Сапраўды, з пачутым і я не раз сутыкаўся. Асабліва тады, калі настаўнічаў на Барысаўшчыне і ўдзельнічаў на якім-небудзь сходзе ў Барысаве: многія з мясцовага начальства былі ініцыятарамі, нават вымагальнікамі той ганебнай устаноўкі (асабіста ад мяне не патрабавалі: “писатель”). Далей Генадзь Мікалаевіч расказаў пра тое, пра што я менавіта ад яго пачуў упершыню. У Маскве яго прыняў сам галоўны “правдинец” М. Зімянін. Азнаёмлены з тым закідам Бураўкіну, пасміхнуўся: мінскі звышпільнік - малакультурны чалавек. Не разумее: пісьменнікі асобная катэгорыя грамадзян, нават з вялікім талентам, але без любові да лепшага роднага, без глыбокага патрыятызму не былі б буйныя паэты Пушкін і Някрасаў, Купала і Колас, Твардоўскі са сваім “Васіліем Цёркіным”, Шолахаў з “Ціхім Донам”. Карацей, Бураўкіну даверылі, настроілі па-партыйнаму асвячаць поспехі і праблемы рэспублікі ў той час, калі былі запынены хрушчоўскія валюнтарысцкія выкрунтасы, калі таварыш Брэжнеў умацаваў стабільнасць у грамадстве ва ўмовах новай партыйнай лініі, не пераскоку ў камунізм, а ва ўмацаванні “развітога сацыялізму”.
Дык вось, ад Бураўкіна я ўпершыню даведаўся пра “справу Зімяніна”. Гэты таксама бураўкінскі зямляк, педагог па адукацыі выбіўся тут, на радзіме, пры Сталіне ў верхнія эшалоны рэспубліканскай улады (першы сакратар ЦК ЛКСМБ, міністр асветы, 2-гі сакратар ЦК КПБ). Пасля смерці правадыра па-свойму патрапіў у сіло змагароў блізкага сталінскага ядра за першынство. Тады адзін з рашучых пасягальнікаў на яго Берыя ўсклаў вялікія надзеі на падтрымку нацыянальных рэспублік. Дзеля гэтага заклікаў адмовіцца ад практыкі камандзіравання цэнтрам свайго абранца ў іх на ролю першай усеўладнай асобы, а вылучаць сваіх, мясцовых. Заклікаў да канстытуцыйных гарантый - у прыватнасці, да павышэння суверэнных правоў рэспублік ва ўсіх галінах дзейнасці, адраджэння, развіцця карэнных нацыянальных моў і культур. Нібыта хацеў выправіць тое, што і сам учыняў у 1930-я: таксама распраўляўся з тымі ў рэспубліках СССР, хто бачыў пабудову сацыялізму з нацыянальным улікам і каго цэнтр не толькі аб’яўляў “нацдэмамі”, шальмаваў як адступнікаў, дзяржаўных злачынцаў, але і загадваў выкошваць пад корань. Пра тое, як і ў чым магла тады абеларусіцца Беларусь, нашы даследчыкі доўга напаміналі мімаходзь. Бадай, з-за перасцярогі, каб на іх за гэта грозна не сыкнулі.
Бураўкін пра “справу Зімяніна” ўведаў ад Броўкі: той быў членам ЦК і прысутнічаў на тым няправільным для сталінскай гвардыі пленуме, калі менавіта другі сакратар падтрымаў названыя берыеўскія захады. Ясна, гэта само па сабе было супраць тагачаснага першага сакратара ЦК КПБ, чарговага камандзіраванага варага (да К. Мазурава ў нас першым сакратаром быў толькі адзін беларус. Каля года да вайны. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў бухарынскіх, яшчэ іншых злачынствах і расстралялі. Выконваць яго абавязкі прыслалі разанца В., які займаў невысокія пасады ў Сярэдняй Азіі, у райкаме Масквы, дарос да сакратара Маскоўскага камітэта ВКП (б). Адтуль - сюды, на “самастойную” рэспубліку. Павыконваўся тут ён мала, але паспеў, як я вычытаў нядаўна ў польскай прэсе, гучна адзначыцца. Скажам, блаславіў шматлюдны расстрэл “членаў контррэвалюцыйнай шпіёнскай “Польскай арганізацыі вайсковай”, якую нібыта ўзначальваў ксёндз Мінскага кафедральнага касцёла. Калі зацікавіцца асобай таго святара, то даведаешся: ён яшчэ ў 1920-я шкодзіў савецкай уладзе і тым, што дабіваўся... увядзення ў набажэнства беларускай мовы). А беларускую мову, навуку і культуру той вараг ашчаслівіў тым, што на адным з бюро ЦК КП(б) Б настояў на спыненні работы, фінансавання з 1934 года па падрыхтоўцы да выдання 10-томнай беларускай савецкай энцыклапедыі. Маўляў, гэтае выданне задумалі тыя, хто цяпер выкрыты за нацыяналізм, ворагі савецкай улады, то не трэба на іх злачынныя задумы траціць народныя сродкі.
