У працяг свайго маналогу Т. дадаў яшчэ тое-сёе пра тагачаснае партыйнае закуліссе: “хазяін”, сказаў, каб разарваць звязкі нас, маладзейшых, хацеў пазбавіцца і ад прызнанага ўжо здольным гаспадарнікам Кебіча. Бачыў у тым пагрознага суперніка. Невыпадкова цэнтр пачаў спакушаць яго пасадай міністра станкабудавання СССР. Але хітры Чэсь ухіліўся: міналіся часы, калі многія прагнулі ў Маскву, каб адтуль вярнуцца сюды на высокую пасаду. Цяпер лепш сініца ў руцэ, чым журавель у небе. Заціх, пачаў чакаць свайго часу. А я не здолеў адмовіць Гарбачову (“прашу: памажы сваёй беларускай ментальнасцю”), згадзіўся ўзначаліць камісію ВС СССР. Мне, як яго ўпаўнаважанаму, выпадала весці няпростыя перамовы з кіраўнікамі некаторых рэспублік, тушыць там нацыянальны пажар. Але ў Тбілісі не складвалася мая місія...”
Не ведаю, наколькі шчыры быў Т. У прыватнасці, у тым, што тады грузінскае кіраўніцтва само прасіла дапамогі расійскага генерала Радзівонава, і той быццам не па сваёй волі загадаў для разгону бурных дэманстрацый пусціць у ход сапёрныя рыдлёўкі. Толькі больш паверылася ў іншае яго прызнанне: “Там я пераканаўся: грузіны - не мы, а даўні народ, што меў сваю дзяржаву, сваіх цароў. І без іх яны захавалі вышэйшае эканамічна-фінансавае, нацыянальнае і культурнае асяроддзе. Напрыклад, і ў СССР іхняя мова мела статус дзяржаўнай. У іх моцны, па- сапраўднаму патрыятычны дух. Яны спаяныя нават сваімі самабытнымі песнямі і танцамі, застоллямі. Іх і сілай не пераломіш. І нават не сагнеш. Адпаведна, са сваёй місіяй уціхамірвання я не справіўся. Як і сам Гарбачоў у Літве, дзе яго чакаў халодны душ ад тамашняй Кампартыі: абудзіў тое, чаго мо і не трэба было чапаць... Не ведаю, як бы склаўся мой лёс, каб не паслухаўся Гарбачова і застаўся тут. Пасля няўдалага жнівеньскага путчу 1991-га я апынуўся ў адстаўцы. Кебіч, ужо старшыня Савета Міністраў, параіў мяне намеснікам міністра замежных спраў, але папрацаваў там мала: супраць упёрся новы міністр, былы сакратар гаркама, які пераарынтаваўся ў дэмакрата. І я, як раней старшыні Савета міністраў Аксёнаў і Бровікаў пры новых “хазяінах”, паехаў паслом у Польшу. Яны - пасланцамі СССР, а я - незалежнай Рэспублікі Беларусь. Ды ненадоўга. А пасля. І лідар нацыянальных дэмакратаў Пазняк, і вылучэнец савецкай эліты Кебіч - абодва апантана дабіваліся ўвядзення прэзідэнцтва, абодва верылі ў сваю перамогу. Але было ясна: Пазняку не будзе для гэтага патрэбнай падтрымкі. Нават у вёсцы. Як і адхіленаму ад улады Шушкевічу. Большыя шанцы ў Чэся. Ды, як даходзіла да мяне, заявіліся і для яго, нібыта сябра Чарнамырдзіна, а з тым быццам і прыхільнага Ельцына, трывожныя званкі. Па-першае, ён неабачліва наблізіў да сябе нямала малавядомых, цёмных цывільных і ў пагонах дзялкоў - яны не дапускалі да яго нацыянальную інтэлігенцыю, сварылі са старымі і новымі камфункцыянерамі, аграрыямі, са старшынёўска-дырэктарскім корпусам. У выніку ад гэтых плыняў былі вылучаныя свае кандыдаты на прэзідэнцтва. Па-другое, Чэсь так ці гэтак браў на сябе адказнасць за наша партыйна-дзяржаўнае мінулае. І гэта быў не малы цяжар, што не спрыяў лёгка ўсплыць. Па-трэцяе, у выбарную кампанію ягоная каманда тапорыла старымі метадамі, многае правароніла, а мо і некаторыя з яе свядома падстаўлялі яго. Нават у побытавых дробязях. Да слова, не без іхняга ўдзелу з’явіліся ў незалежным друку кампраматныя здымкі з іх нібыта тайных пасядзелак, дзе Кебіч выстаўляўся ў непрывабным, нават агіднаватым выглядзе. Па-чацвёртае, ён, не надта які аратар і няўмелы дэмагог-камбінатар, прайграў тэлевізійныя дэбаты. Па-пятае, ён, як гаварылі, маючы вялікую ўладную сілу, не пайшоў ні на ніякія прававыя парушэнні, падробкі, запатрабаваў сумленных выбараў. Гэта робіць яму гонар, але. Так не было і не будзе.