Як можна было зразумець з тону нашага тэлебачання, вярхоўе КПБ (сярод членаў бюро ЦК і Шамякін) падтрымала акт, што неўзабаве назавуць “путчам” (ням. Putsch - авантурыстычная спроба групы змоўшчыкаў зрабіць дзяржаўны пераварот). Наш ВС афіцыйна не выказваўся, у ім толькі адразу ж запратэставалі дэпутаты ад БНФ і асудзілі “хунту”. Яны ведалі, што не толькі іх, мякка кажучы, “возмутителей”, але і ўсю маладую дэмакратыю чакае перамога артадаксальных камуністаў на чале сілавых структур. ГКЧП гучна і грозна аб’явіўся, але бясслаўна праваліўся. Разлік змяніць становішча злучанымі сіламі КДБ, арміі ды міліцыі не ўдаўся. І радавыя масквічы з дэмакратычнымі поглядамі на чале з папулярным і рашучым прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Ельцыным не далі вялаватым ды не зусім ўпэўненым у сваім поспеху змоўшчыкам разгарнення, каб зноў жорстка абрэжыміць СССР.
Пасля падзення ГКЧП у ВС БССР была ўтворана камісія па расследаванні ступені пасобніцтва таму. Старшыня, “добры хлопец”, засцерагаючыся абурэння і шквалу крытыкі, абачліва падаў у адстаўку, замест яго выбралі прафесара- дэмакрата С. Шушкевіча. 25 жніўня Бураўкін з-за акіяна па сваіх каналах, а мы, не верачы сваім вачам і вушам, назіралі па мінскім тэлебачанні, як зляканая “агрэсіўная большасць” дэпутатаў літаральна за паўгадзіны салідарна прагаласавала за тое, супраць чаго дружна выступала пастаянна. У прыватнасці, пайшлі на “святатацтва”: хоць і з агаворкай часовасці, але прыпынілі. дзейнасць КПСС - КПБ, яе маёмасць перадалі дзяржаве (будынак ЦК пераходзіў ВС), прынялі Закон “Аб наданні статуса канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб Дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР”, што хутка, у верасні, аформіцца ў яснейшае паняцце - Рэспубліка Беларусь. А яна, цяпер суверэнная дзяржава, паўстане пад “бэнээфаўскімі” сімваламі. Белавежскія пагадненні таго пераломнага года запынілі існаванне СССР. Ды. Прыняцце новай Канстытуцыі, што заканадаўча замацоўвала б азначаныя мірныя заваёвы і забяспечвала б жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь, не было ажыццёўлена ні ў гэты, ні ў наступны год.
Паўплывала і тое, што новы старшыня ВС па сваім меркаванні не падтрымаў БНФ у тым, каб распусціць пераважна артадаксальны ВС і абраць новы, больш прафесійны і з дэмакратычным мысленнем. Ён пайшоў па шляху так званага ўмеранага радыкалізму - і вашым, і нашым. Кампартыя ажыла і падсобіла пераадолець зляк у прыхільнай бальшыні дэпутатаў; зноў разгарэліся спрэчкі пра дзяржаўны, эканамічны ўклад, пра знешнюю палітыку ды іншае, у тым ліку і пра тое, якой быць рэспубліцы: парламенцкай або па прыкладу Расіі і Украіны прэзідэнцкай. Як кідалася ў вочы, асцярожнасць, кампрамісы не ўмацоўвалі становішча новага старшыні ВС (ягоны прыём пісьменнікаў пакінуў расчараванне: нам было найперш даволі напышліва паказана, што ён - не проста сын рэпрэсаваенага ў свой час бацькі-паэта, навуковец, а кіраўнік дзяржавы, які дбае пра ўвесь народ. Так што нам цяпер не трэба, як у савецкую эпоху, ускладаць вялікія надзеі на выданне нашых кніг за дзяржаўны кошт і на ганарары, што нам ва ўмовах рынку варта дбаць пра гэта самім і г.д. Суцешвала толькі адно: быў першы з высокіх кіранікоў, хто з намі гаварыў па-беларуску і быў за функцыянаванне роднай мовы на дзяржаўным узроўні).