Выбрать главу

Калі не хібіць памяць, афіцыйная цэнзура ў СССР адмянялася ў 1986-м, але ў нас яна працягвала мець кантроль. Нават у 1988-м сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі, як я пісаў ужо, патрабаваў ад А. Грачанікава і мяне не друкаваць у “Маладосці”, “как меня предупредили, националистическое” даследаванне “Старажытная Беларусь” М. Ермаловіча і пагражаў строгім партыйным пакараннем - “увольнением с должности с волчьим билетом”. Мы не казырнулі яму, хоць хваляваліся з-за рашэння ўсё яшчэ дзейснага цэнзурнага камітэта (галоўліта), які па-ранейшаму знаёміўся з карэктурай, мог даваць заўвагі, а то і забракаваць матэрыял. А туды мог быць званок з ЦК, каб названае “не пущать”. Спажываючы асабістае знаёмства з гісторыкам, супрацоўнікам Інстытута партыі пры ЦК КПБ М. Сташкевічам, я папрасіў у яго падпоры. “Наперад не выбегу, - адказаў той. - Але калі звернуцца з галоўліта па кансультацыю да нас, то пастараюся памагчы шматпакутнаму Міколу. Яго заносіць, але ён сумленны і нам вельмі патрэбны”. Як пасля даведаўся, такая кансультацыя названых двух арганізацый была. “Трэба забараняць такое, але мы візуем для публікацыі”, - не без прыемнага здзіўлення пачулі мы ў галоўліце. Той новы ідэолаг яшчэ па старой завядзёнцы аднойчы настойваў, што “надо унять воодушевителя нефармалов” В. Быкава, “вынести его вопрос на партбюро, а потом, возможно, и на партийное собрание”. Зразумела, сакратар і я, намеснік, адразу ж адфутболілі такі мяч: “Неразумна. Па-першае, Быкаў беспартыйны. Па-другое, хто-хто, а ён сваімі франтавымі пакутамі ў час вайны, а пасля як мужны, не раз жорстка цкаваны праўдзівец слова пра яе, як шырока прызнаны сучаснік заслужыў грамадзянскае права на свае погляды і на рэчаіснасць”. І перасцераглі ініцыятара грэбсці жар чужымі рукамі: калі ЦК і далей будзе так упарта не прымаць адраджэнскія ініцыятывы свядомых і сумленных людзей, то гэта больш рашуча пачне вылівацца ў палітычную канфрантацыю іх з агрэсіўна настроенымі партыйна-камсамольскімі камітэтамі ды з самім, як многія лічаць, аўтарытэтным ЦК. То і самі па-дзелавому дбайце пра справу, павагу да вас. На такую прапазіцыю было не разумение, а халоднае непрыняцце. Наколькі ведаю, была размова таго ідэолага з Танкам і Шамякіным, але тыя таксама не маглі сабе дазволіць нешта адмоўнае да найвыдатнага, найбольш вядомага ў свеце беларускага пісьменніка.

Адзін з нашых пісьменніцкіх сходаў пастанаўляе: трэба суняць гардыню і папрасіцца на прыём да новага Першага, каб сур’ёзна пагаварыць не пра штосьці асабістае, а пра істотныя для ўсёй нацыі рэчы (значыць, ад імя свядомых беларусаў пайсці з “чалабітнай-слязніцаю” да свайго, але вылучанага цэнтрам пана). Вунь вакол у рэспубліках з усёй вастрынёй вылучаюць захавальнае нацыянальнае пытанне. Не з зацемненай свядомасцю, а з ясным розумам людзі больш не жадаюць хімерных эксперыментаў над сабою, хочуць быць натуральным народам, а не нейкімі агульнымі гома савецікусамі ды менавіта ў нацыянальным, у захаванні роднай мовы бачаць свой паратунак. І ўжо нават пры жорсткасці цэнтра на тое-сёе вярнулі сваё законнае права. Няўжо нас так і не зразумеюць: у Беларусі ўсё нацыянальнае асабліва загнанае і адсунутае для забыцця. Мы нават сабе баімся сказаць праўду, пра што адкрыта гавораць за мяжой: поўным ходам ідзе дэнацыялізацыя нашага народа як адной старажытнейшай славянскай супольнасці. Мы становімся безыменнай рачулкаю ў плыні рускамоўнага мора. Няўжо і цяпер не будзе ніякага зруху, каб паклапаціцца і пра хлеб, і пра душу, духоўнае здароўе, нашу будучыню сярод блізкіх суседзяў і далёкіх сузямельцаў?!