У асцярожнай для вышэйшай школы “Гісторыі Беларусі. Частка 2. Раздзел Х” ( Мн., 2000) па-свойму пералічана і прааналізавана з паўдзясятка сітуацый, чаму ахаваная (асядланая) цэнтрам, а таксама ўвераваныя ў вернападданасці насельнікаў савецкай уладзе кіраўнікі КПБ у перабудову былі непаддатныя, усяк адхіналі тое, што вяло да нацыянальна-дзяржаўнага суверэнітэту і што таксама стала прычынай не вельмі бурнага, але ўсё ж значнага супрацьстаяння ў грамадстве, з’яўлення ўжо не кухоннай, а публічнай антыкамуністычнай апазіцыі. Не без сваёй цвёрдакаменнай пазіцыі КПБ пачала страчваць аўтарытэт і ў розных рабочых калектывах, якія, бадай, не столькі з-за нейкіх яўных палітычных поглядаў, колькі з-за эканамічных прабуксовак, апусцелых крамных прылаўкаў і ўзрослага “блату”, малой або доўга адсутнай зарплаты, цяжкіх жыллёвых умоў па прыкладзе не зусім зразумелых ім нефармалаў таксама зашумелі на сходках, мітынгах, а пазней выбухнулі вялікімі забастоўкамі (у красавіку 1991-га ў Мінску на плошчу Леніна, былі звесткі, выйшла да 100 тысяч). Галоўны партыйны штаб і яго важак нават былі не ў стане спакойна і сур’ёзна пагаварыць з людзьмі, многія з якіх ужо аддавалі перавагу не спакусам камуністычных ідэалаў, а вартаму жыццю, хлебу і жыллю, не жадалі больш выяўляць сваю талерантнасць у цярпенні, маўчанні ды яшчэ і яшчэ чарговаму абяцанню будучага райскага прыволля.
І ў прыхільнікаў Гарбачова пачала страчвацца вера ў яго шчырасць і дабрадзейнасць. Не толькі з-за ягоных эканамічных рэформ, што не прыносілі хуткага поспеху і выклікалі без славутай у царскай Расіі, у СССР “моцнай рукі” бязладдзе. Напрыклад, у 1986-м нашы славутасці (В. Быкаў, Я. Брыль, П. Панчанка, С. Станюта, Л. Шчамялёў і іншыя), хто не хадзіў, як мы, з чалабітнай- слязніцай да нашага Першага, амаль з такой просьбай па спрыянні ў нацыянальным адраджэнні нашага народа звярнуліся да самога галоўнага перабудоўшчыка. Ды той не даў адказу. Пасля другога ліста (1987), падпісанага ўжо не толькі славутымі творцамі, вучонымі, але і прадстаўнікамі шырокай грамадскасці, у тым ліку рабочымі ды сялянамі, у Мінск была адпраўлена камісія ЦК КПСС. Яна пачала выклікаць падпісантаў. Каб. не вывучаць “вопрос”, разумна падтрымаць, а пры дапамозе няўпыннага Саўкі ўгаварыць, урэшце застрашыць і змусіць “в силу определённых причин и для примера националистическим кругам в других республиках” адмовіцца ад свайго подпісу, што дазволіла б ціхавата пахаваць узбуджанае пытанне, далажыць у галоўным партыйным штабе пра сваю паспяхова праведзеную работу (тады, здаецца, і на радавы пленум Саюза пісьменнікаў БССР прыязджаў ажно прадстаўнік ЦК КПСС. Не без здзіву слухаў нашы выступленні, штосьці запісваў, слова не браў, чым далей, то тым больш не мог схаваць кіслага выгляду на адмыслова функцыянерскім твары). Ды ніхто з пакліканых абаронцаў беларускасці не запляміў сябе адступніцтвам. Як казалі некаторыя з ЦК КПБ, вывады той камісіі разглядаліся на Сакратарыяце ЦК КПСС на чале з Лігачовым, дзе, як можна меркаваць, дзейнасць ЦК КПБ у нацыянальным пытанні была ўхваленая і пастаўлена ў прыклад Кампартыям іншых рэспублік. Са шматлікіх пунктаў просьбаў другога ліста было споўнена самае невялічкае. Напрыклад, дазвалялася пры часопісе “Маладосць” выдаваць літдадатак - на год па пяць кніжачак прозы і паэзіі, па адной крытыкі і публіцыстыкі маладых пісьменнікаў. Але штатная адзінка ў рэдакцыі не прадугледжвалася (у часопісе “Молодая гвардия” дзеля гэтага быў асобны аддзел), як і не прадпісваўся асобны ганарар. Пачаткоўцам - радасць, а вось супрацоўнікам - дадатковая бясплатная праца, кіраўніцтву - яшчэ клопат, а дзе браць аплату аўтарам за іхнюю працу? У ЦК КПБ вырашылі знайсці выйсце “ва ўнутраных рэзервах”. У сувязі з гэтым нельга не падкрэсліць дзве простыя, але цяжкія рэчы. Тая пастанова пра “Бібліятэчку часопіса «Маладосць»” была сакрэтная, як і ўсё маскоўска-мінскае цэкоўскае. Грачанікаву і мне далі азнаёміцца з ёй ды тут жа паклалі яе ў сейф. Па-другое, брала крыўда: чаму нельга даць дазвол на рэспубліканскае такое зусім не буйное і не звышзатратнае выданне ў Мінску, а выпрошваць яго ў Маскве? Трэцяя горыч прыйдзе на пачатку 2000-х: я курыраваў “бібліятэчку” амаль 15 гадоў, выйшла больш за паўтары сотні зборнічкаў, шмат іхніх аўтараў, якія папоўнілі наш творчы саюз (у апошні час аўтары дапамагалі арганізоўваць падпіску, знаходзілі сродкі на выданне, то яно было для дзяржавы амаль бясплатнае), але ў нібыта ўжо ў авольненым нашым урадзе не прапалі такія “прыхільнікі” нашай літаратуры, якія нібыта дзеля эканоміі сродкаў скарачалі найперш беларускамоўныя выданні, то ў ліку ліквідаваных апынуўся і невялічкі саступак ці падарунак ЦК КПСС - падможны для маладых творцаў літдадатак...