Выбрать главу

Доўгачаканая Канстытуцыя Рэспублікі была прынятая толькі ўвесну 1994­га. На думку многіх, у ёй знайшлі месца правы кожнага грамадзяніна і асновы народаўладдзя, акрэслена ўстанаўліваліся статус прэзідэнта, значныя паўнамоцтвы ВС і яго Прэзідыума, Кабінета міністраў, прынцыпы правасуддзя і судовай сістэмы, мясцовага самакіравання, фінансавай сістэмы, нацыянальная сімволіка, беларуская мова зацвярджалася дзяржаўнай, руская - мовай міжнацыянальных зносін і інш. Толькі не ва ўсіх гэта выклікала энтузіязм, аптымізм, імкненне ў новую эпоху нашай гісторыі...

Адбыліся прэзідэнцкія выбары. Фактычна самы ўладны ў рэспубліцы Кебіч і папулярны сярод шматлікай інтэлігенцыі Пазняк іх не выйгралі. І, як у Расіі ў 1991-м, у нас таксама адразу ж пачалі мерацца сілай ВС і прэзідэнт. Як і было заведзена стагоддзямі: у каго моц, у таго і права.

Бураўкін, у гэты напружаны час вярнуўшыся на радзіму, атрымаў, на першы погляд, немалую, а на самай справе не вельмі ўплывовую пасаду намесніка міністра культуры і друку і не мог як след праявіць свой дар, пабольшаны вопыт дзяржаўнага мысліцеля ды арганізатара. А іменна такім мы пачулі яго на нашай першай сустрэчы з прэзідэнтам, які намерыўся, як падымала трывогу незалежная прэса, звесці нацыянальныя сімвалы і дзяржаўнасць беларускай мовы вылучыць на перагляд. Страта ёй статуса адзінадзяржаўнай пазбаўляла яе спрыяльных гарантый Закона “Аб мовах у Беларускай ССР” і Дзяржаўнай праграмы Савета Міністраў БССР ад 20 верасня 1990 г. па развіцці беларускай і іншых моў, зноў асуджала беларускую мову на савецкую міласць “волевыяўлення”. Дый тэзіс пра інтэграцыю з Расіяй быў не без перагляду нашага суверэнітэту: натуральна мець палітычныя, дзяржаўна-эканамічныя, навукова-культурныя сувязі з усімі краінамі на самым розным узроўні (заводы і фабрыкі, фірмы, міністэрствы, урад), але чаму менавіта такая асобная звязка пад такой фармулёўкаю? Па-лацінску паняцце “інтэграцыя” азначае “ўзнаўленне”, але пад ім здаўна бачылі “аб’яднанне” частак ці цэлага па аднатыповай мадэлі. То што нясе нам аднатыповасць і на палітычна-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, і на грамадска-культурнай, моўнай аснове - суверэнітэцкіх складніках? Прапагандай “яднання народаў” ці не спроба ўзнаўлення СССР, а то Расійскай імперыі з яе цэнтральным тэзісам “единственности и неделимости?” Што - Беларусі зноў доля быць першай, як пры пабудове камунізму, у своеасаблівай аб’яднаўчай справе, дзе яе роля будзе ўмоўная? Тым больш, што Ельцын і ягоныя прапагандысты чэпка ўхапіліся за гэтую перспектыву...

Лічу, на той сустрэчы выдатна выклаў свой погляд на рэчаіснасць, на многія аспекты нашага духоўнага жыцця У. Някляеў, не схібіў і я, але найперш Бураўкін - у кароткай прамове сцісла і ярка сфармаваў дзяржаўную платформу для нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва нашай краіны, перасцярог ад празмернага пакланення савецкай спадчыне (камуністычная сімволіка ў розных назвах, найменаванні вуліц, паркаў і сквераў імёнамі скампраметаваных дзеячаў, старыя догмы ў падручніках, усё яшчэ віслыя палотнішчы з лозунгамі тыпу “народ и партия едины” і інш.), прыцягнення тых, хто “ни в чём белорусском не замечен”, “камандзіраваных” і, у прыватнасці, вайскоўцаў, якія ў многім кантралююць не толькі вайсковую, але і ідэалагічную справу. У прыватнасці, ён назваў прысутнага палкоўніка З., які яшчэ нядаўна агрэсіўнічаў у Кебічавай камандзе і вызначыўся беспрынцыпнымі палітрукоўскімі ганеннямі на носьбітаў беларускасці, бачачы ў ёй толькі нацыяналізм і экстрэмізм.

Тая сустрэча была задумана так, што пасля прэзідэнцкага ўступу прамаўлялі са сваімі думкамі, прапановамі мы, а пасля зноў браў слова гаспадар уладнага кабінета, выказваўся наконт пачутага і па-сутнасці часткамі выкладаў сваю праграму эканамічнага, сацыяльнага, навукова-культурнага развіцця рэспублікі. Каб мы маглі пачуць яе загадзя, то, зразумела, былі б і карэктывы ў нашых выступлениях. Што да бураўкінскага, то прэзідэнт прызнаў: вялікія магчымасці Генадзя Мікалаевіча незапатрабаваныя. Справаздача пра сустрэчу і размову павінна была быць апублікаваная. Рыхтаваць тэкст было даручана старшыні Саюза пісьменнікаў У. Някляеву і палкоўніку З. Апошні, як і прадбачвалася, намагаўся выхаласціць з яе ўсё “негативное” - не толькі крытычнае, але і жыватрапяткое, надзённае, нацыянальна занепакоенае. Пазней ён выхалошчваў гэта будучы на чале розных ідэалагічных ведамстваў; ягоная нянавісць была такая, што нават на побытавым узроўні, як пісалася ў незалежнай прэсе, груба абражаў магазінных касіраў, калі тыя загаворвалі з ім па-беларуску... I такіх яго паслядоўнікаў было, ёсць нямала, яны любяць Беларусь (прыроду, гасціннасць, смачныя дранікі. Лёгкае працаўладкаванне на любую пасаду), і любілі б яшчэ больш, каб не гэтая, чорт яе пабяры, таптаная-ператаптаная, але трывушчая “мова”... Як сіпеў ад злосці, здаецца, падвышаны да генерала З., “ваш долбанный язык”.