Ні вывераную прамову Бураўкіна, ні маю эмацыянальную не абсеклі. Але як такой у поўным сэнсе гэтага паняцця нарады (рада, раіцца) не выйшла. А калегі- журналісты адсядзеліся моўчкі. Адзін здольны і ў прынцыпе прыстойны журналіст, які пасля працы ў аддзеле Саўкі стаў галоўным рэдактарам рэспубліканскай газеты, апраўдваўся: “Вам, пісьменнікам, лягчэй. За вамі літаратурная праца, кнігі, ганарары. А што будзе са мной пасля звальнення?” Увечары пазваніў Бураўкін: “Дзякуй, дружа, за падтрымку. Астатняе пры сустрэчы”. Пры спатканні прызнаўся: дні працы ягонай на радыё і тэлебачанні злічаныя. Ён ужо не патрэбен ЦК як яго член, як дэпутат цяперашняму Вярхоўнаму Савету, дзе ніякага зруху, на сесіях якога дэпутаты толькі ўхваляюць адобранае на бюро ЦК. Яшчэ ён не мог не засмучацца і ад нападкаў некаторых шчырых, высокаадукаваных і сумленных, але часам гарачлівых у запале сяброў БНФ за тое, што, маўляў, тэлебачанне мала супрацьстаіць непрафесійным, найперш фальсіфікаваным і абвінавачвальным нападкам ідэолагаў розных узроўняў, асобных гісторыкаў на нашу даўніну, на ВКЛ, на нацыянальныя сімвалы, якія прыроўніваюць да фашысцкіх атрыбутаў, хоць герб “Пагоня” зацвердзіўся ў сталіцы ВКЛ Навагародку (Навагрудку) яшчэ ў канцы ХІІІ ст., а колеры сцягу ВКЛ распрацоўваліся ў XVI-м, захаваліся ў памяці даследчыкаў і знайшлі сваё вырашэнне пры стварэнні БНР. Толькі ўзнікала загвоздка: на гэтыя сімвалы прэтэндавалі і літоўскія нацыянальныя дзеячы, бо яны, сімвалы, у час іх незалежнасці былі дзяржаўнай атрыбутыкай па праве таго, што ўласна Літва таксама ўваходзіла ў склад ВКЛ і на названым адрэзку сваёй гісторыі лічыла сябе пераемніцай былой аб’яднанай дзяржавы. Бураўкін засмучаўся, што яго крытыкі не ўлічваюць моцнай цэнзуры над тэлебачаннем. Цяпер яна асабліва строгая ад ЦК і асабліва па нацыянальным напрамку. Паглыбляцца ў гісторыю, асвечваць існы нацыянальны рух проста немагчыма. “Не надо”, “не положено”. Маўляў, больш увагі жыццю, простым людзям, працоўным поспехам, навуковым і культурным дасягненням, новым задачам, кіруючай ролі партыі. Сапраўды, службовыя магчымасці Бураўкіна працягвалі строга абмяжоўваць. Нават больш, чым у часопісе “Маладосць” пры публікацыі “Старажытнай Беларусі” М. Ермаловіча: у тэлебачання была шматмільённая аўдыторыя. То і прадугледжвалі, каб мільёны людзей не прачнуліся, не задумаліся, прасвятліліся ў нашай гісторыі, нацыянальнай бядзе і духоўнай патрэбе паратунку ад яе.
Бураўкін умеў валодаць сваім настроем і нават пры цяжкім не паддацца яму: “Ды ёсць і змены, дружа. І прагрэс. Вось я, член ЦК, ты, член партбюро СП, пакрытыкавалі нават Першага. І пераначавалі дома, а не ў вязніцы... Хоць супярэчнасці нарастаюць. І не зусім ясна, што далей будзе. Упала “жалезная заслона”, СССР для Захаду - ужо не “імперыя зла”. Савецкі люд хлынуў за мяжу. Але не столькі для таго, каб пабачыць свет і розныя ўкрасы, колькі па прыгожыя і танныя тавары. Без ідэалагічнага кантролю ў Маскве і Ленінградзе навал розных выданняў раней забароненага. І не толькі створанае па-высокамастацку пра штосьці праўдзівае і павучальнае. Але і па рознай містыцы, па так званым народным лекарстве (хтосьці Кашпіроўскі - панацэя ад усіх бедаў!), пра секс ды іншыя інтымныя паслугі. А колькі паваліла на прылаўкі прымітыўных, з выпінаннем жудасцей, забойстваў дэтэктываў. Ад моладзі адскоквае і новая, слабая камуністычная прапаганда, затое яе апалоньвае папса, дзе не толькі фанаты замежнай музыкі, але і ўвішныя дзялкі з вялікімі грашыма. Вераб’я падаюць за салаўя! І г.д., і г.д. І яшчэ больш небяспечнае: эканамічныя, сацыяльныя рэформы буксуюць. І большасць люду абяднела. Савецкі кацёл моцна закіпеў. Цікавая, але і не без блытаніны эпоха. У гэтай сітуацыі вялікае спадзяванне на хуткія выбары народных дэпутатаў. Хоць па новым выбарчым праве (усесаюзнае зацверджана ўвосень 1988-га, у нас на год пазней. - ГД.) трэць месцаў гарантавана грамадскім арганізацыям, найперш КПСС, ды іншыя таксама могуць быць вылучаныя або нават самі вылучыцца на сходзе. Гэта за сталінска-брэжнеўскі час будуць першыя такія свабодныя выбары, дзе бальшыня дэпутатаў будзе абірацца не па папярэдне складзеных спісах. І будзе не чарговая дэкларацыйная сесія ВС СССР, а З’езд народных дэпутатаў. Думаю, ягоры-яфрэмы пастараюцца даць бой.”