Выбрать главу

Як вядома, вайна з фашызмам заканчвалася, лёс Германіі, усёй Еўропы вырашаўся на тайных перамовах “вялікай тройкі” - СССР, ЗША, Вялікабрытаніі. У выніку Перамогі СССР значна пашырыў “зону сваіх інтарэсаў” і ўрэшце выйшаў на шлях супрацьстаяння ЗША за сусветнае панаванне. Сталін асабліва не фетышаваў Перамогу, нават астуджаў запал эйфарыі ад маршалаў да радавых яе, жадаючы трымаць савецкую імперыю з васаламі не на іх гераізме, а з іхнімі пакорлівасцю ды паслухмянасцю. Яго наступнікі ўздымалі, а то і нагняталі дух Перамогі, каб затушоўваць ёю пралікі, недахопы, народнае жаданне больш свабоднага, прыстойнага жыцця. Дзеля гэтага многае, у тым ліку і тайная даваенная савецка-германска-сталінска-гітлераўская змова, замоўчвалася. Было нявыгадна яе паказваць і свайму народу, і ўсяму свету. Хрушчоў толькі рашыўся асудзіць дыктатарства Сталіна, не зважаючы, што дагэтуль той успрымаўся тварцом Перамогі. У гэтым быў свой сэнс: і вялікія сацыяльна-эканамічныя, ваенныя дасягненні тырана не могуць апраўдаць ягоныя злачынствы над сваім народам (дзікае сваволле, беспадстаўныя абвінавачванні, зняволенне і расстрэлы мільёнаў невінаватых, нагнятанне страху, давядзенне асобы да халопскага бяспраўнага стану і інш.). Адпаведна, нават самыя цвёрдакаменныя сталіністы ўжо аніяк не маглі прадухіліць цунамі выкрыцця свайго куміра “тк” - “тырана камунізму” - ды подступу ўжо да крытыкі папярдняга “тк” - “тварца камунізму” Леніна, а значыць, і святыні - сацыялізму-камунізму.

Прадстаўнікі тых “трэціх краін”, у прыватнасці прыбалтыйскія дэпутаты, на гучна аб’яўленым свабодным З’ездзе народных дэпутатаў, выкарыстоўваючы міжнароднае права і праяўляючы настойлівае імкненне да аднаўлення незалежнасці сваіх краін, здолелі дабіцца свайго запаветнага, пра што марылі ўвесь савецкі час ды за што іх, як і заходніх украінцаў, нашы “савецкія беларусы” таксама абзывалі “нацыяналістамі” ў самым негатыўным сэнсе. Мо і напраўду найперш дзеля міжнароднага прызнання савецкага палітыка новай фармацыі Гарбачоў пайшоў на тое, каб падпісаць указ пра выхад Літвы, Латвіі, Эстоніі з СССР, не зважаючы на папрокі некаторых юрыстаў, праімперскіх сіл у парушэнні Канстытуцыі СССР і Закона СССР “Аб парадку вырашэння пытанняў, звязаных з выхадам саюзнай рэспублікі з СССР”. Гэты працэс крыху пазней абумовіў права заявіць пра дзяржаўны суверэнітэт РСФСР, УССР, іншым рэспублікам. 27 ліпеня 1990 года ўжо і нашы народныя дэпутаты прынялі на сесіі ВС БССР Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. За яе, безумоўна, многія дэпутаты не прагаласавалі б без расійскага кроку, таму яна займела найперш лозунгава- прапагандысцкі характар: кіраўніцтва ВС БССР прымала актыўны ўдзел у перамовах пра сутнасць федэрацыі абноўленага СССР (“новаагароўскі працэс” Гарбачова).

У красавіку 1991-га адбыўся пленум ЦК КПСС. Нюансы яго былі вядомыя толькі вузкаму колу тагачаснага вышэйшага партыйнага сінкліту. Што датычыць выступления новага і апошняга нашага Першага М. - няўцямнага і, як многія прызнаюць, самага слабога і непрыдатнага для вышэйшай вертыкалі функцыянера, - то тады была пагалоска: ён у ліку іншых таксама выказаўся за ўвядзенне надзвычайнага становішча ў СССР і спыненне ўсякіх перабудоў - г. зн. вяртання ў сталінска-брэжнеўскі лагер. Маўляў, страцілі сацыялістычны з васалаў, то хоць захаваем свой, савецкі (названы факт упамінаецца ў мемуарах экс-прэзідэнта Украіны Л. Краўчука). Тым не менш у чэрвені 1991-га дэпутаты ад БНФ дабіліся вынесці на сесію ВС БССР пытанне пра спыненне манапалізацыі КПБ, пра роспуск парткамаў ва ўстановах і на прадпрыемствах, але старая гвардыя камуністаў і іхніх прыхільнікаў прагаласавала супраць гэтай акцыі. М. прадаўжаў спробу застацца лідарам рэспублікі (як казалі, жорстка насядаў на старшыню ВС, на помач падцягнуў у бюро ЦК па-ранейшаму вернага партыі Шамякіна). Адпаведна, супрацьстаянне процілеглых бакоў працягвалася.

.У нас пры двух апошніх Першых не адбылося такіх буйных антысавецкіх дзей, як у Тбілісі ды Вільнюсе, таму і не было зачэпкі для буйных распраў над натоўпам, раз’юшаных хапуноў асобных грамадзян, бязмежнага гвалту над схопленымі. Хоць уладны маральны ціск узмацніўся. А з гэтым і прававы (неправавы), судовы: выйшлі за подпісам старшыні Прэзідыума ВС БССР Т. указы заканадаўчага характару, што мелі на мэце антынацыянальныя зачысткі, розныя пакаранні за “дэструктыўныя”, названыя “антыдзяржаўнымі”, правіннасці. Але ў кватэры дзеля вышуку кампрамату сілавікі, наколькі помніцца, гвалтам не ўрываліся, а калі і траплялі, то не ўчынялі там пагром. Як і не распраналі чалавека, і не асочвалі колер ягоных шкарпэтак, маек і, выбачайце, нацельных трусоў, толькі за публічнае нашэнне значкоў, стужак з нацыянальнымі сімваламі, распаўсюджванне адпаведнай літаратуры досыць стрымана, з нячастым ужыткам такога важнага ў міліцэйскай справе аргумента, як дубінка, затрымлівалі, прыводзілі ва ўчастак і без абраз ды збіцця складалі пратакол, перадавалі ў суд, дзе таксама стрымана не дапускалі расправы, кары на доўгае турэмнае зняволенне. А таксама жорсткага, здзеклівага абыходжання з асуджанымі. Не прыпамінаюцца выпадкі, калі пры затрыманні, судзе “вінаватых” распачыналі гвалт над іхнімі недатычнымі блізкімі і далёкімі родзічамі. Ды тады і тая досыць стрыманая антынацыянальная зачыстка выклікала ў многіх з нас абурэнне (напрыклад, у Дом літаратара сілавікі праніклі ноччу і зрабілі вобыск ў некаторых кабінетах. Па нашым пратэсце апраўдваліся тым, што па папераджальным званку шукалі закладзеную бомбу. Яе не знайшлі, толькі ў адным пакоі адсачылі бэнээфаўскую літаратуру і вынеслі яе як таксама выбуховую).