ЦК вёў сваё, мы чакалі перамен. Тэхнакрацтва таго Першага нічога не палепшыла ці не паспела на ўзроўні рэспублікі нават абазначыцца. Хоць не, ён усё ж вызначыўся. У звыклай партыйнай пазіцыі як набраў у рот вады пра чарнобыльскую трагедыю. Мо і з-за ўдзячнасці быў пераведзены ў Маскву на высокую, ды не зусім вырашальную, толькі ўкормную пасаду. Як член Палітбюро ЦК КПСС па-свойму патрапіў у маскоўскі перабудовачны анекдот: дыктар вядзе перадачу для глуханямых і пальцамі паказвае, хто з высокага кіраўніцтва прысутнічаў на пэўным пасяджэнні. Калі трэба назваць Гарбачова, пстрыкаў сабе па шыі і паказваў дулю (значыць, паводле “сухога закону” дудкі вып’еш), пры ўпамінанні Варатнікова браў сябе за каўнер, а з прозвішчам нашага земляка, моршчачыся, сплёўваў праз плячо... Жарсткавата. Але ў анекдот героі проста так не трапляюць...
Пасля тэхнакрата Першым у нас стаў абкамавец. Як гаварылі дасведчаныя, яго, хто ў свой час пасакратарнічаў і ў розных партыйных камітэтах за межамі рэспублікі, а ў нас буйнога спецыяліста па свінагадоўчых комплексах, агледзеў і падтрымаў другі сакратар ЦК КПСС Лігачоў. На ідэалагічным бязрыб’і (адказны сакратар ЦК КПБ не мог пераадолець некваліфікаванасці ў даручанай яму справе) ракам стаў, г. зн., ініцыятыву ідэолага перахапіў загадчык аддзела агітацыі і прапаганды, празваны ў журналісцкім абыходзе Саўкам. Казалі, ён стаў галоўным ідэалагічным дарадцам Першага, які аніяк не быў гатовы стаць ідэалагічным валадаром рэспублікі ўзроўню Машэрава. Тым больш у завіхураных Гарбачовым ідэйна-палітычных, сацыяльна-эканамічных працэсах.
Цяпер ажно не верыцца: першыя гарбачоўскія спробы надаць сацыялізму “чалавечае аблічча” агучыліся... амаль 40 гадоў таму. Пра тое больш-менш выразна помніць пакаленне, каму сёння пад 55. Маладзейшыя толькі чулі тое-сёе пра тагачасныя гарачыя спрэчкі, што ўспыхвалі нават у сям’і. Яшчэ для болей маладых імёны, палітычныя справы Леніна, Троцкага, Сталіна, Бухарына, чэкісцкія ад Дзяржынскага да Берыі, дзеі Хрушчова і Брэжнева, ужо нават пагібельная для “развітога“ ці “з чалавечым тварам сацыялізму” тая “перабудова” - мінуласць і не зусім яснасць. Як і не вельмі яснае ўсведамленне, што сталася пасля саветызму- сацыялізму і ў што яно пералілося. А тады, як выразна бачылася намі, сталымі ўжо, не толькі радавымі камуністамі, але і кіраўнікамі розных партыйных рангаў па завядзёнцы сцэнарый гучна заяўленай перабудовы ў новым мысленні бачыўся прыкладна так: збярэцца чарговы “гістарычны” з’езд і пры цяперашнім прыхільным да новаўвядзенняў і галоснасці Генсеку пагамоніць, ухваліць вызначаныя зверху напрамкі, і... спакваля ўсё ацішэе, пойдзе далей сваім ладам, і навацыі пакрыху прызабудуцца, як многае раней новае прапанаванае (НТР, пабудова камунізму, Харчовая праграма або тэза “Эканоміка павінна быць эканомнай”) цішэла і чэзла ў штодзённай руціне. Ды Генсек звярнуўся не толькі да радавых, не зусім абцяжараных стэрэатыпамі калег па партыі, але і да ўсёй