Ды паслухаем доктара гістарычных навук, аўтара даследавання “На ростанях айчыннай гісторыі” (Мн., 1999, с. 246): “Мы не маем права забываць (...) і злачынствы тых камуністычных паслугачоў, з лёгкай рукі якіх у другой палове 80-х гадоў вогнішчы на народнае свята Купалле заліваліся з пажарных аўтамабіляў МУС, а маладзёжнае свята Гуканне Вясны героі Афганістана разганялі веласіпеднымі ланцугамі ў Траецкім прадмесці Мінска. Мы павінны памятаць таксама аб міліцэйскім гвалце і дубінках на свята Дзяды ў 1988 г. супраць тых, хто прыйшоў аддаць даніну памяці продкам і курапацкім ахвярам - “ці не апошняй звярынай канвульсіі ўласнага здыхаючага фашызму, замаху супраць маладой дэмакратыі, якая толькі ўдыхнула першы глыток свабоды, і гэты глыток быў атручаны газам пад ідылёваю назвай «Чаромха» (В. Быкаў)”.
Мы ў “Маладосці” хацелі змясціць абуральны матэрыял (з яскравымі фотаздымкамі нашага карэспандэнта В. Ждановіча) пра збіццё юнацтва пры Свіслачы, якое названыя паслугачы аб’явілі... “акцыяй нацыстаў, якія хацелі ўшанаваць памяць Гітлера”. Ды той фотанарыс ад нас “изьяли” яшчэ да пасылкі ў друкарню. Пра дзеянні міліцыі на тыя Дзяды я адмоўна адгукнуўся ў штотыднёвіку “ЛіМ”, што з лёгкай рукі А. Вярцінскага станавіўся самым праўдзівым і смелым нашым выданнем. Мяне нечакана запрасілі на “творчую” сустрэчу ў МУСаўскую газету “На страже Октября”. Ды ніякай творчай размовы там не планавалася: перазапрасілі ў кабінет тагачаснага міністра МУС П. Той чакаў мяне з “ЛіМам” на стале, дзе маё слова было спрэс падкрэсленае, з заўвагамі на палях. П. з мяккім дакорам (напярэдадні свята Дзядоў выступаў па тэлебачанні як дэмакрат, прыхільнік літаратуры, у прыватнасці пісьменніка В. Распуціна) папікнуў: што ты, былы ваеннаслужачы ўнутраных войскаў МУС СССР, вытвараеш? Наша народная міліцыя супраць усякай несанкцыяніраванасці, цвёрда стаіць на ахове сацыялістычнай законнасці, а ты. Я: трэба, каб палітыка-культурны дыялог з захавальнікамі народнай памяці вёў ідэолаг, а не міліцэйскі капітан з дубінкай. А капітан павінен найперш абараняць канстытуцыйную законнасць. Мне: але ж сацыялізм, супраць якога ваш Пазняк, не адмяняюць. Яму ў адказ: ды сацыялізм, сказана самім генсекам, цяпер павінен быць з чалавечым тварам і з такім не папяровым, а сапраўдным паняццем, як дэмакратыя. Да ўсяго я змог напомніць некаторыя палажэнні з закрытых статута ды інструкцый МУС СССР, паколькі быў азнаёмлены з імі на вайсковай службе як камсамольскі сакратар батальёна. Адным словам, дыскусія генерала і ст. лейтэнанта запасу закончылася без надрыву голасу і запалохвання гаспадара кабінета, з чаем і аўсяным пячэннем, мне нават паказалі закрыты ведамасны музей, дзе я суправаджаючага падпалкоўніка папрасіў напомніць міністру некалькі экспанатаў. 3 1920-х гадоў. Дзе прадпісанне, што савецкі міліцыянер павінен быць культурным чалавекам, ведаць на пэўным узроўні беларускую геаграфію, гісторыю і мову ды дзе экзэмпляр ведамаснага выдання з назвай “На варце Кастрычніка...”. Было дасягнута вуснае пагадненне, што пра тую “личную беседу” я не напішу: маўляў, некаторыя нефармалы няправільна зразумеюць запросіны мяне ў МУС. Пра тое расказаў Бураўкіну ўжо тады, калі той міністр перабраўся ў дэпутацкае крэсла і не пакінуў абараняць найперш сацыялістычную ідэалогію і законнасць.