На сакавіцкім (1987) пленуме ЦК КПБ Першы ўжо не мог не закрануць стан беларускай мовы, мімаходзь слушна прызнаў, што ўжытак яе вузкі. Але апраўдаў сітуацыю як натуральнае народнае волевыяўленне. А тым, “хто памыляецца ў гэтых пытаннях, трэба памагчы разабрацца”. Значыць, даць ім прачуханцаў і нічога не мяняць “у далейшым працягу русіфікацыі” (абодва задвухкосеныя выразы з упомненых ужо “Нарысаў гісторыі Беларусі”, с. 466 - 467).
Так, “волевыяўленне” было. І ў многім вялося яно ад улады. Нашай, родненькай, калі мясцовы Першы, Мазураў, у больш-менш па-савецку дэмакратычную паслясталінскую эпоху кінуўся спаўняць хрушчоўскія выбрыкі наконт “зліцця моў”. Нашы кіраўнікі пасля “зімянінскага эксперыменту” самі выракліся беларускай мовы, а заадно незадакументаваным камандным спосабам падоўжылі выцясненне беларускасці ва ўстановах і ў партыйна-дзяржаўных дакументах, з ВНУ і школ, з дзіцячых садкоў, падштурхоўвалі да пераводу многіх СМІ, надпісаў на шыльдах, афішах, назвах вуліц (апроч Мінска), розных этыкетках на рускую мову. Гэта і іншае не магло не выклікаць “волевыяўленне” наконт выбару мовы. Пасля карэннай таксама паўсакрэтнымі інструкцыямі падрэзалі корань: натхнілі ўцалелыя беларускамоўныя гарадскія школы не толькі пераводзіць на рускамоўе расійскіх падручнікаў, але і заадно дазвалялі беларускую мову апусціць да... адзінага неабавязковага прадмета ў школьнай праграме (урэшце ў сталіцы яе вывучала не больш за 10%). Найвышэйшая савецка-партыйная мудрасць, найвялікшае дасягненне Кампартыі і ўрада БССР! Як студэнт-практыкант мінскай школы, а пасля сельскі настаўнік 1960-х і пачатку 70-х, ведаю: вылучы неабавязковымі прадметы матэматыкі, фізікі або хіміі - таксама знойдуцца навучэнцы, якія палічаць, што ім штосьці з гэтага непатрэбнае, і будуць ахвотныя прагуляць адпаведны ўрок. А тут - імкнёны ў зрусікаваны стагоддзямі горад “дзеравенскі язык”. І падлетак, юнак умеюць разважаць рацыянальна: калі штосьці не ўжываецца як непрыдатнае, то нашто яно? Ды калі пры гэтым не асвятляецца па-сапраўднаму даўняя наша гісторыя, не развіваецца нацыянальная свядомасць, падмяняюцца паняцці патрыятызму, любові да роднага. Вунь, як часта чуеш, колькі сваіх і прыезджых любяць Беларусь (за прыроду, за людскую цярпімасць і сваё кормнае ўладкаванне), але не церпяць у ёй рэшткаў беларускасці.
Такія прымітыўныя, але ўказальныя выкрунтасы Першага змусілі мяне папрасіць “ЛіМ” змясціць мой пункт гледжання на ягоную, як казаў знаёмы дасціпнік у пераліцаванні значэнняў, “прапаганьбу”. Пасля публікацыі пры спатканні паціснуў руку і Бураўкін, сказаў даверана: “Не думайце, што я свядома хітрую, не дазваляю на ўвесь голас гаварыць пра гэта па тэлебачанні. Не раз з Першым размаўляў сам-насам. У яго намоўленая цэнтрам логіка: у суседняй Польшчы падкупленая Захадам “Салідарнасць” пайшла ў атаку на камуністаў, супраць сацыялізму і сацыялістычнага лагеру, Варшаўскага дагавору. У суседняй Прыбалтыцы пачалася тэндэнцыя перагляду абставін яе далучэння да СССР. На яго думку, Гарбачоў недаацэньвае гэтыя небяспечныя з’явы, больш любіць сваёй дэмакратычнасцю пакрасавацца перад Захадам. Другі сакратар ЦК КПСС больш рэальна ацэньвае сітуацыю і не мае намеру паступацца прынцыпамі. Ён паўтарае і паўтарае нам: вы - падбрушша Масквы, заслона ад заўсёды ненадзейнай Польшы. Дык вось мы павінны ўтрымацца ў сілавым полі ідэалаў КПСС, сацыялізму, а значыць, і СССР. Калі і наша рэспубліка захістаецца, то адразу ж зашуміць Украіна. А без славянскага адзінства СССР - ужо не маналіт... Так што, дружа, пахітаў галавою Бураўкін, зусім невыпадкова да нас другім сакратаром ЦК прыслалі назірача з Масквы. Нечага светлага нам цяжка чакаць. Мы зноў, як пры падпісанні Рыжскага міру 1921 года, як пры Хрушчове “дзеля вялікіх мэт” павінны паступіцца сваім боскім дарам, розумам і душой. І тут наш Яфрэм-старарэжымнік салідарны з прынцыпамі старарэжымнага Ягора. А каб не дапусціць тут арганізаваную палітычную апазіцыю, пачынаюць ужо ствараць насуперак ёй паслухмяныя грамадскія арганізацыі. І найбольшая падтрымка будзе ветэранскай, дзе касцяк - сталінскія гвардзейцы, якія “черпают сужденья с очаковских времён и покоренья Крыма”, свайго куміра лічаць савецкім Богам, а яго казармава-прыгонны лад найперадавым дасягненнем.”.
Пачутае падрэзвала надзею на перамены. Генадзь Мікалаевіч падбадзёрыў: “Толькі не апускаць нос, дружа. Калі падтрымалі перабудову, то не трэба адступацца ад яе. Хоць крок ды з ёй у хаду. Да новага і лепшага... Нашы папярэднікі з гэтым пражылі і нам з такім настроем жыць. Пад ляжачы камень вада не цячэ...”.