грамадскасці, у тым ліку і дагэтуль бурклівай ці асцярожнай, безыніцыятыўнай. Спачатку рэвалюцыя зверху і зашумела ў асноўным у вярхоўі, у Маскве і Ленінградзе. Але гарбачоўскія без паперкі палымяныя інтэлектуальныя прамовы і непасрэдны выхад у народ, які ўпершыню блізка сузіраў кіраўніка дзяржавы і яго элегантную жонку (“по стране гуляет тройка: Миша, Рая, перестройка”), адпраўка ў адстаўку састарэлай сталінска- брэжнеўскай наменклатуры і ўскладанне на яе віны за савецкі таталітарызм, дзёрзкае выкрывальніцтва яго ў некаторых выданнях заўзятарамі перабудовы ці прыстасаванымі да яе - гэта і іншае пачало спрыяць, каб усё ж шырэй “пайшоў працэс”. У Маскве яшчэ пры стрыманасці да асобы Леніна і ў асноўным утворанага Сталіным сацыялізму спакваля нарастае непрыхільнасць ужо да партыі і сацыялізму (адны бачаць яго рыначным, іншыя падкрэсліваюць ягоную хібнасць). Асабліва дзёрзкія выпады з’яўляюцца ў часопісах “Огонёк” і “Юность”, у такім жа духу падае голас новае і, галоўнае, вольнае выданне “Московские новости”, у Ленінградзе - нечуваная па хлёсткасці тэлеперадача “600 секунд”, у якой забуяніў Няўзораў, павёўшы бесцырымонны, жорсткі штурмавы агонь па абкаму ды выканкаму з іхнімі групаўшчынай і карупцыяй, па рыначнай мафіі ды іншай крымінальнасці, і пры гэтым вылучыўшы тэзіс вяртання “величия” Расіі, аднаўлення моцы праваслаўя і, “если хотите”, манархіі (з яго інтэрв’ю “Юности” у № 4 за 1990 год). Заяхіднічалі некаторыя эстраднікі-гумарысты (хто халодным душам над сістэмай, хто пошласцю), заагрэсіўнічалі супраць усяго і ўсіх асобныя спевакі (Цой, Талькоў). За Масквой і Ленінградам у Расіі, а ў нас асабліва нават ніякіх дыскусій, а то скрытнае непрыняцце “гарбачоўшчыны“, спадзяванне на астуджанасць грамадства да яе. Напрыклад, у некаторых артыкулах Мінск быў параўнаны з Вандэяй (французскі горад, дзе сабралася рэакцыя супраць мяцежнага Парыжа ў час французскай рэвалюцыі канца XVIII ст.). Рэспубліканскія партыйныя камітэты занялі кругавую абарону, абрывалі ўсякія “иные мнения”, прадаўжалі выпрабаваную лінію: пры кожным негатыўным выпадку тут жа вылучалі на першы план перамогу партыі і народа ў вайне з фашызмам, аднаўленне разбуранай гаспадаркі, прапаганду новых грандыёзных агра-прамысловых планаў і замоўчвалі застойнасць ды нават наступствы чарнобыльскай трагедыі, штодзённа языкачосілі пра прамысловыя і сельскагаспадарчыя поспехі, пра дружбу народаў, інтэрнацыяналізм. Спробы асобных грамадзян, найперш моладзі, стварыць свае клубы, гурткі для адраджэнскай культурна-асветнай дзейнасці, скажам, па ўшанаванні даўніх народных свят і абрадаў, па ўпарадкаванні многіх запусцелых гістарычных помнікаў, а значыць, па захаванні нацыянальнай самабытнасці (мінская, гомельская і магілёўская “Талака”, гродзенская “Паходня”, віцебскае “Узгор’е”, брэсцкі “Край”, маладзечанская “Беларуская хатка” і інш.), - дык вось і такія, здавалася б, культурніцкія, бяспечныя для ўлады захады зусім не віталіся. Больш...