Пра тое, як бесцырымонна Сталін распараджаўся лёсам нашай рэспублікі, можна прачытаць ва ўспамінах П. Панамарэнкі, надрукаваных пасля ягонай смерці ў “Нёмане ў № 3 за 1992 год. Панамарэнка расказвае, як яго, кубанца, нядаўняга радавога інструктара ЦК ВКП (б), які аднак вылучыўся па “навядзенні парадку” у падапечным Чалябінскім абкаме, меркавалі паслаць сакратаром Мурманскага абкама і даручыць “займацца рыбай”, але ў чэрвені 1938-га прывезлі ў Мінск сватаць на пасаду Першага. Тут ужо адбыўся чарговы з’езд рэспубліканскай партыі, але з Масквы забаранілі аб’яўляць вынікі галасавання па выбарах яе ЦК. На спецыяльным пасяджэнні сват, сакратар ЦК ВКП (б), заяўляе, што цяперашні і магчымы будучы кіраўнік рэспубліканскай партарганізацыі (В., выкараняльнік польскасці) не дацягвае да ўзроўню першай асобы, таму вырашана замяніць яго. І на спецыяльным пасяджэнні Панамарэнку адкрытым галасаваннем прысутных у парушэнне партыйнага статута ўводзяць у склад ЦК, а пасля зацвярджаюць першым сакратаром. Ніхто з мясцовых партыйцаў не запярэчыў (ацалелыя яшчэ былі ў жаху ад леташняга пагрому прыезджымі Маленковым і Яжовым рэспубліканскай партыйнай арганізацыі), а сам абранец, які дагэтуль амаль нічога не ведаў пра Беларусь (чуў толькі, па яго словах, што яна “богата болотами и заболоченными землями., в прошлом болота - источник бедности и нищеты, болезней и бездорожья”), у сваёй згадцы зусім не прызнаў сталінскае сваволі і сваёй нелегітымнасці, найперш пахваліўся найвышэйшым даверам да яго. (Галоўны страж рэспублікі, нейкі прыблуднік на пасадзе наркама ўнутраных спраў далажыў яму “абстаноўку”. У дакладзе адным з пунктам было сцверджана, што ёсць 41 факт таго, што Янка Купала - не проста адзін з вялікіх беларускіх паэтаў усіх часоў, агульнаславянская славутасць, а “один из лидеров нацдемовского движения в Белоруссии. Его нацдемовская деятельность начинается еще с 1908 года”. На Якуба Коласа быў прадстаўлены 31 данос у яго скрытнай нацдэмаўшчыне. Кажуць, Броўка расказваў пра абарону Панамарэнкам нашых класікаў перад самім Сталіным і той “ордэры замяніў на ордэны”. Сам Панамарэнка ў сваіх мемуарах пахваліўся пра сваё адстойванне да вайны некаторых раёнаў Брэсцкай вобласці ў складзе БССР і пра тое, што ў пасляваенны час угаварыў Сталіна не рэалізоўваць антыбеларускую ідэю Маленкова і не забіраць наш старажытны Полацк у склад РСФСР. Але пра тое, што пасля 1939-га выканаў сталінскі палітычны загад і асабіста на сесіі Вярхоўнага Савета СССР выступіў за перадачу асобных мясцовасцей беларуска-літоўскага памежжа Літве, забыўся ўспомніць).