Першы не адмовіў, прыняў. Разам з вялікім зборам партработнікаў, супрацоўнікаў розных міністэрстваў, АН. Ва ўступным слове павёў сябе абачліва, але па інтанацыі можна было адчуць: дасведчаны пра наш сход і па ходзе прамовы ўжо многае, не памінаючы пра нашы тэзісы на сходзе, загадзя абвяргае. А пасля стала бачна: і ў яго, і ў многіх прысутных зусім не выклікалі энтузіязму даволі стрыманыя, але ўсё ж настойлівыя выступленні пісьменнікаў, якія падалі голас пра большыя клопаты наконт чарнобыльскай трагедыі, пра больш разумнае і гаспадарлівае землекарыстанне, пра большую ўвагу да сялян маленькіх вёсак, пазбаўленых цывілізацыі, пра спыненне фальсіфікацыі нашай гісторыі, асабліва эпохі ВКЛ, а таксама перыяду БНР, пра палітычную рэабілітацыю асуджаных ў 1930-я як “нацдэмаў” (да слова, першага старшыню ўрада Савецкай Беларусі Цішку Гартнага (Зм. Жылуновіча) яшчэ ў 1950-я апраўдалі як пісьменніка, а як бальшавіка і дзяржаўнага дзеяча не рэабілітоўвалі). I, зразумела, з вялікім болем адстойвалі права на жыццё яе, нашай мовы-матухны. Пра выхад з СССР сваю незалежнасць не абазваліся: тады яшчэ гэта была надзвычайная крамола. Антысаветчына і адшчапенства. Хоць, паўтаруся, падавалі голас за перагляд гістарычных ацэнак ВКЛ, БНР і асобных яе кіраўнікоў, што было пэўным намёкам. Але яго ў ЦК добра разумелі і ў гэтым ні на крок не саступалі.
Асабіста я сядзеў, слухаў, за ўсім назіраў і не мог адцурацца ад апанавалай цяжкой думкі: вось тут мы, амаль усе землякі, большасць з “дзярэўні”, з сем’яў “калхознікаў” - як кажуць, з простага народа. Але мы, наменклатурнікі і творцы (быццам разам народная эліта), розныя. Нават чужыя па жыццёвым выбары заклапочанасці. Светапогляд наменклатурнікаў сфармаваны праз партшколы з асаблівым шкаленнем, праз тайныя субяседаванні ў высокіх кабінетах, яны сталі апорай партыі ды сістэмы. Не проста “таўкачы” або “тожабеларусы”, а рэспубліканская партыйна-дзяржаўная каста. Як спявалася ў вядомай тады песні, яны “вышли из народа”, адцяснілі ад сябе нацыянальную свядомасць, а свае думкі падпарадкавалі ўсталяваным канонам, нават закону тыпу “есть мнение”, “положено” і “не положено”. У сваёй дзейнасці яны сыходзілі найперш з агульнасаюзных задач; чым большае спаўненне іх - тым вышэйшае ўзыходжанне па пасадзе. А з узвышэннем і болей значныя прывілеі, узнагароды. Мы ж, як пісаў у адным з вершаў Пімен Панчанка, з народа не выходзілі і без прынукі, кар’ернага подкупу, свядома прысвяцілі дзейнасць народнай духоўнасці. То ў нас адрозныя арыенціры, нават агульная для ўсёй партыі лінія на перабудову нас не збліжае. I не зблізіла. Не выходзіла і не выйшла ў многіх наменклатурнікаў новага, асабліва нацыянальнага мыслення. Гэта ў іх было быццам адсечана. П. Краўчанка (с. 111 яго кнігі), зведаўшы застойную партыйную завадзь ды здолеўшы яшчэ ў часы КПСС выплыць з яе на свежую плынь, з павагай называе некаторых дасведчаных і спрыяльных нацыянальнай справе партыйных службоўцаў, але падкрэслівае, што “большасць партчыноўнікаў нашай рэспублікі заўжды <...> дэманстратыўна пагарджала беларускай мовай і не любіла нацыянальную інтэлігенцыю, якая не хацела забываць свае карані і станавіцца ў стойла, зрыхтаванае імперскімі ідэолагамі для “новай гістарычнай супольнасці - савецкага народа”. Там жа аўтар згадвае канкрэтны прыклад, як паслякісялёўскі Першы дэманстратыўна і груба абражаў нашу нацыянальную эліту, па некультурнасці не разумеючы, што найперш ён сам варты таго свайго хамавітага выслоўя...
Дык вось, яшчэ з надзеяй хоць на невялікія перамены і тая сустрэча ў справе нічога не змяніла. Хоць не зусім. Па пошапце дайшлі чуткі з ЦК: Першы грэбліва заявіў, што пісьменнікі нічога новага яму не адкрылі. Значыць, быў дасведчаны ў нашых клопатах, размовах, выступлениях на сходах, сустрэчах з чытачамі і пагарджаў гэтым. I не без гэтага пачала парушацца машэраўская пачцівасць да творцаў: ужо нават за выказаныя некаторымі свае погляды на рэчаіснасць пачалі з’яўляцца ў друку не толькі водпаведзі, але і абразы ды знявагі. Як казалі, грахі і выкрыванне іх вызначаліся ў кабінеце ўпомненага Саўкі. Там падбіраліся і падпісанты гнеўных выпадаў, “людзі з народа” (аднаго такога рабочага я ведаў; яму за падпісанне падрыхтаванага абуральнага на пісьменнікаў ліста ў “Вечерний Минск” паабяцалі абысці многіх у чарзе і хутка атрымаць новую кватэру. То без ваганняў паставіў подпіс: “а мне напляваць на другіх, на вашы заботы, я пражыву і бяз іх. А вот в аднушке мне і маім тром дзецям цяжало”). Такая атмасфера не магла не падштурхнуць і некаторых пісьменнікаў не толькі выяўляцца за пісьмовым сталом, а таксама актыўней падключыцца да грамадскай дзейнасці, увайсці ў розныя непрызнаныя ўладай суполкі.