Выбрать главу

Працэс чарговай дэбеларусізацыі пайшоў са стратай, вялікай бядою: адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і яшчэ жывы класік яе Якуб Колас не мог не выказаць занепакоенасць такому працэсу па свядомым падрыве беларускай нацыі. Напісаў ліст у ЦК КПБ, дзе настойваў абразуміцца, не ўчыняць ганебнасці. Пайшоў з напісаным да сакратара па ідэалогіі, які лічыўся гісторыкам і сябрам народнага паэта. Але загадзя асвядомлены функцыянер “халоднай штампоўкі” гадзіну-другую... не прымаў члена ЦК, гонару нашага народа. Не столькі ад асабістай крыўды, колькі ад разумення ўжо хуткага новага і страшнага для Радзімы разбуральнага зла ў гэты ж дзень сэрца пажылога і хворага чалавека не вытрымала. Развітваліся з Якубам Коласам з вялікай пашанотай, але, пазбавіўшыся Вялікага Беларуса, узяліся дзейнічаць у антынацыянальным накірунку актыўней і бессаромней.

Як прызнаваў Бураўкін, праца для “Правды” была няпростая, але павучальная. Ён непасрэдна адчуваў, як пры брэжнеўскім супакоі хрушчоўскую адлігу сцінала стыласць: зацішвалася як выкрыццё сталінскіх злачынстваў, так і рэабілітацыя рэпрэсаваных (у нас нават першы старшыня савецкага беларускага ўрада Цішка Гартны палітычна апраўданы, г. зн., зноў стаўся “нармальным”, савецкім, як і некаторыя іншыя неабгрунтавана загубленыя, толькі ў 1988 годзе). Бураўкін сам бачыў, што па-ранейшаму ў сіле камандна-адміністрацыйны ўклад. Гутаркі пра сацыяльныя рэформы, НТР па-за ваенна-касмічнай сферай застаюцца гутаркамі. Растуць дэфіцыты на розныя прыстойныя тавары, а з імі буяе блат, здабыванне з-пад прылаўка. У вялікай сталіцы заводзіцца ”чорны рынак” са спекуляцыяй. Хвалёная кукуруза не зусім ратуе сельскую гаспадарку, уздыб цаліны не дае завалаў хлеба (наадварот, вырашана пачаць больш закупляць яго за мяжой). ЗША не толькі ва ўсім не перагналі, але і далёка адсталі. Па многіх параметрах - і ад іншых развітых капіталістычных краін. Лепшыя розумы ўжо тады зразумелі: “халодная вайна”, гонка ўзбраенняў высмоктваюць эканоміку, настае яе пагрозны спад, а за ім і накапленне многіх надзённых праблем. У вялікіх інтэлектуальных цэнтрах, Маскве і Ленінградзе, усё больш расце незадавальненне, што нельга пабываць за мяжой, самім паглядзець, як “гніе капіталізм”. Калі пры Хрушчове моўчкі “праглынулі” расправу з венгерскай рэвалюцыяй і рэвалюцыйнае выступленне рабочых у Новачаркаску, то цяпер пачуліся галасы асуджэння ўводу карных войск у Чэхаславакію для абароны там савецкіх стандартаў. Загаварылі пра савецкі таталітарны рэжым (у 1969-м я адбываў вайсковую службу ў Маскве, ва ўнутраных войсках МУС СССР, то ў гадавіну чэхаславацкіх падзей, будучы ў звальненні, на свае вочы бачыў купкі пратэстантаў, якіх тады мякка бралі пад рукі міліцыя ды цывільныя і зводзілі ад якогась помніка. Слова “мякка” ўжываю спецыяльна. Тады па названым міністэрстве строга забаранялася: а) брыдкасловіць і абражаць затрыманых, б) распускаць рукі. Хоць факт ёсць фактам: тады многіх зацікавіў, павабіў, а ўладу занерваваў феномен Салжаніцына з яго выкрывальнай лагернай тэматыкаю, з “искажением советской власти”, з заклікамі “жить не по лжи” і зваротамі ў сувязі з гэтым да кіраўнікоў партыі і ўрада. Іх выбівала з раўнавагі і не меншая ўнікальнасць славутага вучонага Сахарава з яго патрабаваннем гарантаванага Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека зароку недатыкальнасці на свой розум і на сваё сумленне, мажлівасці праваабарончай дзейнасці. Некаторых, як пазней стане вядома, пачалі “лячыць” у псіхбальніцах, саджаць. Але ў Мінск пра тое мала даходзіла, у нас кіпеў працоўны энтузіязм, выкананне павышаных сацабавязацельстваў, вымоўнае абурэнне не выходзіла далей кухні, прыходзілася жыць пад ціскам “развітога сацыялізму” з ягонымі прыапушчанымі ідэаламі: пацерпім, абыдземся тым, што ёсць, пачакаем, заўтра, калі выканаем мудрыя рашэнні гістарычнага з’езда партыі, з’ядзім больш і лепш, чым сёння. Крытыкі партыйнага курсу нават у замаскаваных байках не было, зводзіліся як паджанры публіцыстычна-літаратурныя памфлеты і фельетоны з палітычным падтэкстам. Пэўная крытыка асобных з’яў у галоўных цэнтральных выданнях, у “Правде” ды “Известиях”, насіла побытавы характар. Некаторыя падпраўкі па грамадска-дзяржаўным ладзе час ад часу выказваліся ў “Литературной газете” (скажам, у рубрыцы тыпу: “Калі б быў я дырэктарам”. Але тыя заўвагі і прапановы ўспрымаліся як прыватныя думка).

