Выбрать главу

Тады складвалася так, што ў многіх рэспубліках першы партыйны сакратар імкнуўся патрапіць у народныя дэпутаты, а пасля выбараў узначаліць ВС, а вось наш Першы па нейкім сваім меркаванні адмовіўся ад палітычнай барацьбы за далейшае ўладаранне, толькі, як пераказвалі, параіў сваім давераным: хочаце і далей руляваць - любой цаною выйгравайце выбары і гуртуйцеся ў спаяную фракцыю. Здольныя і аўтарытэтныя, а з імі і ўвішныя здолелі ўстояць у перадвыбарных бурных перапалках, явіць сябе перад не ўсімі разборлівымі слухачамі адзінымі сапраўднымі народнымі заступнікамі або спрытна скарыстаць мясцовую адміністрацыйную падпору (не грэбавалі праз паслухмяных мясцовых падначаленых, друк ашальмаваць суперніка, маглі ў раённым або абласным цэнтры паказушна заасфальтаваць якую лужную вуліцу, завезці ў крамы доўгачаканыя тавары, падабраць такую выбарную камісію, якая “правільна” падлічыць галасы, каб суперніку не хапіла літаральна аднаго і г.д.). Некаторыя і не такія ўжо малыя чыны, як, да слова, першы сакратар Мінскага гаркама, са сваёй без’языкасцю і з зацяганай дэмагогіяй, пры большай дасведчанасці, свядомасці і актыўнасці выбарнікаў, пры строгім кантролі пры падліку галасоў не займелі такіх шанцаў. Тут перамагалі бойкія, з прывабнымі прамоўніцкімі здольнасцямі кандыдаты, якія вылучалі свежыя погляды і прапановы. Прайшлі і некаторыя тыя, хто раней на гэта не мог разлічваць: вылучэнцы ад розных арганізацый і калектываў, заявіцелі тыпу “сам ад сябе і за народ”, ад БНФ, хоць яго працягвалі ў многіх дзяржаўных СМІ, на выбарчых сходах заўзята ганьбіць, шальмаваць, прыніжаць самым непрыстойным чынам. На асобных участках галасы падзяліліся так, што ніхто не быў абраны народным дэпутатам. Тым не менш і гэта азначала: і ў нас нарэшце зрушыўся гарбачоўскі працэс.

У некаторых рэспубліках кіруючы партапарат не панёс вялікіх страт: па выніках выбараў у ВС сталася большасць яго вылучэнцаў. Адпаведна, яны вызначалі характар і новага прэтэндэнта на ўладу (напрыклад, ва Украіне на чале новага парламента абралі другога сакратара ЦК Л. Краўчука). Падобнае адбылося і ў нас: гуртаванцы КПБ пры абранні старшыні ВС арыфметычнай перавагаю не дапусцілі “чужынца”, паспрыялі зацвердзіць сакратара ЦК КПБ па сельскай гаспадарцы. “Неблагі хлопец”, - прынамсі, казаў пра яго нам Шамякін, які цесна знаўся з верхнім уладным эталонам. Той, пажылаваты ўжо дзядзька, які стараннай выканаўчасцю ўсяго даручанага цягавіта выслужыў не малую пасаду, чулася і ад іншых, быў сапраўды незласлівы і нефанабэрысты чалавек. Ды адразу ўбачылася: у парламенце не зусім на сваім месцы. Для кіраўніка такога чыну было малавата нават ягонага слоўнікавага запасу, асабліва з прававой тэрміналогіі. Калі адрываўся ад цыдулкі і гаварыў ад сябе, то часта запінаўся або дапускаў такія перлы, што станавіліся падставай для пацешных пародый. Да ўсяго заставаўся членам бюро ЦК і, як пачала папікаць апазіцыя, дзеіў па яго інструкцыях. Як мог, тушыў і дыскусійныя жарсці, што падкідвалі асобныя правазнаўцы, і антыкамуністычныя выпады, што сыходзілі ад бескампраміснага Пазняка і яго аднадумцаў. Як раней на З’ездзе народных дэпутатаў у Маскве, так цяпер і ў Мінску найбольш актыўныя не чакалі, пакуль ім дадуць права на слова, самі пры спрыяльным моманце тоўпіліся каля трыбуны і жадалі стаць за ёй, то старшыня мусіў даваць заўвагу ў сваім стылі: “Вы там, у задним праходзе, не заминайця выступаюшчаму”. Той-сёй з “агрэсіўнай большасці” таксама выходзіў на бой і калі нападаў на “негатыўныя” прапановы бубнением пра “сацыялістычныя святыні”, то яго перапынялі абурэннем. Не могучы супернічаць са спраўнымі гаварунамі, паступова з таго асяроддзя заціхалі, дачэкваліся выступу пагрознага для іх Пазняка, а пасля, стаміўшыся ад інтэлектуальных паядынкаў, той-сёй з пажылых ветэранаў сцюцюрваўся і мірна даваў храпака. Толькі падштурхнуты суседавым локцем для галасавання, рабіў гэта спрасонку ды ўсё ж так, як было сказана ім на асобнай нарадзе партыйнай фракцыі, што ў саюзе з іншымі (некаторымі аграрнікамі, з дырэктарскага корпусу) магла колькаснай большасцю падтрымаць або адкласці на далейшы разгляд, а то адхіліць любую пастанову некамуністычнага характару. Многае дзелавое, патрэбнае ў той важданіне літаральна выпарвалася ў паветра. Без працэджвання асобнае састарэлае не магло не апускацца ў звычайны, непрыгодны асадак.

