Кароткі час у спробе Андропава надаць новы імпульс сістэме насільнымі спосабамі і ў аслабелай дрымоце Чарненкі толькі падоўжыў стагнацыю яе. Адпаведна, крамлёўскія верхаводы пасля адыходу па-сапраўднаму яркіх і самых аўтарытэтных у рэспубліцы Машэрава і Кісялёва падбіралі кіраўнікамі ў нас на свой погляд надзейных, а значыць, найперш паслухмяных. Спачатку ў машэраўска-кісялёўскае крэсла сеў тэхнакрат Сл., які раней вызначыўся як здольны кіраўнік трактарнага завода і які мог справіцца з патрабаваннямі да міністра машынабудавання, але лёс якога павярнуўся іншым чынам: пасля нечаканага пераводу на пасаду першага сакратара Мінскага гаркама партыі быў пакліканы ў Маскву ў Дзяржплан, дзе, як казалі, абкатваўся ў патрэбным цэнтру духу на месца старшыні Дзяржплана ў нас. Ды абставіны ўзвысілі яго на ролю рэспубліканскага Першага. А такое лідарства патрабавала не толькі высокай прафесійнасці ў пэўнай галіне, але і іншых якасцей, без якіх не бывае яркай асобы, значнага палітыка.
Беларусь лічылася адной з перадавых рэспублік СССР, але і ў ёй, пры грувасткай сістэме, назбіралася нямала завалаў, што, як тады было прынята, асабліва не афішаваліся. У прамысловасці - шмат старых тэхналогій, абсталявання ды завялікая доля ручной працы, незацікаўленасць рабочых у колькасці і якасці сваёй прадукцыі (ведаю з вопыту работы брата-слесара найвышэйшага разраду: зробіш больш і лепш - павысяць план, і болей усё роўна не атрымаеш ды яшчэ выклічаш незадавальненне калег па заводскім цэху). Круты паварот у рэспубліцы да хімізацыі і яе гігантаў, як і ад адкідаў буйных жывёлагадоўчых комплексаў, пабольшыў забруджанне прыроды, а значыць, пагоршыў людское здароўе ўжо не толькі ў насычана прамысловым Мінску, але і ў дагэтуль менш прамыслова развітых Наваполацку, Магілёве, Гомелі, Гродне, Салігорску. Сельская гаспадарка з-за звыклага даўняга і слабога ўкаранення навуковых ведаў, з-за невялікага напаўнення найноўшай тэхнікай развівалася марудна, не ўсё як след збіралася, захоўвалася ці перапрацоўвалася. Ураджайнасць павышалася за кошт пабольшвання ўжытку мінеральных угнаенняў, а таксама шкодных пестыцыдаў. Давалі пра сябе знаць выдаткі паспешнай і не ўсюды неабходнай меліярацыі, а таксама АПК (аграрна-прамысловага комплексу). Па ўсесаюзных планах ён нешта вытвараў больш, чым тут патрабавалася, а штосьці вельмі патрэбнае не развівалася, завозілася, што неўзабаве пры абрыве сувязей у нядаўнім СССР прынесла вялікія турботы. Да гэтага дадалася загвоздка, як тады гаварылі, неперспектыўных вёсак (малалікасць і старэнне люду, закрыццё фермаў, школ, клубаў, крам, перабой з транспартам). Машэраўскі план ссялення паселішчаў у буйныя аграгарадкі з вялікімі шанцамі і выгодамі забуксаваў (а год за годам лік непрыкаяных розных Яновак і Янковічаў толькі павялічваўся). Ды ўвогуле ўзровень жыцця нашага вясковага люду значна адставаў ад гарадскога і ў СССР быў не самы высокі, а пра параўнанне з развітымі капіталістычнымі краінамі не было і гаворкі. Ды ўжо толькі ў постсавецкі час, у прыватнасці, у 1995-м, у “Нарысе гісторыі Беларусі” пра апошнія савецкія дзесяцігоддзі стануць публічныя вось такія яскравыя загалоўкі раздзелаў: “Палітычная адліга і адыход ад яе”, “Зрухі і распаўсюджанне застойных з’яў у гаспадарцы”, “Сацыяльнае становішча народа: планы і рэчаіснасць”, “Здабыткі і негатыўныя з’явы ў развіцці адукацыі, навукі і культуры”. Праўда, свядома падхвалены, а на самай справе прыніжаны беларускі менталітэт (фактычна пакорлівасць лёсу, спосаб выжыць у любых умовах) змушаў цярпець: “Дармо. Абы не было вайны”.
