3 узвышэннем тэхнакратаў усё ж былі не абыдзены ўвагай і мы, лірыкі. Нас, узгодненую з ЦК групу літаратараў розных пакаленняў і літаратурных пасад, паклікалі ў ЦК на бюро (я патрапіў як намеснік сакратара партыйнай арганізацыі Саюза пісьменнікаў). Азначэнне “вопроса” бюро не магло не здзівіць: як партарганізацыя СП накіроўвае грамадзянскую і творчую дзейнасць арганізацыі. Што значыць такое накіроўванне ў творчай суполцы? Патрабаваць ад беспартыйных Быкава і Брыля або партыйнага, члена ЦК Шамякіна, скажам, пісаць больш і лепш пра рабочы клас, без якога нельга было абысціся, але які ўжо даўно быў уганараваны толькі на паперы і ў прамовах?
Уражанне ад таго пасяджэння самае кепскае. У новага кіраўніка, ужо не франтавіка ці партызана, здавалася, сфармаванага светапоглядам у духу ХХ з’езда КПСС, выявіўся павярхоўны, заскарузлы погляд на пісьменніцкую творчасць. Пачулася нуднае, чутае-перачутае патрабаванне: паколькі пісьменнікі пішуць па ўказцы сэрца, а яно належыць партыі, то неабходна больш шырока і ярка адлюстроўваць сучаснасць, накіравальную ролю партыі, працу перадавікоў прамысловай і сельскай гаспадаркі. Значыць, мы фактычна павінны былі выконваць ухвальныя журналісцкія функцыі, толькі больш яркімі фарбамі. Адпаведна, зноў абыходзіць асвятленне нашай сфальсіфікаванай гісторыі, спрэчнасці, беды рэчаіснасці. Як вядома, упадабаны Сталіным афарыстычны лозунг для вызначэння метаду сацрэалізму ў літаратуры падказаў Шолахаў. Але хітры казак свой выдатны “Ціхі Дон” пісаў найперш ад сэрца, што належала народу, роднаму казацтву, што не ва ўсім было сугучнае з партыяй Леніна-Сталіна, з яе рэвалюцыйным ператрусам і тэрорам. І з-за гэтага, увасобленага вялікім талентам, ён займеў сусветнае прызнанне.
Ад імя пісьменнікаў слова было дадзена старшыні СП Максіму Танку. Ён, як заўсёды, бадзёра адрапартаваў пра нашы “намаганні і вынікі”. Хтосьці з цэкоўскіх прапанаваў: каб натхніць пісьменнікаў пісаць не толькі пра франтавыя і партызанскія падзеі апошняй вайны, але і пра стваральны сённяшні дзень, трэба вылучыць спецыяльныя прэміі за лепшы твор пра рабочы клас і сялянства. Запомніліся рэакцыя, генеральскі “досціп” на гэты конт камандуючага БВА, члена бюро: “Что - давать одному писателю трактор, а другому корову?” Многім гэта спадабалася - выбухнуў адпаведнага ўзроўню рогат. Прапанова не прайшла. Нечакана ажно ўзвіўся яшчэ машэраўскі сакратар па ідэалогіі, былы ваенны авіятар, і ні з таго, ні з сяго затрос перад сабой часопісам “Маладосць”: “Национализм не пройдет!” На гэта было глухое маўчанне. Але, як аказалася, і гэтая звышідэйная застрахоўка на нечых “касцях” не ўтрымала заслужанага франтавіка і спрытнага партыйнага хітравана. Яго, па ўзросце пенсіянера, таксама замянілі. Галоўным ідэолагам у нас пачаў лічыцца, калі не памыляюся, радыёфізік. Як хутка ўбачыцца, зусім недасведчаны як у ранейшай, так і цяперашняй творчасці пісьменнікаў, мастакоў, архітэктараў, дзеячаў кіно, тэатраў і музеяў ды заадно павярхоўны як партыйны функцыянер. Пазней я аднойчы на прагулянцы ў парку запытаў у машэраўскага ідэолага: што ён тады меў на ўвазе менавіта пра наша маладзёжнае выданне. “Не помню. Сколько приходилось и молчать, и говорить то, с чем не разделял мнения”. А тады Першы (чалавек важкі, хмурны, без вясёлай іскрынкі ўваччу), звыклы да тэхнічных і эканамічных тэрмінаў, у заключэнне натужліва, нібы варочаючы каменне, бубніў вельмі трафарэтнае, нібы зачытваў сухую газетную перадавіцу пра ролю і задачы пісьменніцкага саюза, які павінен быць на нейкім “вастрыі” задач сучаснасці, таксама ўдзельнічаць у “бітве за ўраджай” - ідэйна-мастацкі. Было вырашана: яшчэ сабрацца групе супрацоўнікаў ЦК і кіраўніцтва СП, каб выпрацаваць вызначальную пастанову. Збіраліся, выпрацоўвалі (пра змяненне становішча беларускай мовы ў лепшы бок не патрапіла і слова) і неўзабаве, калі ўзвысіўся Гарбачоў, пра ўсё тое дружна забылі. Як у той казцы, пры апусканні гарачага жалеза ў ваду выйшаў толькі пшык.