Выбрать главу

Салаўёў зазначыў: цару Аляксею Міхайлавічу, як і яго папярэднікам, таксама зажадалася далучыць да свайго царства ВКЛ, усю Украіну, а то і здаўна варожае Польскае каралеўства. Момант быў выбраны зручны: перад маем 1654-га не без яго падтрымкі казакі Б. Хмяльніцкага ўзмацнілі вайну з Польшчай, спустошылі многія землі ВКЛ, заключылі пагадненне на ўваходжанне ў рускую дзяржаву на правах аўтаноміі. Да ўсяго Польшчы пагражала турэцкая і шведская інтэрвенцыя. Перад пачаткам баявой аперацыі Аляксей Міхайлавіч правёў шырокую агітацыйна- прапагандысцкую: разаслаў у шматлікія гарады ВКЛ граматы, дзе спачуваў праваслаўным вернікам, браўся вызваліць іх ад каталіцкага засілля, прасіў помачы, гарантаваў недатыкальнасць жыцця і маёмасці тым, “которые противны не будут”, прысягнуць яму і згодзяцца адмовіцца ад сваіх парадкаў (магдэбургскае права і інш.), нават памяняць свае формы адзення, прычоску на маскоўскія ўзоры, каб асобнымі славянамі не выдзяляцца. Спачатку і сваім ваенначальнікам быў наказ: “чтоб белорусцев хрестьянские веры” (г. зн., “сапраўднай”: праваслаўнай. - Аўтар.) не крыўдзілі, “что им быть под нашею государскою высокою рукою навеки неотступно и нам служить”. Спачатку многія скрыўджаныя і з-за веры праваслаўныя людзі даверыліся ўварваным з розных бакоў заступнікам (разам з казакамі Хмяльніцкага больш за 100 тысяч), здавалі ім некаторыя гарады, сумесна змагаліся супраць вайсковых злучэнняў ВКЛ (у іх было каля 20 тысяч сваіх і наёмных вояў). Але месяц за месяцам такіх даверлівых менела, а то нямала хто збягаў з царскай арміі ды паварочваў зброю супраць яе. Салаўёў ухваляў царскую палітыку ды як даследчык на аснове глыбока спазнанага дакументальнага матэрыялу не мог не прызнаць: тон царскіх грамат, наказаў, “сказок”, а з імі і ход вайны неўзабаве пачаў мяняцца. У новых граматах, падкрэслівае ён (кніга V), ужо загадвалася непакорлівых забіваць “безо всякой пощады”, “везде хлеб и животину брать”. Таму, дадае гісторык, “ратные люди свирепствовали в покорившихся уездах”, “насиловали женщин, убивали мужчин”. Значыць, братнія спачуванні і клопаты Аляксея Міхайлавіча былі толькі прыкрыццём, на самай справе мелі захопніцкія мэты.

Аршанцы таксама патрапілі ў калаўрот. “Прысяжныя мужыкі” (тыя сяляне, хто прысягнуў цару. - Аўтар.) у жніўні 1654-га памаглі наўгародскім стральцам разбіць атрад ВКЛ, а мяшчане Оршы па прыкладзе іншых адчынілі вароты горада перад царскім войскам. Ды ўжо неўзабаве і некаторыя аршанскія прысяжнікі далучыліся да тых, хто пачаў засыпаць Аляксея Міхайлавіча скаргамі. Яны (у прыватнасці, жыхары вёсак Любавіцкага стана Аршанскага павета) называлі сябе сіротамі (страцілі заступніцтва ўлад ВКЛ і ад царскіх начальнікаў яго не набылі), наракалі: “мы. тебе, государю, с хлебом и с солью били челом. А ныне.” І тлумачэнне: царскія ратныя людзі пазабіралі ў іх здаровых жанчын, дзяцей і некуды павезлі, “скотину и хлеб поимали, и домишки пожгли, скитаемся по лесам наги и босы, сидим на пепелище, и с холоду и голоду в конец погибли и разорены до основания. Милостивый государь... пожалуй нас сирот.” Чытаючы такое, нельга не зразумець, ад каго трэба было ратаваць аршанцаў па ахоўнай грамаце, хто спрычыніўся ў шматгадовай вайне да таго, што і праваслаўныя, і католікі ВКЛ панеслі велізарныя страты, а лік іх скараціўся больш чым удвая... Вось і сталася гнеўнае абурэнне Ельцыну за яго такі і з такой хітрай падкладкай “клопат” пра нашых цяперашніх “сірот.”, многія з якіх ужо не жадалі быць абяздоленымі, хацелі мець сваю сям’ю, гаспадарку.

П. Краўчанка спрабуе апраўдаць ход Ельцына тым, што “хтосьці ў Маскве яго свядома тады падставіў” (с. 164). Але як міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь, назіраючы за Ельцыным у Віскулях і пазней, пры фармаванні СНД, калі той абяцаў кіраўнікам былых рэспублік разумение і помач у правядзенні постсавецкіх рыначных рэформ, заўважае пра “дэмакратызм” таго: “Ельцын хутка забыўся на ўсе свае абяцанні. У Мінску <.> на пытанне іншых удзельнікаў саміту - а як жа быць з віскулёўскімі дамоўленасцямі аб узгодненасці рэформаў - Ельцын безапеляцыйна адказаў: - Вы мусіце ісці за Расіяй!” (с. 205). Былі і адмысловыя “жарты” ўжо “рускага цара-бацюшкі”, калі ён на банкеце на дзвесце асобаў па шырыні сваёй душы захапіўся пазабаўляцца ігрой на лыжках, стукаючы імі па сваіх каленях і па. лобе некаторых кіраўнікоў рэспублік, ведаючы, што тыя, шмат у чым залежныя, абурацца, але змаўчаць, нават будуць пачціва ўсміхацца (с. 335). Такі кіроўца рэспублікі не праміне мо і больш сурова пастукаць па лобе сваіх падначаленых...