Выбрать главу

Пазней, калі той былы старшыня былога Прэзідыума ВС БССР быў адлучаны ад усіх пасад і яшчэ маладжавым ды непрыкаяным пенсіянерам сноўдаў па блізкіх дварах, падоўгу далей ад свайго адрачона сядзеў на лаўцы ў нашым, - дык вось, я аднойчы падсеў да яго. Спачатку ён паставіўся да мяне падазрона, але калі пабачыў, што мы разам патрапілі ў 5-ы том энцыклапедыі (1981) пад рэдактарствам Шамякіна, супакоіўся. Паколькі суседнічалі, то бачыліся частавата, нават часам для болей даверлівай гутаркі я не адмаўляўся зайсці з ім у простую забягалаўку. То не мог не напомніць тыя, падпісаныя ім фактычна антынацыянальныя ўказы.

“У школьны час толькі краем вуха чуў ад старых мядзельскіх інтэлігентаў пра ВКЛ, БНР, - прызнаўся ён. - У Львове навучаўся геадэзіі, там даведаўся толькі пра некаторыя ўкраінскія нацыянальныя справы, што ідэолагамі і некаторымі гісторыкамі ацэньваліся як варожыя савецкай уладзе. Пасля заканчэння вучобы пачаў працаваць у Мінску інжынерам, абараніў кандыдацкую, думаў пра доктарскую: меўся быць выкладчыкам і далей ад усякай палітыкі, ідэалогіі. Ды лёс мой павярнуўся іначай. Калі ўступіў у партыю (у 30), мне нечакана параілі падацца ў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Ад такога даверу не мог адмовіцца: паходзіў жа з Заходняй Беларусі. Такіх не ўсюды дапускалі. Напрыклад, на высокую партыйную пасаду. Іх займалі найперш усходнемінскія, гомельска- магілёўскія, а пры Машэраве віцебскія ўраджэнцы. А пасля маскоўскага навучання пайшоў якраз па партыйнай сцяжыне. Быў не горшы і не лепшы за калег, асабліва не вытыркаўся, але пайшлося. У мінскім райкаме, другім сакратаром у гаркаме. Пасля - старшыня гарсавета, неўзабаве - першы сакратар гаркама. Галоўным лічылася выкананне пастаноў з’ездаў, пленумаў ЦК КПСС, перавыкананне вытворчых планаў (“пяцігодку - за чатыры гады”). Патрыятычныя, у тым ліку і нацыянальныя праявы строга ў савецкім духу. Пры мне - што і як скажа Машэраў. Пазней ранейшы дабрадзей, Слюнькоў, параіў мяне на пасаду старшыні Прэзідыума ВС БССР”. - “Досыць імклівая кар’ера ў верхні эшалон улады”, - заўважыў я. “Верхні то верхні, але тая пасада была найперш намінальная. Пры Сталіне ўжо Саветы перасталі быць на чале дзяржавы. “Усесаюзны стараста”, Калінін, быў толькі для шырмы. Ён нічога не вырашаў. Нават жонку не мог выратаваць ад арышту. Я, як і старшыня Савета Міністраў, цалкам залежаў ад галоўнага нашага “Хазяіна” - першага сакратара ЦК КПБ і паслухмянага яму бюро, а той цалкам падпарадкоўваўся “хазяіну” СССР. Тады наша палітычная кухня была такая: Слюнькоў намерыўся паставіць стаўку на тэхнакратаў новага пакалення, г. зн., 1930 гадоў нараджэння”. - “А равесніка, нашага Бураўкіна, вы, член бюро ЦК, не бачылі, скажам, галоўным ідэолагам?” - “Я - так. Але “хазяін” асцерагаўся яго інтэлекту, новаўвядзенняў. Асабліва ў нацыянальнай сферы. То трымаў воддаль. Ягоны маскоўскі апякун, Рыжкоў (ст. Савета Міністраў СССР. - Аўтар.) у раздрай спрэчак пра Чарнобыль перавёў яго ў Маскву. Ён нічога талковага тут не зрабіў ці не паспеў зрабіць. У ліку тых, хто мог стаць першым сакратаром ЦК, назваў і мяне. Ды Лігачоў на Палітбюро ЦК КПСС настояў паставіць у нас на “хазяйстве” ды на мяжы з ненадзейнай Польшаю (у той час там было ўжо адменена ваеннае становішча, але ішла да ўлады “Салідарнасць”, што вяло да абвалу сацыялізму ў краіне. - Аўтар) не заходнебеларуса і не з нашага пакалення (“камсамольца”, як той іранізаваў), а праверанага на вернасць “старога бальшавіка” - першага сакратара Брэсцкага абкама. Той, закасцянелы ў партыйных схемах і паслушнік апекуну з цэнтра, яшчэ болей баяўся ўсялякіх новаўвядзенняў, не мог дапусціць узвышэння і малодшых, і з новымі поглядамі. З яго падачы маладзейшага і, лічу, здольнага старшыню Савета Міністраў БССР Бровікава перавялі паслом у Польшчу, а на яго месца ўзялі старэйшага і кансерватыўнага. Вось і запанавала ў нас шэрасць, забалочванне. Не без гэтага і ў нас пачаліся нападкі на партыю. Асабліва рэзкія ад БНФ. Калі ён на ўсіх перакрыжаваннях загаварыў пра даўняе гістарычнае, пра нацыянальнае, пра ВКЛ, БНР, то я ўжо свядома зацікавіўся гэтым. Пачаў кумекаць: гэта тлела ў народнай памяці, а цяпер ажыло. Нацыянальнае адраджэнне - зусім не панацэя ад усіх бед, але патрэбна, каб наш люд застаўся народам. З вялікай увагай азнаёміўся з Ермаловічавай “Старажытнай Беларуссю”, што вы надрукавалі ў “Маладосці”. I з іншымі публікацыямі. Ды па партыйнай дысцыпліне насуперак самому сабе мусіў слухацца Першага. То і падпісваў тыя нарыхтаваныя ў ЦК, як вы кажаце, антынацыянальныя ўказы”. - “А пра выхад калі не з партыі, то з ЦК не падумвалі?” - “Не. Як і іншыя, быў упэўнены: перабудова перабудоваю, а КПСС не страціць сваё кіраўніцтва. То трэба быць у яго шэрагах. Я толькі, што не хоча заўважаць той жа БНФ, змог насуперак нашаму бюро ЦК падтрымаць ідэю пачаць падрыхтоўку да Закона “Аб мовах у Беларускай ССР” і не замінаць, каб некаторыя члены камісіі, як вашы калегі па літаратуры Гілевіч і Сачанка, вялі работу па наданні беларускай мове статусу дзяржаўнай. Спадзяваўся: калі не сесія нашага старога ВС, то сесія народных дэпутатаў зможа зацвердзіць такі Закон і пойдзе ў гэтым накірунку далей. Не без помсты за маё непаслушэнства “хазяін” пастараўся не дапусціць мяне да выбараў у народныя дэпутаты і выпіхнуць з рэспублікі (як і вашага Бураўкіна). Мы абодва, ён з болей нацыянальным складам, я меней, былі тут стрэмкамі...