Новы “хазяін” не хоча мяне ні чуць, ні бачыць. І са сваімі ведамі, вопытам я для яго - адпрацаваны матэрыял. Пры новых выбарах не толькі дзяржаўныя СМІ правялі адпаведную работу, каб абралі “чэсных” дэпутатаў. Здавалася, прыязная акруга не прагаласавала за мяне. А пра нацыянальна настроеных няма чаго і гаварыць. Яны ж - “нячэсныя” нават са сваёй, як са здзекам падаецца, “свядомасцю”, “пятая калона.”. Як і ў савецкі час: нацыянальнае і носьбіты яго не ў павазе і не ў цане. Як там у Пушкіна? “Ты просвещением свой разум осветил, Ты правды чистый свет увидел, И нежно чуждые народы возлюбил, И мудро свой возненавидел!”
Чуючы такое прызнанне, скаргу, мне тады падумалася і пра такое: “Вось такая яна, яе міласць кар’ера. Па нечай ласцы можа павярнуцца тварам, а па сваім праліку ці па нейчай злой волі можа, як і ў выпадку з Т., адвярнуцца. Не пайшла хада: ішлося ды збочылася, а то і спынілася.”
Успамінаючы, як рэалізоўваўся закон “Аб мовах”, я добра помню той час і тыя намаганні для яго прыняцця. У прыватнасці Сачанка даручаў мне, былому настаўніку, выпрабоўваць некаторыя напрацоўкі праекта на настаўніках, вучнях, іх бацьках, на студэнтах і выкладчыках ВНУ, а таксама публікацыямі ў друку. Былі супраць грубыя выпады, нават і сярод мясцовых ураджэнцаў-“тожабеларусаў”, але бачылася і моцная зацікаўленасць, падтрымка. Скажам, нават у такіх няпростых школах, як у прыстаўбцоўскім пасёлку Коласава, дзе размяшчалася армейская часць і дзе навучаліся дзеці вайсковых і служачых пры іх, ці ў 10-й г. Мінска, дзе быў матэматычны ўхіл. Толькі выказвалася пажаданне, каб беларуская мова ажыла ў дзіцячых садах, у ВНУ, на прадпрыемствах, у партыйна-дзяржаўных структурах, каб не пачувацца там белай варонаю і не цярпець непрыняцця. І не без гэтага ўсведамлення той Закон не рашыўся забракаваць нават апошні савецкі Вярхоўны Савет. Дэпутаты прынялі яго, але ў большасці самі не карысталіся ім, як “таварамі для народа”.
...Запомнілася, як дажывала КПБ. У асноўным верхні эшалон зацята абараняў сваю цытадэль (ужо ў чэрвені 1991-га яе дэпутаты ў ВС на IV сесіі не дапусцілі пазнякоўскага падрыву сваёй манаполіі, дэпартызацыі ва ўстановах і прадпрыемствах), але мусіў улічваць новыя генеральныя павевы, што ці сыходзілі ад няўрымслівага Генсека, ці наляталі віхурай на З’ездзе народных дэпутатаў і ўвасабляліся ў Законы СССР або ва Указы Прэзідэнта СССР. Па-ранейшаму падпарадкоўваючыся цэнтру, прыходзілася рэзка не пярэчыць у адыходзе ад некаторых “сацыялістычных заваёваў”: скажам, прызнаць рыначныя адносіны, згадзіцца на права фермерства і іншага асобнага занятку людзей, кааператываў, арэнды і г.д., што пакрысе ў некаторым сэнсе вяртала нэп з яго паўкапіталістычным характарам. Азначыўся пэўны зрух і ў грамадскай, духоўнай сферы. Былі выкананыя патрабаванні многіх грамадзян па стварэнні камісій па расследаванні злачынстваў у Курапатах і па рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій 1920 - 50 гадоў. Пасля з’яўлення Савецкага фонда культуры ў Маскве была дадзена згода на ўтварэнне Беларускага фонда культуры, які мог займацца не толькі зборам і захаваннем сацыялістычных каштоўнасцяў. Дазвалялася ўтварыць Таварыства беларускай мовы, якое задумвалася не толькі як клуб аматараў роднай славеснасці. Пасля прыняцця Закона СССР “Аб грамадскіх арганізацыях” (студзень 1991-га) яго па традыцыі прадублявалі і ў нас, што дазволіла грамадзянам ужо афіцыйна ўтвараць партыі і розныя суполкі (толькі міністэрству юстыцыі дазвалялася пільна прасейваць іхнія праграмы і ўрэзваць правы). Як некаторыя пацяшаліся, новыя партыі былі болей папяровыя, не мелі значнага ўплыву на грамадства ды, як тыя дажджавыя кроплі, усё ж тачылі цвёрды партыйны камень, што пры нагрэве патрэскаўся.