Карацей, немалыя турботы чакалі новага Першага. Як па матэрыяльным, так і па духоўным развіцці ўсёй рэспублікі. Было ўдосталь таго, куды, дзе і дзеля чаго прыкласці свае веды, здольнасці. Наколькі помніцца, ён асабліва не афішаваў сваіх поглядаў і планаў, толькі падкрэсліваў вострую патрэбу тэхнакратызацыі. Адчувалася: функцыянеры яго заасцерагаліся. Даходзіла: ён моцны ў тэхнічнай справе, але абмежаваны як палітык, не разборлівы ў духоўна-культурнай сферы, якую лічыў “остаточной”, г. зн. другараднай. Высокія дырэктарская пасада трактарнага завода, першага сакратара Мінскага гаркама (магчымая стартавая пляцоўка ў верхнія эталоны ўлады), дзяржпрэмія СССР, званне Героя сацпрацы, казалі, ускружылі яму галаву, і з падначаленымі ён паводзіўся не проста жорстка, а фанабэрліва, вельмі помсна. Яшчэ гаварылі, паслямашэраўскае кіраўніцтва рэспублікі менавіта з-за гэтых ягоных якасцей не жадала бачыць яго на пасадзе старшыні Дзяржплана. То цяпер, калі ён па волі абставін тут Першы, калі пры большай уладзе павялічваюцца і адмоўныя рысы, ды яшчэ пры патуранні цэнтра... Ад аднаго вядомага пісьменніка, які ведаў многія вышэйшыя сакрэты, я пачуў: той будзе “ператрасаць замацярэлыя машэраўскія кадры”. П. Краўчанка пацвярджае тое: ператрус пачаўся з тых, хто нядаўна падаў голас супраць яго. Старшыню Прэзідыума Вярхоўнага Савета адправілі на пенсію, па Канстытуцыі важную, у рэчаіснасці неўплывовую пасаду заняў знаёмы Першаму па былой партыйнай рабоце, а ў той час першы сакратар Мінскага гаркама, кандыдат тэхнічных навук Т., старшыню Саўміна (казалі, аднаго з машэраўскіх любімцаў) з узгадненнем з М3С СССР перавялі паслом СССР у Польшу, другі сакратар ЦК КПБ, які, паводле П. Краўчанкі, мог стаць перспектыўным для рэспублікі Першым, апынуўся савецкім паслом ажно ў Паўночнай Карэі... Такім застрашвальным метадам даволі хутка былі ацішаныя ўсякае незадавальненне і закулісныя непрыязныя размовы і дасягнута поўнае адзінаўладства. Як некалі дасягалі такога многія рускія князі: праходзілі вывучку ў мангольскай стаўцы, здавалі іспыты на вернасць вышэйшаму хану, вярталіся і, спраўна плацячы яму ясак, верхаводзілі, не церпячы ніякага суперніцтва. Гэты князёк дзейнічаў як ханскі намеснік на даручаных землях і таму намагаўся найперш услугаваць свайму апекуну. Пры высокім аўтарытэце Машэраў мог штосьці адстояць для рэспублікі, гэты - не. На жаль, у той час Бураўкіну на тэлерадыё прыйшлося прысуцішыць свой разбег, успомніць машэраўскае: “Действуй. Но осмотрительно”. Таму і паболела яе, асцярожнасці. У перадачах пра сучасную эканоміку адчувалася пэўная дазіраванасць, каб не дапусціць непажаданай уладатрымаўцу негатыўнасці, у духоўна-культурных праграмах паболела забаўляльнасці. Вышэйшая ўстаноўка здаўна вядомая: “Жыць стала лепш і весялей”.