Нечакана сярод тых, хто заклікаў не спяшацца з увядзеннем прэзідэнцтва, быў і такі аўтарытэт, як вядомы паэт, старшыня Пастаяннай камісіі ВС па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны Ніл Гілевіч.
“А хіба няма ў гэтым вялікай небяспекі і пагрозы? - прыкладна так пры нашай асабістай сустрэчы пачаў ён абгрутоўваць сваё меркаванне. - Адзін чалавек можа годна ўзначаліць краіну не толькі тады, калі ён яркая асоба. Але і тады, калі ў ёй у моцы Канстытуцыя, дэмакратыя і апазіцыя. У нас аснова гэтага закладвалася ў часы ВКЛ, а пасля з цяжкасцю ўтрымлівалася ў эпоху федэратыўнай Рэчы Паспалітай да яе падзелаў. У царскай Расіі Канстытуцыі, дэмакратыі, тым больш апазіцыі не было, там самаўладна правіў памазанік Божы. Не адно наша пакаленне з’явілася, жыло і памерла ва ўмовах прыгнёту і бяспраўя як насельнікі Паўночна-Заходняга краю імперыі. У СССР існаваў вышэйшы Закон, па ім мы лічыліся рэспублікай, але і па ім дэмакратыя як такая зводзілася да нуля за “буржуазны перажытак”, апазіцыя была разгромленая і забароненая, вышэйшаю асобай стаў генсек. Камуністычны зямны Бог. “Бацька ўсіх народаў”. Цяпер прасавецкая большасць нашых дэпутатаў свядома зацягвае ўзгадненне асобных канстытуцыйных асноў, чым змушае год за годам заканадаўча таптацца на адным месцы. Што да прэзідэнства, то большасць схіляецца: яму быць. Толькі адны за вялікія паўнамоцтвы яму, іншыя - за абмежаваныя. Мяне турбуе, што мы атрымаем, калі прэзідэнт будзе з вялікімі правамі. Як ён выкарыстае іх? Не павабіць яго стаць адзіным, усеўладным? Вырашаючы многія праблемы, ці не паступова сам пераўтворыцца ў невырашальную праблему? Зразумела, у нас не такія ўмовы, каб ён стаў варыянтам камбаджыйскага Пол Пота (кажуць, паходжаннем з беднай сялянскай сям’і), але няма гарантыі, што не паўторыць асобныя метады таго. Не адзін вылучэнец за абсалютную ўладу прадасць і чорту душу. Будзе гундзець пра народ, але вытрасе з яго ці падамне самых разумных і сумленных, непрыхільных да яго. Мы па славянскім суседстве здаўна блізкія мовай і культурай з Расіяй, а па энергарэсурсах на цеснай эканамічнай прывязі да яе. То рэальнасць: у нас затрымаецца на прэзідэнцтве той, каго ўпадабаюць Лубянка і Крэмль. Значыць, вялікія шанцы ў Кебіча: ён цяпер у сіле і літаральна глядзіць у рот Чарнамырдзіну, а той - Ельцыну. Тыя пакуль што занятыя сваімі турботамі, найперш рыначнымі рэформамі, забастоўкамі, зарплатамі, “ножкамі Буша”, а Ельцын яшчэ вядзе нялёгкае змаганне з парламентам за дзяржаўнае стырно. Лічу, перасіліць ён. Але, як бачна, ягоны дэмакратызм абмежаваны: у яго ўсё больш прарываюцца самаўладныя замашкі. Ад свайго высокага партыйнага нядаўняга, ад таго, што яго пачынаюць называць царом Барысам. Апошняе яму вельмі падабаецца. Помніце, ён перад Віскулямі і ў іх падтрымаў Краўчука па роскідзе СССР? Чаму? Не найперш дзеля таго, каб і самому выйсці з-пад улады Гарбачова і ўзвысіцца? Але хіба не бачыць СНД па ўзоры СССР, а сябе яго лідарам? Ці не менавіта такое выявіў тут, калі перад Віскулямі зазірнуў у наш ВС? Яго сустрэлі як героя ў адыходзе ад партыйнай артадоксіі і ў змаганні з ёй, у зрыве перавароту ГКЧП. А ён? У поглядзе на сучасную Беларусь дастаў з пыльнага куфра адмысловую граматку цара Аляксея Міхайлавіча і расхваліў яе як даўні братні клопат пра наш народ... I многія нашы, у тым ліку і некаторыя пасягальнікі на прэзідэнцтва, горача пляскалі ў ладкі. Уявіце такога невука або, наадварот, хітруна з паўнатой улады. Не пойдзе не толькі на многія саступкі, але і на здрадніцтва дзеля свайго ўладарання? I, падстрахаванага правамі, вельмі не паправіш, лёгка не скінеш нават згодна з Канстытуцыяй. Нам пакуль што разумней мець дзяржаўную сістэму на чале з парламентам і рыхтавацца да пераходу да прэзідэнцкай.”
Той ельцынскі візіт і асабліва ягоны “гістарычны падарунак” быў вельмі паказальны: высокі расійскі госць падаў архіўны дакумент. “Ахоўную грамату Оршы ад 1664 года”. Недасведчаным гэта было да душы: пераклік стагоддзяў, братэрства, клопат пра нас. Знаўцы ж адразу спазналі сэнс гэтага перакліку: гістарычная даведка паходзіла з часоў вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у 1654 - 1667 гады. Той перыяд у савецкай гістарычнай навуцы падаваўся як вызваленчы для беларускага і ўкраінскага народаў. Толькі ў 1994-м (“Нарысы гісторыі Беларусі”, т. 1) і ў 1995-ым (“Беларусь. Энцыклапедычны даведнік”) быў асвечаны як захопніцкі, што, дарэчы, вынікала яшчэ з падрабязнага апісання той вайны ў “Истории России с древнейших времен” (1851 - 1879) нават гісторыка імперскага погляду С. Салаўёва. Гэта там было вельмі відавочна, але ў савецкі час дзеля сучаснай палітыкі ў нацыянальных справах замоўчвалася. Як і сама тая багатая на сапраўдныя гістарычныя факты “История”.