З “Энцыклапедычнага даведніка. Беларусь” (Мн., 1995): усяго з 1917 да канца 1980-х ахвярамі рэпрэсій сталі 600 000 грамадзян Беларусі (“нацдэмы” і іншыя “контррэвалюцыянеры”, “шпіёны замежных разведак”, “кулакі”, заходнебеларускія “варожыя элементы”, ваеннапалонныя і дэпартаваныя пасля вайны). Велізарная лічба і без віны вінаватых. Ды яшчэ з улікам таго, што мноства з тых соцень тысяч было асуджана на смяротнае пакаранне (лічбы розныя). У адносінах да рэспублікі з невялікай колькасцю насельнікаў рэпрэсіі насілі генацыдны характар.
Трагедыя, гаварыў Бураўкін. І для Броўкі таксама: у разгар тэрору трэ было Сталіну... дзякаваць за шчаслівае жыццё, лепшымі сіламі паэзіі зарыфмоўваць яму ўзнёслае “Пісьмо беларускага народа”. Так што трэба і зразумець Броўку, Куляшова, а потым і Танка. Яны стараліся выжыць і пры кожным зручным выпадку ўдыхнуць свежага паветра, даць волю свайму сапраўднаму. Так што перш чым асуджаць “броўкізм” - прыстасавальніцтва, паслужлівасць, ухваленне Леніна-Сталіна, замоўчванне савецкіх злачынстваў, - трэба спачатку самому сабе задаць пытанне: а як бы павёў сябе ты ў тагачасных жудасных, бяспраўных умовах, калі і жыццё найвыдатнага савецкага пісьменніка Шолахава вісела на валаску і было не без хітрасці выратавана самім дыктатарам?..
Маё, маіх равеснікаў, дадаваў Бураўкін, усведамленне пасляваеннай рэчаіснасці, як пісалі класікі марксізму, таксама ішло ад суровага быцця, найперш ад шчырай радасці ды гордасці за нашу Перамогу... Не віна, а бяда пасляваенных піянераў і камсамольцаў, якія па закліку настаўнікаў далучаліся, як ім уталкоўвалі, да захопленага “словоизлияния” і “словоблудия” не каму-небудзь і не толькі савецкаму правадыру, а “вызваліцелю ад фашызму, бацьку ўсіх часоў і народаў...”. І шчыра верылі: цяжкасці часовыя, трэба пацярпець. Тым больш, што некаторыя саюзнікі станавіліся ворагамі... Пасля ХХ з’езда КПСС многія балюча ўспрынялі папрок у дагэтуль схаваных злачынствах яшчэ п’едэстальнаму Сталіну, рэжыму якога служылі паслухмяна ды часам з удзелам у розных правіннасцях, выслужылі пэўны падвышак у грамадстве, льготы, і таму ўхвалялі, прыхарошвалі сваё, сябе. Але многіх прагных да новых норм жыцця хрушчоўскі ператрус сталінізму суцешыў: партыя вызвалілася ад культу тырана, адновіць ленінскія нормы жыцця. І яму, шчыраваў Бураўкін, даверліва паверылася ў партыйна-савецкае ачышчэнне.
У тую даволі адкрытую гаману я прызнаўся: у маіх землякоў, простых насельнікаў заходнебеларускіх мясцін, у 1939-м “условноосвобождённых”, а за акупацыю не па сваёй віне ў вайну “условноосуждённых”, не было вялікай веры Леніну і Сталіну, а значыць, словаблуддзя ім (мая малапісьменная, але мудрая бабуля казала: “Бог быў і будзе адзін. На небе. Нават цар не лічыў сябе Богам, толькі памазанікам яго. На зямлі - вернікі ці бязбожнікі. А без боскасці ў душы нічога людскага не бывае”. Ці вось такі “кулацкі” фальклор: “Спасіба шчасліваму Сталіну за нашу дарагушчую жысць”. А таксама была лагерная і калгасная падзяка яму за адоранне “куфайкай і рызінай”), але я, які настойліва выхоўваўся ў школе ў духу хрушчоўскай адлігі, а пазней брэжнеўскім застоем ва ўніверсітэце, верыў: Ленін непагрэшны. Вялікім Кастрычнікам абнавіў свет, паказаў шлях усяму чалавецтву да шчаслівай будучыні, толькі вось Сталін перахапіў ва ўсіх уладу і многае скрывіў, утаптаў у людскую свядомасць сваё. Праўда, задумваўся (і цяпер не без гэтага): як здолеў перакруціць усё нібыта адзін уладалюбца, чаму так дазвалялася яму распраўляцца з ленінцамі, а потым і з мільёнамі лепшых людзей у краіне?! І яшчэ прызнаюся: без дальнабачнасці ажно да 1990-х лічыў: КПСС, СССР з такімі вялікімі землямі ды багаццямі, з гэткай настойліва загаднай прапагандай, з моцнай камандна-адміністрацыйнай сістэмай, з магутнай арміяй з ядзернай дубінаю ў нас навечна. Няма на свеце такой сілы, што адолела б гэтую. Не кумекалася: здаўна імперыі з тыранам на чале складваліся прыкладна па адных і тых жа схемах, пасля пераваротаў, а затым у жорсткім супрацьстаянні купкі новаўладных, са старанна падабраным пераможцам дзяржапаратам; бальшавізм, СССР - новае і прывабліва асвяжальнае віно, але яно ў старых, імперскіх мяхах. Толькі да вядомых складнікаў дадалося новых ідэалагічных прыпраў (замест дактрыны праваслаўя - марксісцка-ленінская тэорыя, панславянізму - сусветная гегемонія, былое паняцце “вялікарускай народнасці”, дзе ўкраінскае і беларускае было ўсяго толькі донарствам, пачало ўспрыймацца як “савецкая супольнасць”, гасудар-самадзержац і памазанік божы - правадыр-бог зямны). Захаваўся дух “единости и неделимости”. З муравейнай “турмы народаў” вывелі іх, як вольнанаёмных, на асобнае пасяленне ды пад пільным назіркам КДБ і партыйных органаў, з аднымі цэнтралізаванымі шляхамі зносін, эканомікай, дзе амаль усё было пераплецена і ўзаемазвязана. Моўна-культурнае кіпела ў адным катле, адно пераварвалася хутчэй, на іншае патрабавалася больш часу. Няма пярэчання, у высока ўзнёслага СССР шмат самых розных заслуг перад сваім народам і чалавецтвам, але моц падрывалася войнамі, калектывізацыяй, агромністымі выдаткамі на ўзбраенне, космас і ўліўную помач ледзь не ўсяму свету на перамогу сацыялізму на планеце, на вельмі стратную матэрыялана і маральна афганскую акцыю. Затармазіў НТП, а ў перыяд “ппп” (“пяцігодка пышных пахаванняў” ) палітычна абанкруцілася ўлада. Дзяржаўна-грамадскі арганізм усяго за нейкіх мізэрных для гісторыі 70 гадоў зношваўся фізічна і духоўна, не змог перабудавацца рэформамі, утрымацца без людскога страху, кіруючай дэмагогіі, сілы... Варта зазначыць: на падобную тэму не раз узнікаў прыкладна такі дыялог з Бураўкіным, і спрэчак не было, дадаваліся толькі новыя нюансы.