвярджае і былы сакратар Мінскага гаркама, а пазней міністр замежных спраў (значыць, у адзін час і начальнік Бураўкіна-дыпламата) П. Краўчанка ў кнізе “Беларусь на ростанях” (Мн., 2007), дзе прызнанне ў тым, што кіраўнікі ЦК КПБ не разгледзелі або не жадалі разгледзець, падтрымаць тое здаровае, што ў нас у час перабудовы пачало развівацца ў нацыянальным працэсе і чаго яны збаяліся як агню. “Можна было, - піша аўтар, - напрыклад, вылучыць сакратаром ЦК па ідэалогіі паэта і журналіста Генадзя Бураўкіна, а першаму сакратару ЦК Яфрэму Сакалову даручыць займацца сельскай гаспадаркай, у якой той сапраўды разбіраўся, а не партыйнай стратэгіяй, ад якой ён быў такі далёкі...”. У той сістэме і адна здольная, наватарская асоба, калі быў давер Першага і паслухмянага яму найбліжэйшага акружэння, калі дзейнічала партыйная дысцыпліна, магла павярнуць і намаганні іншых на абноўлены шлях. Бураўкін змог абнавіць дзейнасць дзяржтэлерадыё, яму было па сіле і скарэктаваць ідэалагічны накірунак. Зразумела, не без яшчэ большых высілкаў нават у асяроддзі падначаленых ідэолагаў розных рангаў: сярод іх было нямала як рэтраградаў, прыстасаванцаў-папугаяў, так і “асочнікаў”, якія маглі самі або па іхнім падбухторванні іншыя “засігналіць” у ЦК КПСС. А там дзяды не любілі разумных і яршыстых.
Бураўкіну магла быць дзейсная падпора з ліку маладзейшых. Гэты рэзерв не быў скарыстаны. Як паўтаралася многімі і пра многае, азначэнне “калі б” у жыцці, гісторыі застаецца няспраўджаным меркаваннем. Бураўкін меў толькі невялікі адрэзак часу таксама плённа падзейнічаць пры нядоўгім першынстве разумнага, гаспадарлівага, але абачлівага Кісялёва, які доўжыў тое, да чаго і ён пры Машэраве, амаль 20 гадоў узначальваючы Саўмін і маючы досвед стаўлення да рэспублікі цэнтра, прыкладаў розум і руку.