Пры гэтых і іншых новаўвядзеннях, адпаведна, ужо не мог не змяніцца Асноўны Закон рэспублікі. Ды паколькі там, у верхнім эшалоне, знаходзіліся і кемныя партапаратчыкі, то яны ўсвядомілі: новая Канстытуцыя вызначыцца не толькі пэўнымі папраўкамі, але і пазбавіць партыю, а значыць і іх неабмежаванай моцы і прывілей. У выніку была ўтворана такая камісія для выпрацоўкі новай Канстытуцыі, што і сацыялістычнымі прынцыпамі не паступалася б, і зацягнула свой творча-прававы працэс. У савецкую эпоху наш новы Асноўны Закон так і не быў прыняты. Зрэшты, і народныя дэпутаты ВС зацягнулі прыняцце новай Канстытуцыі не на адзін год.
…Тыя, хто змог азнаёміцца з дакументальным даследаваннем “Чернобыль: как это было” (Львоў, “Гердан”, 1999) вучонага, былога намесніка старшыні Дзяржаграпрама БССР I. Нікітчанкі, той сабраў мноства дакументаў пра намаганні аўтара, многіх вучоных, пісьменнікаў і занепакоеных асоб дастукацца да нашых высокіх партыйных і дзяржаўных кабінетаў з клопатам пра зняцце замоўчвальнай заслоны пра чарнобыльскую бяду і магчымыя захады па яе змяншэнні. Многія СМІ пад ідэалагічным націскам нясмела спрыялі ў гэтым. Аказваецца, толькі ў 1988-м у Мінску адбылася паўзакрытая сходка асобных грамадзян і журналістаў, дзе невысокага рангу службоўцы грамадзянскай абароны, міністэрства аховы здароўя, іншых арганізацый крыху адхінулі фіранку, але запэўнілі: партыя і дзяржава робяць усё для паратунку ад чарнобыльскай бяды. Адпаведна, трэба пазбягаць усякага ажыятажу, супакойваць усхваляваных людзей вялікім клопатам улады пра іх (с. 88 названага выдання).
Бураўкін выдатна ведаў, што і як тут робіцца на самай справе. 16 студзеня 1990 года па яго непасрэдным дазволе па тэлебачанні прайшла чарговая, але на гэты раз вострая, нават рэзкая перадача з цыкла “Ліра”, дзе журналісты і вучоныя без аглядкі, смела загаварылі пра недастатковасць мер па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі, пра небяспеку пражывання люду на забруджанай тэрыторыі, пра пільную патрэбу дасканалых прыбораў, методыкі абследавання глебы, траў на фураж, зерня, садавіны і агародніны, малака і мяса: там у асобных мясцінах набіраецца перабор цяжкіх металаў, небяспечных для жыцця многіх людзей. Пачутае асабліва кранула гомельскіх насельнікаў, і ў многіх калектывах адбыліся стыхійныя мітынгі з патрабаваннем большай увагі і помачы. Людское ўзбуджэнне затрывожыла першага сакратара гомельскага абкама. Прачуваючы, што быць можа і большае, ён шле занепакоены ліст Першаму ў Мінск (тэкст на с. 88-89): варта разабрацца. Калі сапраўды ёсць вялікая пагроза людскому здароўю (і ён, першы ў абкаме, пра гэта не ведаў?), то варта больш клапаціцца пра сітуацыю. Калі вучоныя свядома нагнятаюць, то вінаватыя павінны быць пакараныя. I строга: аж да таго, што іх пазбавіць навуковых званняў. Першы ў рэзалюцыі на гэты ліст пазначыў другому сакратару ЦК КПБ, прэзідэнту АН БССР, старшыні Камісіі па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС разабрацца і зрабіць вывады. Да названых ім імён быў падключаны і Г. Бураўкін паводле яго пасады і адказнасці за выпушчаную ў свет перадачу.
Праз адведзеныя пяць дзён камісія дала адказ, дзе было пазначана: “ліраўскі” матэрыял актуальны, але перакошаны: навукоўцы “изложили” факты “без учета решений”, адпаведных захадаў ЦК КПБ і Савета міністраў “по данному вопросу”. А наконт тэлежурналістаў было ўказана на “необходимость правдивых, взвешенных оценок при освещении проблем”. Ад імя старшыні Камітэта па радыёвяшчанні і тэлебачанні адказ падпісаў ужо іншы кіраўнік. Як пазней убачыцца, цалкам “наш”, г. зн. “управляемый”.
Несумненна, меў рацыю Т., калі зазначаў: не без уліку, што ў сакавіку таго, 1990-га, павінны былі адбыцца выбары народных дэпутатаў і такая асоба, як Бураўкін, можа быць абраная і мець высокія шанцы ў новым ВС, яго адправілі ў пачэсную высылку. Пастаянным пасланцом рэспублікі пры ААН, дзе яго чакала праца пад кіраўніцтвам чыноўніка старой школы, хто толькі па дакументах лічыўся міністрам замежных спраў БССР. Ён не меў свайго голасу: па партыйна-дзяржаўнай дысцыпліне спаўняў указанні апарата ўсесаюзнага міністэрства. I пры гэтым мо і невыпадкова запусцілі брудную погаласку: Бураўкін не жадае ўдзельнічаць у нашым няпростым грамадскім жыцці, падаўся за акіян па камфорт і долары. Такім чынам, са свайго пакалення самы яркі па службе чыноўнік, прызнаны ўжо дзярждзеяч пачаў шукаць сваю новую ролю і не мог сустракацца з працоўнымі калектывамі, набываць новыя акцыі, патрапіць у дэпутаты, а з гэтым статусам - і на адну з пасад у ВС, што ў новых умовах ужо мог годна і важка засупернічаць за ўладу з КПБ.