Выбрать главу

Больш-менш свабодныя выбары праходзілі бурна: у некаторых акругах было па дзясятку і больш кандыдатаў у дэпутаты, яны вялі гарачыя дыскусіі. Было, кансерватыўныя камісіі адсейвалі найбольш заўзятых перабудоўшчыкаў, ды сярод 60 нашых землякоў, абраных народнымі дэпутатамі СССР, па старой завядзёнцы быў і Першы, але патрапілі і не назначаныя, без адміністрацыйнай падпоры: В. Быкаў, прафесар С. Шушкевіч, іншыя навукоўцы і творцы, вылучэнцы ад грамадскіх суполак. Упершыню ў беларускай дэлегацыі не ўсе падпарадкоўваліся ўказальнаму пальцу Першага, маглі выказацца, галасаваць паводле свайго пункту гледжання. I рабілі так, папраўлялі Першага, калі той на нейкія рэчы падаваў сваю думку ад імя ўсіх дэпутатаў з Беларусі.

Паколькі той З’езд народных дэпутатаў шырока асвятляўся па тэлебачанні, то ён, зноў жа сапраўды, стаў незвычайным, дагэтуль нябачаным відовішчам: некаторым (усё ж не без папярэдняй дамоўленасці) давалі слова, а некаторыя купамі каля трыбуны змагаліся за права на яго (вернуты са ссылкі акадэмік Сахараў і іншыя), выступалі ўжо і ад фракцый (“дерьмократы”), запатрабавалі змены VI пункта Канстытуцыі СССР пра манаполію КПСС на ўладу. Прыбалтыйскія дэпутаты спачатку дружна вылучылі патрабаванне даць новую прававую ацэнку савецка-германскім дагаворам аб ненападзенні, дружбе і мяжы паміж СССР і Германіяй (жнівень 1939-га), а пасля завялі дыскусію пра незаконнасць далучэння іх рэспублік да СССР у 1940-м, што давала ім права свабоднага выхаду з яго.

На многіх з нас зрабіў глыбокае і разам з тым гнятлівае ўражанне вынесены на з’езд даклад камісіі на чале з членам Палітбюро А. Якаўлевым пра той савецка- германскі дагавор: нарэшце было прызнана, што там не ўсё было чыста, гуманна з савецкага боку. У сапраўднасці была хіжая змова і да яе сапраўды, як гаварылася на Захадзе, прыклалі звышсакрэтнае пагадненне, па якім Гітлер і Сталін на чале ўрадаў дзялілі Рэч Паспалітую і Прыбалтыку на “зону сваіх інтарэсаў”, і такім чынам абодва аднолькава завінаваціліся ў падрыхтоўцы да развязвання Другой сусветнай вайны... Яна, канечне, усё роўна не абмінула б СССР (Гітлер, пра што Сталін добра ведаў, адной са сваіх галоўных мэт бачыў ліквідацыю “фарпосту міжнароднага камунізму”, з пачатку палітычнай кар’еры пасягаў на “жыццёвую прастору” для германскай нацыі, а Захад патураў яму ў гэтым і паступіўся, напрыклад, Чэхаславакіяй, Аўстрыяй). Цяпер мірным дагаворам СССР патураў Гітлеру напасці на Францыю, Англію і іншыя еўрапейскія краіны. Кіраўнікі буйнейшых еўрапейскіх дзяржаў вялі сваю гульню, не лічачыся з інтарэсамі слабейшых. Як адкрылася, у даваенных кіраўнікоў СССР таксама рылца ў пушку. Ды яшчэ ў адносінах да Фінляндыі...

Ва ўжо ўжытай для цытат звышкампраміснай “Гісторыі Беларусі. Частка 2. Мн., 2000) быў паўтораны былы тэзіс, што дагавор (на 10 гадоў) Сталіна з Гітлерам быў вымушаны крок, ён спрыяў СССР лепш падрыхтавацца да вайны. Але аўтарам артыкула пра тыя падзеі было прызнана: той савецка-фашысцкі кампраміс “нанёс урон міжнароднаму прэстыжу СССР, які ўспрымаўся раней як флагман барацьбы з фашызмам”, “дэзарыентаваў савецкі народ“ і “факт размежавання інтарэсаў сацыялістычнай і фашысцкай дзяржаў сакрэтным пратаколам, прынятым у абход законаў СССР і ў парушэнне дагаворных абавязацельстваў перад трэцімі краінамі, адлюстроўваў грэбаванне нормамі права і маралі”. Тым больш, што, як вядома, адзін з кіраўнікоў СССР, В. Молатаў, на папярэдніх перамовах з кіраўнікамі дэлегацый прыбалтыйскіх краін паводзіў сябе фанабэрліва, абражаў іх за мізэрнасць памераў іхніх краін, а пры ратыфікацыі савецка-германскага дагавора ў ВС СССР звышгруба зняважыў непаўнацэннасцю старажытны польскі народ і даўнюю, нароўні з кіеўскай, польскую дзяржаўнасць, якую абзываў, мякка кажучы, штучнай і непрыгоднай для жыццядзейнасці. I без такіх выпадаў у многіх палякаў, прыбалтаў была варожасць да СССР, які не лічылі ўвасабленнем справядлівасці і дабра: тым больш, што шмат прыбалтаў пабывала і загінула ў сталінскіх лагерах, а да вайны было знішчана нямала з эліты польскага афіцэрства ў прысмаленскай Катыні ды іншых мясцінах (як і ў Курапатах, там таксама ад чэкісцкіх куль гінулі і нашы землякі).