З праўдзінскім карэспандэнцкім пасведчаннем можна было шмат куды патрапіць, нават у кабінет Першага, а гэта спрыяла адчуванню пульса развіцця рэспублікі, магчымасці пабываць на многіх заводах, у сельскіх гаспадарках, сустракацца з самым розным чынавенствам, спазнаць іхні своеасаблівы свет з усімі нюансамі. Удасканаліць методыку паводзін, размовы з імі. Тым болей, што яго, бураўкінскія, равеснікі-“бодрячки”, пакідалі ўжо камсамольскія цеснаватыя кабінеты, пераходзілі ў больш прасторныя партыйныя, дзяржаўныя ў раёне, вобласці, сталіцы ды ўжо скоса пазіралі на засілле партызанаў-пенсіянераў, а некаторыя і на колькасную перавагу ўраджэнцаў усходніх абласцей. Машэраў уважліва абгледжваў вядомае яму па ранейшай дзейнасці камсамольскае поле (запасны фонд) і выбіраў найбольш здольных, а мо і ўвішных ды, на яго думку, надзейных на розныя адказныя абласныя і рэспубліканскія пасады. Не толькі рабочых і калгаснікаў, але і маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і актыўных на вытворчасці колькасней прымалі ў партыю, многіх школілі ў рэспубліканскай ці ўсесаюзнай партыйнай вучэльні, пасля таксама вылучалі на працу-абкатку ў партыйныя камітэты, а з іх - да кіруючых штурвалаў ва ўсе сферы. Карацей, быў немалы клопат пра гадоўлю апарата, што ўсё больш пераўтвараўся ва ўладную касту. Яе можна было пазнаць нават па адзенні: недаступным простым смяротным дарагім паліто і шапцы, аднаколерным зашпіленым на ўсе гузікі шыкоўным касцюме, беленькай кашулі і без ніякіх лёгкадумных акрас гальштуку. І па позірку: строгім, а то і жорсткім да падначаленага, ласкавым, паслужлівым да “хозяина”. Асабістае іхняе жыццё было прытоенае, толькі даходзіла, што асобныя “зрываліся на антымаральным”, паніжаліся па пасадзе, а то і з часам занепадалі. Нас, радавых літаратараў, першая асоба вобласці не прымала, раёна - рэдка і звычайна ў рабочым кабінеце з расказам пра поспехі падуладнай акругі, суправаджаў на літсустрэчах, пасля іх садзіўся разам за адзін стол звычайна інструктар. А калі сярод творцаў быў літкіраўнік або лаўрэат, - то і загадчык аддзела, зрэдку сакратар па ідэалогіі (звычайна жанчына). Усе, узятыя на службу па “чыстай” анкеце, захоўвалі партыйны этыкет, ніякай крамолы (а сярод яе нацыянальныя рэчы) не дапускалі, у вузкім коле дазвалялі сабе толькі анекдо­ты. Пра няверных мужа і жонку, армянскае радыё, дасціпнага Вовачку, зрэдзь пра Чапаева. Такіх самаініцыятыўных райкамаўскіх, райвыканкамаўскіх работнікаў, як пухавіцкі краязнаўца А. Прановіч, стаўбцоўскі ўшанавальнік мясцовых памятных мясцін, яркіх асоб навукі і культуры А. Грэкаў, было нягуста.