Выбрать главу

Тая нашая адкрытая гавэндзь была не зусім выпадковай і таму, што Генадзь Мікалаевіч раней, у першай палове 1970-х, даваў мне кандыдацкую партыйную рэкамендацыю... Ды я, прачытаўшы на той час не адзін ягоны зборнік паэзіі, выбранае ў адным і ў двух тамах, успрыняў яго казань даверліва. Аўтар іх сярод іншага і прызнаваўся шчыра: “Я не знаю, ў каго я ўдаўся такі...”, “Я часам сам сябе не пазнаю...”. Ці ягоныя загалоўкі вершаў: “Да Ільіча” (не да партыйнага боства Леніна, а менавіта да чалавека-асобы), “Адышлі ў нябыт панегірыкі”, “Пустыя п’едэсталы”, “Зусім “бязгрэшным”, “Не залаты зусім, не срэбны...”. А побач былі мілагучныя вершы пра прыроду, пошукі лірыкі, дзіцячыя творы. Значыць, ішла нялёгкая душэўная, творчая эвалюцыя, далейшае станаўленне паэта з выявай свайго светапогляду і кругагляду.

Або вось пра такі незвычайны момант у сваёй біяграфіі напрыканцы 1960-х расказаў Бураўкін незадоўга да свайго адыходу ў інтэрв’ю “Комсольской правде” ў Беларусі. У 1968-м яго як члена партыі, прафесіянала ў журналістыцы і ўжо вядомага публіцыста ды з высокім становішчам у “ЛіМе”, загадчык карэспандэнцкага пункта “Правды” па Беларусі параіў на пасаду карэспандэнта гэтага вышэйшага партыйнага органа. Зразумела, такое, як у той час лічылася, важнае кадравае пытанне вырашалася ў мінскіх самых высокіх партыйных кабінетах, а пасля зацвярджалася ў цэнтры. Партыйна-службовую характарыстыку на вылучэнца падпісваў ажно другі сакратар ЦК КПБ. Не прысланец з цэнтра на такую ролю, як звычайна была такая практыка ў кампартыях рэспублік, а свой, нават зямляк Бураўкіна па Віцебшчыне. Але той спачатку не паспяшаўся падтрымаць, а праявіў партыйную звышпільнасць: маўляў, рэкамендаваны схільны да. нацыяналізму.

“У чым жа быў ваш правінак у нацыяналізме? - прачытаўшы пра гэта ў тым інтэрв’ю, не без гумару пацікавіўся я пры сустрэчы. - Не помню такога граху ў вашай творчасці. Наадварот, вы адзін з тых, хто асудзіў за нацыяналізм і паслугі фашызму некаторых нашых эмігрантаў”. Генадзь Мікалаевіч валодаў бліскучасцю іскрыстай думкі, лёгкага гумару, але на гэты раз абышоўся без досціпу, а загаварыў нават зусім нявесела: сапраўды, ён не дазволіў сабе ў друку ніякіх нацыяналістычных праяў. Хоць здаровы нацыяналізм з яго гарачым патрыятызмам і сцверджанне сваёй нацыянальнай выключнасці - зусім розныя рэчы. Высокаўзнесены зямляк, канечне, зрабіў падстраховачны запыт пра ягонае “обліка марале” ў “кампетэнтных органах”. Яны ўжо не мелі велізарных паўнамоцтваў на татальны кантроль грамадства, не фальсіфікавалі гучных палітычных спраў, каб мець апраўданне на самачынны арышт амаль любога чалавека ў краіне (у 1938-м старшыню ўрада БССР, як сам ён пазней мне расказваў, арыштоўваў звычайны лейтэнант), падпарадкоўваліся кіраўніцтву партыйных камітэтаў ды працягвалі пільна ўсё абсочваць. Яны маглі далажыць, што ён у прыватных гутарках, на выступленнях перад чытачамі зусім не ўхваляе закрыццё беларускамоўных школ у гарадах, перавод некаторых беларускамоўных выданняў на рускую мову, выцісканне нашай карэннай мовы з дзіцячага садка па самы высокі наш кабінет. Як і пра абурэнне бытнай сярод зрусіфікаванага чынавенства непублічнай устаноўкі: калі пісьменнік і філалагічны навуковец, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, бібліятэкар, артыст піша і размаўляе па-беларуску, то гэта дапушчальна. Прафесія такая. Ды мова ж не забароненая. А вось калі беларусяць іншыя катэгорыі, то яны - нацыяналісты: пазбягаюць “интернационального”. Без лішняй публічнасці, кулуарна ды настойліва сцвярджаўся тэзіс: рускамоўны беларус - сапраўдны беларус-інтэрнацыяналіст. І яму быў большы давер. І ён гнуў такую лінію. Але і нам, дапушчаным, як сам ведаеш, гаварыў Бураўкін, не рэкамендавалася адстойваць права на паўнакроўнае жыццё яе, нашай матухны-мовы. Крэмзай, гутары ды не замахвайся на большае, не “стварай нацыянальнае пытанне: яно ў нас вырашана па-ленінску”...