Пасля вайны быў перыяд, калі ў БССР, як пазней пісалася ў броўкаўскай БелСЭ, “добраахвотнай і раўнапраўнай” рэспубліцы СССР, адразу дзве галоўныя пасады займалі прысланнікі. Чэкісцкія функцыі выконваў берыеўскі зямляк. Мо і таму, што над нядаўна акупаванай Беларуссю павінен быў быць надзвычайны назірк. У час названага пленума прыезджы кіраўнік паспеў ужо акапацца, расставіць на высокія пасады правераных службоўцаў з мясцовых. З усходніх нашых абласцей - адпаведна, выхаваных як сталінізмам, так і не зусім у беларускім духу. А значыць, верных і іхняму дабрадзею. Вылучэнцы адстаялі яго, чужынца, а значыць, і сябе пры ім. Пасля падзення Берыі ўпалі і яго дырэктывы. Зімянін-крамольнік быў вымушаны пакінуць рэспубліку і пры Хрушчове не мог атрымаць значнага партфеля. Толькі папку ў Міністэрстве замежных спраў СССР ды вакансію пасла. Вярнуўся на ідэалагічны алімп і пачаў падымацца ўверх пасля падзення Хрушчова. Зразумела, навучаным і правучаным, без ніякіх “заскокаў” ужо.
Як некалі люд казаў? Паны сварацца, а мужыка ў лоб б’юць. Вось так і ў нас выйшла: Берыю прыбралі і занядбалі яго прапазіцыі наконт павышэння суверэннасці рэспублік, функцыявання нацыянальных моў ва ўсіх сферах грамадства. Больш - наша, беларуская, яшчэ аказалася з-за Берыі без віны вінаватая. А калі крыху пазней Хрушчоў усё ж дазволіў стаць і старшынёй Савета міністраў, і першым сакратаром ЦК КПБ мясцовым, то за давер запатрабаваў пачаць ажыццяўляць яго амбіцыйную, у духу гогалеўскага Манілава задуму для пабудовы “коммунизьма”. А для гэтага неабходна было дагнаць і перагнаць ЗША па бідонах малака і мясных кумпяках, машынізацыі, то і нашай рэспубліцы трэ было “нарошчваць магутнасці”. Ды, як клінам убілася ў голаў Хрушчову, нельга было абысціся без паглыбленага атэізму, фармавання новага чалавека камуністычнага заўтра. Без ношкі мінулага, у тым ліку і без краёвага, нацыянальнага. Стаўка - на тып савецкага гамункула. Кінуў кліч: беларусы, малодшыя браты рускіх, пакажыце прыклад, іншым. У адцуранні ад свайго, у зліцці ўсіх моў у агульную інтэрнацыянальную. Удзячныя за вылучэнне нашы высокія кіроўцы казырнулі: ёсць! І пайшло-паехала зліццё (выліццё) розумаў. Наперагонкі. Ламаць - не шанаваць даўняе і не надбудоўваць або рамантаваць, забяспечваць яму працяг жыцця.