Як цяпер помню яшчэ адну сустрэчу (так званую ідэалагічную нараду) у кабінеце Першага пры нарастанні супрацьстаяння з ЦК КПБ па ўжо названых дачыненнях. Гаспадар усё яшчэ галоўнага рэспубліканскага кабінета, несамавіты мужычок, цяпер нібы падымаўся на дыбкі і падвышаўся ў росце, з напалеонаўскім выразам тэпаў туды-сюды ўздоўж сталоў, дзе сядзелі мы, працаўнікі пяра, газет і часопісаў, а таксама запрошаныя кіраўнікі некаторых міністэрстваў, і нудліва мямліў пра нагнятанне ў нас нацыяналістычнымі, падбухторанымі Захадам элементамі, асабліва пазнякоўцамі ды іншымі нефармаламі, варожасці да партыі, сацыялістычных каштоўнасцяў, а значыць, пра ўжо яўныя пагрозу і тут нацыяналізму, падрыву дзяржаўнага ладу, спакою (дрымоты?) у грамадстве. Задакараў, што многія з нас камуністы і абавязаныя падтрымліваць партыйную лінію, а яны, калі не ў шэрагах непрызнанага БНФ, то спачуваюць яму (яго, што здолеў утварыцца ў Вільнюсе і сваёй навізной зацікавіць творчы і навуковы свет, многіх асобных грамадзян, з першых крокаў пачалі яра абвінавачваць ва ўсіх грахах, аж у прыхільнасці да... фашызму. Хоць той да свайго II з’езду (сакавік 1991-га) падтрымліваў ідэі перабудовы з іх абнаўленнем сацыялізму). Зноў і зноў, ды яшчэ напорысцей, з перакрутам белага на чорнае, слухаць казань было нясцерпна. А прамоўца пасля праз зубы занегадаваў асабіста на Бураўкіна: менавіта даступнае амаль у кожны дом тэлебачанне павінна пра ўсё сказанае “правільна” тлумачыць усім гледачам, а значыць, народу, а яно не дае “належную” ацэнку. Нават у асобных перадачах загульвае з асобным “яўна антысавецкім кантыгентам”, БНФ, які, на жаль, падтрымлівае лаўрэат Ленінскай прэміі Васіль Быкаў. I яшчэ абурыўся: нядаўнюю вельмі патрэбную паездку яго, першага сакратара ЦК, у праблемны сельскагаспадарчы раён тэлебачанне падало амаль як звычайнае турыстычнае падарожжа (такія асабістыя незадавальненні кіруючай асобы заўсёды шматзначныя). Затым вярнуўся да свайго стала, узяў нейкую цыдулку і затрос ёю, заззяў вачыма: вось указание з ЦК КПСС. Нарэшце хопіць “разлагольствий”! Час наводзіць парадак, жорстка “пресекать деструктивные проявления! Если надо, то и силой”! Падняў указальны палец уверх: без цырымоній! Сілаю!
Да слова, я пазней даведаўся, што тыя пагрозы пра ўжытак сілы не былі толькі для застраху. П. Краўчанка згадвае вядомы яму факт: у час красавіцкіх 1991 года бурлівых рабочых забастовак, мітынгаў і дэманстрацый, выкліканых рэзкім павышэннем усесаюзных цэн на самае неабходнае, у Мінск прыбыла брыгада спецназу з Нагорнага Карабаху, якая ўжо мела досвед падаўлення не толькі людскіх хваляванняў, але і ўзброеных выступленняў. Так што і ў нас у выпадку вострага канфлікту з уладай, як у Тбілісі і Вільнюсе, было каму загадаць пусціць у ход сапёрныя рыдлёўкі. Хто з нашых кіраўнікоў мог пайсці на праліццё крыві, аўтар успамінаў не называе. Толькі ўпэўнівае: тагачасны кіраўнік Савета міністраў В. Кебіч быў супраць гэтага. А тады, у час запалохвання ўжываннем сілы Першым, прысутныя чыноўнікі па-ранейшаму “внимали” і, угнуўшы галовы, нешта крэмзалі-крэмзалі ў сваіх блакнотах, усе рэдактары газет, які ўжо час церпячы цяжкі ідэалагічны прэс Саўкі, што ажно вылузваўся са скуры ў “пресечении антипартийной линии”, панура маўчалі. Папрасіў слова Бураўкін.
Як цяпер, чуецца: ён загаварыў спакойна, з выразнай інтанацыяй голасу і важнага чыноўніка, і высокакультурнай асобы. Не столькі для (у пераносным сэнсе) глухаватага вуха Першага, колькі для нас. Каб мы пачулі яго аргументы і каб звыш меры не асцерагаліся, адстойвалі тое, за што трэба трымацца прыстойнаму грамадзяніну і ў прыватнасці пісьменніку, журналісту. Мы пачулі прыкладна такое: я вам (імя і імя па бацьку гаспадара, які сеў за стол і ўвесь зашпількаваў, як вожык перад нападнікам на яго) ужо не раз гаварыў і яшчэ раз паўтаруся: ЦК КПБ па ўсіх накірунках фактычна не падтрымлівае курс партыі на перабудову. І асабліва пастаянна непрыязна ўспрымае праявы сапраўднага патрыятызму і клопату па адраджэнні нашай гістарычнай памяці, карэннай мовы і культуры, пастаянна падае іх як штосьці варожае - нацыяналістычнае ў сталінскай фармулёўцы і, адпаведна, дэструктыўнае. У гэтай справе трэба не перастарацца ў закручванні гаек (можна сарваць разьбу), а больш абдумана асэнсаваць нацыянальныя турботы і разумна пайсці на рацыянальныя перамены. Далей Бураўкін скарыстоўваў і старыя партыйныя метады: нацыяналізм вялікай дзяржавы, пра які гаварыў Ленін, - адно, пануючая ідэалогія, вядзе да імперскасці, а то і фашызму, а нацыяналізм малалікага прыгнечанага народа без сусветных памкненняў - зусім іншае, ратаванне самабытнасці яго. Бураўкіна вырашыў падтрымаць і я. Перасцярог у такой тонкай справе захапляцца грубым насіллем: яно ўжо нарабіла ў нас шмат вялікай бяды. Нават прынесла нацыянальную трагедыю. Загаварыў і пра народнае волевыяўленне. Падкрэсліў: так званыя нефармалы, людзі БНФ і яму спачуваючыя - не іншапланецяне, а частка нашага народа. Пры тым высокаадукаваная і нацыянальна-свядомая, мае права таксама на волевыяўленне. Яно не ад подкупу Захаду, ад імя народа, што асімілёўваецца стагоддзямі, але які заўсёды ўскладаў выратавальныя надзеі на лепшых сваіх сыноў і дачок (Усяслаў Чарадзей і Еўфрасіння Полацкая, Скарына, Каліноўскі, Багушэвіч з яго перасцярогай “каб не ўмёрлі”, Янка Купала і Якуб Колас...). Менавіта з такіх пазіцый цяпер патрабавальна, але мірна загучаў голас пра народнае адраджэнне, то і зараз затыкаць рот, ужываць насілле, абсякаць гістарычны шанец - паказальна ўжо само па сабе, далёка ад народа і пра народ.