Каб супыніць болевую сутаргу сацыялізму, а з ёй і пахістак свайго становішча, партыйная эліта паратунак і вяртанне ранейшай сваёй моцы бачыла не столькі ў пэўным аздараўленні, колькі ў фізічна-хірургічнай аперацыі - маскоўскім антыгарбачоўскім перавароце. І ўсё смялей прыспешвала такую сілавую дзею. Да гэтага настрою грамадства падштурхоўваў эканамічна-сацыяльны стан у СССР - найперш ўсё большае апусценне прылаўкаў і ўсё большая людская трывога за выжыванне ў заўтрашнім дні. А паколькі не толькі простаму чалавеку цяжка было разабрацца, чыя віна ў гэтым, камуністаў або дэмакратаў, то ўсё болей павышаўся грамадскі градус незадаволенасці і апаноўвала настальгія па ранейшым - без нармальнай свабоды, з рознымі, як тады гаварылі, “дэфіцытамі”, але затое з пастаяннай, хоць і невялікаю зарплатай, з недарагой варанай каўбасой. Вось і наступіла 19 жніўня 1991 года, калі ўсе мы пачалі працоўны дзень усхвалявана: з Масквы паведамілі пра сфармаваны там ГКЧП, што нібыта ў час хваробы Генсека і прэзідэнта СССР бярэ поўную ўладу ў свае рукі, будзе сілай “наводзіць парадак” без дэмакратычных цырымоній. Адпаведна, тут жа разнесліся застрашальныя пошапты: паўторыцца польскі варыянт уводу надзвычайнага становішча, г. зн. многія вінаватыя ў разладжванні савецкай сістэмы па ўжо складзеных “чорных спісах” будуць зняволеныя. Нібыта галоўны ініцыятар перабудовы ўжо арыштаваны. І яшчэ знаўцы навін дадавалі страху: паблізу Мінска, іншых гарадоў падрыхтаваныя ўжо “цялятнікі” для вывазу чорнаспісных. Калі не такога, то пад гарачую руку звальнення з працы можна было чакаць многім: скажам, мы, члены КПСС у “Маладосці”, не заяўлялі пра свае антыкамуністычныя погляды, але ўсё ж былі “отшельники”: з лістапада мінулага года перасталі браць удзел у партыйных справах і плаціць партыйныя ўнёскі. Як піша ва ўспамінах Краўчанка, некаторыя з дэпутатаў, хто не па глыбокіх перакананнях “прымкнуў” да Пазняка, зведалі перапуд і забегалі перад старой гвардыяй, што распраміла плечы, выпнула грудзіну з медалямі і ардэнамі ды ўскінула голаў...