Выбрать главу

Бураўкін затрымаўся ў вышэйназваным міністэрстве мала, пасля для кавалка хлеба знайшоў таксама на кароткі час працу ў часопісе “Вожык”...

Вось такі лёс таго, хто савецкай эпохай быў вылучаны, а новай адлучаны. Але гэта - не бязрадасная планіда называнага тут былога старшыні Прэзідыума ВС Т. Генадзь Мікалаевіч так не кане ў Лету: ён для многіх застаўся ў памяці як наватар тэлебачання, сканцэнтраваўся як паэт і яшчэ ярчэй засвяціўся сваёй зоркай на небасхіле нашай літаратуры. Новыя яго кнігі - узор высокай грамадзянскасці і майстэрскай мастацкасці. <…>

…Былы прэзідэнт Украіны Л. Краўчук напісаў вельмі змястоўныя і цікавыя ўспаміны са знамянальнай назвай “Маемо те, що маемо”. Так і мы.

...Яшчэ ў 1994-м, перажываючы за пэўнае вырашэнне нашага лёсу, Генадзь Бураўкін напісаў сваю “Малітву”:

Мы здалёку ўбачылі свабоду

I яшчэ не вырваліся з пут...

Божа,

Не дабаў майму народу

Пошасці,

Няпраўды

I пакут.

У чужым нялюдскім землятрусе

Хіба ў нечым мелі мы віну?..

Божа,

Адвядзі ад Беларусі

Здраду,

Вераломства

I вайну.

Смутнаю парою нелюдзімай,

Калі ўсё вакол ідзе на злом,

Божа,

Захіні маю Радзіму

Мудрасцю,

Спакоем,

I цяплом!

…Бураўкін быў з тых, хто мог многім нас захінуць.

2021 - 2022 гг.